Праект партала
Тонус
05.04.2018 / 09:01
Як жыць, каб не атрымаць варыкоз і чаму ў жанчын ён узнікае часцей: гутарка з флеболагам3

Усё часцей на гэтую хваробу пакутуюць пацыенты маладога веку. Калі яе запусціць, можна нават страціць нагу. Гэта — варыкоз. Які лад жыцця трэба весці, каб прадухіліць захворванні, звязаныя з вянозна-лімфатычнай недастатковасцю, і што рабіць, калі хвароба вас усё ж закранула? Пра гэта нам распавёў доктар-хірург першай катэгорыі медыцынскага цэнтра «Ладэ» Уладзімір Паўленка.

— З якімі праблемамі да Вас звяртаюцца пацыенты? Якія найбольш цяжкія выпадкі?

— Найчасцей звяртаюцца з сасудзістымі зорачкамі, калі ёсць нейкія знешнія праявы хваробы, а таксама калі ёсць пэўныя ўскладненні. Большасць пацыентаў — менавіта жанчыны з сасудзістымі зорачкамі. Самыя цяжкія выпадкі, з якімі звяртаюцца людзі, — моцныя ўскладненні варыкозу: наяўнасць трафічных язваў, тромбафлебіты. У такіх выпадках ужо не абысціся без аперацыі.

— Вы сказалі, што большасць вашых пацыентаў — жанчыны. Чаму?

— У іх ёсць пэўная прыродная схільнасць да варыкозу. Акрамя таго, існуюць некаторыя фактары, якія правакуюць узнікненне ў жанчын вянозна-лімфатычнае недастатковасці. Напрыклад, цяжарнасць. Ну і, вядома, высокія абцасы.

— У якім узросце часцей за ўсё да Вас звяртаюцца людзі?

— Звычайна гэта жанчыны і мужчыны сярэдняга веку, але апошнім часам варыкоз пачаў «маладзець»: на яго ўсё часцей скардзяцца пацыенты больш маладога веку. Звязана гэта, канечне, з ладам жыцця — раней людзі былі больш актыўныя, а цяпер праводзяць шмат часу за камп’ютарам. Некаторыя мала займаюцца спортам, іншыя ж, наадварот, злоўжываюць. 

— Як мне зразумець, што трэба ісці да флеболага? Якія сімптомы вянозна-лімфатычнае недастатковасці?

— Варыкозная хвароба можа праяўляцца не толькі знешне. Першымі сімптомамі могуць быць кароткачасовы цяжар у нагах, болі і курчы ў ікраножных мышцах, ацёкі пасля працоўнага дня або працяглага знаходжання стоячы. Крыху пазней пачынаюць праяўляцца сасудзістыя зорачкі, а потым — і выяўлены варыкоз, калі вены выразна выступаюць над паверхней скуры і добра бачныя. У такіх выпадках прысутнічаюць ужо пастаянныя ацёкі, болі, цяжар у нагах.

— Да якога доктара трэба ў такіх выпадках звяртацца: адразу да флеболага ці спачатку да тэрапеўта?

— У нас прынята адразу звяртацца да хірургаў, бо такой спецыяльнасці як флеболаг у нашай краіне, па сутнасці, не існуе, і хваробамі вянозна-лімфатычнае недастатковасці займаюцца хірургі, якія спецыялізуюцца на флебалогіі. З першымі ж сімптомамі, наогул, можна звяртацца і да тэрапеўта — гэта агульнаеўрапейская практыка. Пры своечасовым звяртанні да доктара можна прадухіліць розныя ўскладненні.

— У чым небяспечнасць варыкозу, акрамя непрывабнага выгляду ног?

— Праз пастаянныя болі ў нагах горшае якасць жыцця чалавека. Найбольш небяспечныя наступствы — тромбафлебіты (глыбокіх і падскурных вен). Небяспечнымі ўскладненнямі могуць быць пігментацыя скуры, змены ў яе шчыльнасці і наяўнасці трафічных язваў. Яны цяжка паддаюцца лячэнню, але калі ўсё ж зажываюць, а чалавек не звяртаецца па аперацыю, то язвы вяртаюцца. Урэшце гэта можа прывесці і да ампутацыі канечнасцяў. 

— Ці бывае варыкоз на руках?

— Так, бывае. Больш за тое, існуе і варыкоз малага таза, пярэдняе брушное сценкі, прамежнасці. Такія віды варыкозу не настолькі выразныя, і іх прасцей лячыць лекамі або з дапамогай кампрэсійнай тэрапіі. Але часцей усё ж варыкоз праяўляецца менавіта на нагах, бо мае месца ўскладнены крывяны адток ад ніжніх канечнасцяў.

— Сасудзістыя зорачкі з цягам часу абавязкова «перарастуць» у варыкоз ці не?

— Не абавязкова. Гэта можа быць проста адным з праяўленняў вянозна-лімфатычнае недастатковасці. Паводле новай еўрапейскай класіфікацыі, існуе да пяці ступеняў захворвання, і сасудзістыя зорачкі адносяцца да першай ступені. Гэта можа і застацца адзіным праяўленнем варыкозу ў чалавека. Але ён павінен памятаць, што хвароба ў яго ёсць і яна можа пачаць прагрэсаваць. І калі на гэтай стадыі праводзіць нейкія прафілактычныя мерапрыемствы (прыём прэпаратаў, якія павышаюць тонус вянознае сценкі, кампрэсійная тэрапія ў выглядзе нашэння спецыяльных гольфаў, панчохаў падчас фізічных перагрузак), то ў далейшым хвароба можа і не развівацца. Самі ж зорачкі можна прыбраць з дапамогай мікрасклератэрапіі або лазернай тэрапіі.

— Як прадухіліць з’яўленне любой формы варыкозу, калі маецца спадчынная схільнасць да ўзнікнення гэтай хваробы?

— Для ўзнікнення захворвання патрэбныя правакуючыя фактары: цяжкія нагрузкі, праца, звязаная з працяглым знаходжаннем у адным становішчы. Для прафілактыкі дастаткова праяўляць больш актыўнасці. Напрыклад, калі вы пастаянна сядзіце за камп’ютарам, трэба час ад часу ўстаць, прайсціся. Карысныя таксама рэгулярныя пешыя прагулкі, кантрасны душ, кампрэсійная тэрапія, прыём вітамінаў, якія ўмацоўваюць вянозныя сценкі. Калі доўга стаіце на нагах, трэба рэгулярна перакачвацца з наска на пятку. Не варта сядзець, закінуўшы нагу на ногу.

Для жанчын будуць карысная прафілактычныя меры падчас цяжарнасці, а таксама адмова ад гарманальнай тэрапіі, напрыклад, супрацьзачаткавых прэпаратаў, бо яны негатыўна ўплываюць на вянозныя сценкі. Прычынамі ўзнікненне варыкозу могуць быць і курэнне, і злоўжыванне алкаголем.

— Як дыягнастуецца і лечыцца варыкоз?

— Асноўным метадам дыягностыкі, акрамя агляду, зараз з’яўляецца ультрагукавае даследаванне. У самых цяжкіх выпадках выкарыстоўваецца спіральная камп’ютарная тамаграфія, венаграфія.

Для лекавання хваробы на першых стадыях яе развіцця дастаткова выкарыстання згаданай вышэй кампрэсійнай тэрапіі, а таксама прыёму венатонікаў — прэпаратаў, што танізуюць сценкі венаў, а таксама вітамінаў, якія павышаюць здольнасць сценкі да расцяжэнняў. На этапе з’яўлення сасудзістых зорачак прымяняецца склератэрапія, празскурная лазерная каагуляцыя венаў, радыёхвалевая мікрасклератэрапія — гэта найбольш сучасныя метады лячэння. Калі ж ужо ёсць парушэнні вянознае сценкі ў выглядзе расшырэння, недастатковасці клапанаў, выкарыстоўваецца эндавянозная лазерная каагуляцыя, радыёчастотная каагуляцыя і склератэрапія пад УГД-кантролем, а таксама мініфлебэктамія, калі адбываецца выдаленне часткі вены праз пракол спецыяльным інструментам з мінімальным пашкоджаннем паверхні скуры. Усё гэта праводзіцца пад мінімальнай анестэзіяй, і пацыент можа быць выпісаны ўжо ў гэты або наступны дзень. У найбольш цяжкіх выпадках ужываецца механічнае выдаленне вены — паўнавартасная аперацыя.

— Як вы ацэньваеце якасць лячэння хваробаў, звязаных з вянозна-лімфатычнай недастатковасцю, у Беларусі?

— На Захадзе лячэннем падобных хваробаў малаінвазіўнымі метадамі заняліся крыху раней, чым у нас. Але на сёння ў Беларусі методыкі лячэння нічым не адрозніваюцца ад еўрапейскіх: у нас тое ж самае абсталяванне, пры гэтым нешта нават вырабляюць у нашай краіне, напрыклад, лазеры. Да нас прыязджаюць і з суседніх краін, бо тут лячыцца танней. Асноўнымі ж праблемамі з’яўляецца звяртанне людзей у клінікі на позніх стадыях захворвання, калі лячэнне малаінвазіўнымі метадамі малаэфектыўна. Калі на Захадзе людзі стараюцца звяртацца да дактароў на пачатковых стадыях хваробы, то ў нас палова пацыентаў — гэты тыя, каму ўжо патрэбна аперацыйнае ўмяшальніцтва.

Гутарыў Ілья Параскевіч

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура