Праект партала
Дома
29.03.2018 / 09:06
«Ма, купі айфон». Што казаць і як сябе весці, калі дзіця просіць дарагую рэч14

Набываць? А можа гэта будзе толькі ў шкоду? Як мякка, проста, зразумела патлумачыць дзіцяці, што матэрыяльнае, бяздушнае — гэта зусім не галоўнае! І што ў жыцці цаніць трэба зусім іншыя рэчы.

Разам з кампаніяй МТС [якая ў межах праекта «Дзеці ў інтэрнэце» развівае культуру карыстання смартфонам і інтэрнэтам сярод маленькіх беларусаў] мы звярнуліся да псіхолага Цэнтра паспяховых адносін Ганны Ефрэмавай і папрасілі яе даць парады, падзяліцца правільнымі, праверанымі, бяспечнымі схемамі паводзін у распаўсюджанай сітуацыі, прыведзенай вышэй.

«Ніна»: Бацькі хочуць як найлепш, калі набываюць сваім дзецям усё самае лепшае, самае дарагое. Але ці заўсёды гэта добра?

Ганна Яфрэмава: Я лічу, што не заўсёды. Чаму? Таму што гэта размова пра каштоўнасці. Якія каштоўнасці ў сям’і, такія ж будуць і ў дзяцей.

Калі мы гаворым пра каштоўнасці як пра нешта матэрыяльнае, то гэта проста спосаб спаборніцтва, па вялікім рахунку. Калі дарослыя перадаюць іх дзецям, што выходзіць? Бацькі зарабляюць грошы, а іх сыны ці дочкі — не. Яны пераймаюць каштоўнасці бацькоў, але не нясуць за іх адказнасць.

Гэтае спаборніцтва ў выпадку, калі ў дзіцяці чагосьці няма, фарміруе ў яго заніжаную самаацэнку, бо яно не можа зарабіць самастойна і залежыць ад грошай бацькоў. Нядобра гэта. Добра — гэта калі ў сям’і ёсць эмацыйная блізкасць паміж бацькамі і дзецьмі, калі яны могуць абмяркоўваць свае пачуцці, эмоцыі, думкі і фарміраваць каштоўнасці на больш дарослай аснове, больш жыццёвыя, сапраўдныя. Тады самаацэнка дзіцяці фарміруецца на аснове яго асабістых якасцяў і здольнасцяў.

«Ніна»: Як жа навучыць дзіця цаніць вось гэтыя сапраўды важныя духоўныя рэчы, а не матэрыяльныя?

ГЯ: Вельмі проста — сваім прыкладам. Дзеці бяруць ад бацькоў нават пэўныя невербальныя асаблівасці. Тое, як яны ставяцца да іншых, як ставяцца да саміх сябе, як ставяцца адно да аднаго, ад чаго прыходзяць у захапленне, што для іх важна. Дзеці — люстэрка бацькоў. Калі ў дзяцей ёсць нейкія праблемы, дарослым трэба найперш паглядзець на сябе, сваё душэўнае здароўе неяк скарэктаваць.

Калі бацькі кажуць пра духоўныя каштоўнасці, а для іх маюць вагу ўсё ж такі найперш матэрыяльныя, то дзіця гэта адчуе. І тут выхоўвай, не выхоўвай — нічога не зробіш.

Яшчэ бацькам варта не забываць дзяліцца сваімі ўласнымі дасягненнямі са сваімі дзецьмі, гаварыць пра іх. Каб дзеці ведалі, што бацькі паспяховыя. І, канечне ж, трэба больш хваліць сыноў і дачок, падкрэсліваць пазітыўныя моманты. 

«Ніна»: Банальная сітуацыя. Прыходзіць дзіця і кажа: «Мам, пап, я хачу новы айфон, такі, як у майго аднакласніка». І вось што рабіць бацькам, калі тэарэтычна яны могуць набыць гэты айфон?

ГЯ: Тут мусіць ісці выхаванне і прывіванне дзіцяці каштоўнасцяў з маленства, тады і не будзе такіх думак, маўляў, «не будзе айфона — канец».

Калі дзіця просіць, то гэта проста размова. Яму для чаго патрэбны айфон? Каб яго прыняў соцыум, дзе, напрыклад, глядзяць на адзенне, гаджэты і гэтак далей. Калі раптам дзіця не прымаюць, то ў яго падае самаацэнка. І тут я б звярнула ўвагу на тое, каб прывіваць яму ўпэўненасць, лідарскія якасці. Чаму?

Любое грамадства, нават калі ў дзіцяці няма айфона, але ёсць дарослая самаацэнка, упэўненасць у сабе, веды і сіла, яно яго не адрыне. З айфонам можа быць лягчэй, але пасля ўсё адно давядзецца сустрэцца са сваёй слабасцю і залежнасцю ад грошай бацькоў. Гэта шлях у нікуды.

Калі сітуацыя вострая, то трэба пагутарыць і дамовіцца, які і за якую разумную цану набываць тэлефон.

«Ніна»: А што трэба казаць дзіцяці? «Мы не можам набыць гэты тэлефон»? Або тлумачыць, што абсалютна не мае значэння, які смартфон?

ГЯ: «Гэта не важна», «гэта не мае значэння», канечне, казаць можна. Дзіця, можа, і само гэта разумее, але самаацэнка ў яго падае, бо гэтых рэчаў няма. Казаць, што «мы не можам»? Тут усё проста: калі мы не можам, мы не набываем. Трэба тлумачыць сітуацыю.

Калі гаворка пра падлетка, то варта казаць і пра тое, што ёсць магчымасці зарабіць. А яны ёсць заўсёды, хаця б палову патрэбнай сумы. Гэта таксама спосаб перадаць адказнасць, паказаць, дзе сапраўдная сіла дзіцяці, дзе ён можа праявіць сябе. Але зноў жа — гэта ўсё выхаванне, глеба рыхтуецца яшчэ ад першых класаў, калі не раней.

Для любога дзіцяці самае важнае — бацькі. Як яны сябе паводзяць, на што звяртаюць увагу — вось гэта мае значэнне. Калі бацькі хочуць неяк дапамагчы дзіцяці, то я лічу, што найлепш накіраваць яго на спецыяльныя камунікацыйныя ці лідарскія трэнінгі, дзе б ён адчуў сябе больш упэўнена, дзе б атрымаў тыя веды, тыя навыкі, якія дапамагаюць праявіць сябе ва ўмовах класа.

«Ніна»: І тут яшчэ ўзнікае пытанне кішэнных грошай: даваць шмат ці абмяжоўваць?

ГЯ: Ёсць такая практыка, калі на бацькоўскіх сходах дарослыя вырашаюць, колькі будуць у сярэднім даваць грошай дзецям. Яны проста дамаўляюцца. Гэта, канечне, ідэальны варыянт.

Асабіста я лічу, што трэба даваць столькі грошай, колькі дзіцяці неабходна для задавальнення асноўных патрэб: паесці, схадзіць у кіно. Але, зноў жа, трэба дамаўляцца з дзіцём. Калі яно хоча нешта буйное набыць, можна прапанаваць зарабіць. Я супраць таго, каб занадта шмат даваць на штодзённыя патрэбы, бо дзіця прызвычайваецца і яму пасля хочацца ўсё больш і больш. Гэта таксама пэўная залежнасць, бо ў далейшым узнікае «ломка» ад недаатрымання чарговай пажаданай сумы і агрэсія ў бок бацькоў.

«Ніна»: Як навучыць дзіця не крыўдзіць іншых, а ставіцца да кожнага чалавека з павагай?

ГЯ: Калі так разабрацца, то насамрэч у шчаслівага, задаволенага жыццём чалавека няма патрэбы прыніжаць іншых. Калі дзіця гэта робіць, значыць, яно не можа справіцца з нейкімі сваімі пачуццямі, эмоцыямі, перажываннямі. І гэта зноў жа адносіны з дарослымі. Бацькам дзіця не можа адказаць, калі ў іх адносінах ёсць праблемы, але яно можа перанесці агрэсію на іншых дзяцей. Трэба з бацькамі працаваць. Дзіця нельга навучыць, дзіця можна толькі зрабіць шчаслівым. А шчаслівым яго робяць бацькі, калі прымаюць і падтрымліваюць.

Варта таксама гаварыць з настаўнікамі, бо дзіця ў школе праводзіць шмат часу. Я, напрыклад, званіла класнаму кіраўніку і прасіла выдаткаваць хаця б 15 хвілін, каб пагутарыць менавіта пра маё дзіця. Гэта таксама мае значэнне.

І, канечне, размаўляць з дзіцём, цікавіцца яго пачуццямі, эмоцыямі, планамі, падтрымліваць яго. Дзеці вельмі ўразлівыя ў сілу ўзросту. Вось гэтая ўразлівасць і кампенсуецца дарагімі айфонамі і гэтак далей. Бо гэта ж так проста: надзеў дарагія рэчы, узяў айфон, пайшоў і нібыта няўразлівы. Але ўсё гэта ілюзія. Трэба закладаць каштоўнасці дзіцяці, пакуль гэта школьны, падлеткавы ўзрост, яшчэ стартавая пляцоўка жыцця. Каб было лягчэй адаптавацца ў дарослым жыцці, трэба трэніравацца ў больш бяспечным асяроддзі, як тая ж школа. Гэта добры палігон для дзеянняў.

Бацькам трэба асабліва звяртаць увагу на эмацыйную блізкасць з дзіцём, на тое, каб быў давер, над гэтым трэба працаваць усёй сям’і.

Чытайце таксама:

Мінчанка распавяла, як вучыць 9-гадовую дачку бяспечна карыстацца смартфонам

Правілы паводзінаў у сацыяльных сетках [так, яны ёсць]

Nina.nn.by

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура