Праект партала
Накіпела
22.03.2018 / 15:00
Бацькі дабіліся, каб у бланку запісу дзяцей у садок з'явілася графа «пажаданая мова навучання»18

21 сакавіка, роўна праз месяц пасля папярэдняй сустрэчы, бацькі беларускамоўных дзяцей зноў прыйшлі на прыём да намесніцы міністра адукацыі Раісы Сідарэнка.

Бацькі, што прыйшлі на прыём у Міністэрства адукацыі. Фота са старонкі Аляксандры Баярынай у фэйсбуку.

Месяц таму пасля сустрэчы з бацькамі Міністэрства адукацыі накіравала ліст у выканкамы «Аб пашырэнні магчымасцяў атрымання адукацыі на беларускай мове ва ўстановах дашкольнай адукацыі». У лісце — даручэнне дадаць графу «пажаданая мова навучання» ў бланкі, якія запаўняюць бацькі, калі прыходзяць у «Адно акно», каб запісаць дзіця ў чаргу ў садок.

Да сакавіцкай сустрэчы бацькі паспелі праманіторыць сітуацыю па краіне, як адрэагавалі гарадскія і раённыя ўлады на ўказанне Мінадукацыі.

Ім прыйшло 36 адказаў з раёнаў. У дзесяці гаворыцца, што графа ўжо дададзеная, але з іншых 24 адказаў вынікае, што ніякіх зменаў пакуль няма.

Калі акрэсліваць сітуацыю па Мінску, то за выключэннем Маскоўскага і Кастрычніцкага раёнаў зрухі ёсць. Дзе-нідзе дадалася адмысловая графа, дзе-нідзе мову просяць указваць у заўвагах ці пазначаць у дужках адразу ля нумара садка.

Райвыканкамы, якія адказваюць, што пажаданую мову навучання не фіксуюць, спасылаюцца на славутую пастанову Мінадукацыі №234 «Аб парадку пастаноўкі на ўлік дзяцей, якія маюць патрэбу ў накіраванні ва ўстанову адукацыі для атрымання дашкольнай адукацыі». У гэтай пастанове не напісана, што мусіць быць асобная графа, дзе можна пазначаць, на якой мове мусіць весціся навучанне.

Раней бацькі выступілі з рэзкай крытыкай гэтай пастановы, якая пазбаўляе іх дзяцей магчымасці вучыцца на той мове, якую яны чуюць ад нараджэння.

«На апошняй сустрэчы мы спрабавалі высветліць, як цяпер будуць паведамляць пра новую магчымасць дапісаць у бланк пажаданую мову навучання тым бацькам, якія раней стаівілі дзяцей на ўлік, яшчэ па старых правілах, — тлумачыць Аляксандра Баярына, актыўная мама, якая ўдзельнічала ў дзвюх сустрэчах з намесніцай міністра адукацыі.

— Атрымліваецца, бацькі ўсіх тых дзяцей, якія нарадзіліся сёлета ў сакавіку, ужо могуць адразу пазначыць мову навучання, у іх пра гэта спытаюць. Але як быць з бацькамі, што запісваліся ў папярэднія гады? Я, напрыклад, стала на чаргу летась, нехта стаў два гады таму, нехта — тры. Усе нашы дзеткі ў гэтым верасні пойдуць у садкі. Але мала хто з бацькоў ведае, што цяпер можна пазначыць і мову навучання. Мы пыталіся на прыёме ў Раісы Сідарэнкі, як гэтыя бацькі даведаюцца пра такую магчымасць, і пачулі, што гэта будзе напісана на сайце. Толькі ж хто чытае сайт? Цяпер можна прыйсці ў аддзел адукацыі і дапісаць у раней запоўненым бланку пажаданую мову, але ж хто і як дазнаецца пра тое, што трэба некуды ісці?».

Аляксандра кажа, што цяпер для яе і іншых бацькоў галоўнае пытанне, як будзе і ці будзе ўвогуле выконвацца даручэнне Мінадукацыі па фіксаванні запытаў наконт мовы навучання дзяцей пры пастаноўцы на чаргу ў садок. Бацькі спадзяюцца, што іх пажаданні ўсё ж будуць улічвацца, тады гэта рэальна можа паўплываць на сітуацыю з дашкольным навучаннем і выправіць відавочны перакос у колькасці рускамоўных і беларускамоўных садкоў.

НР

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура