Праект партала
Гісторыі
22.03.2018 / 12:40
«З партрэта Сталіна зрабілі фіранкі, а карову хавалі ад партызан у хаце». Вяскоўкі згадваюць ранейшы побыт 15

Чаму печ ставілі насупраць вакна, як ратаваліся ад пажару іконамі і што гатавалі на вяселле ў беларускай хаце больш за паўстагоддзя таму? Беларускі, якія нарадзіліся, калі вай-фая і электрапрыбораў не было нават у фантазіях, згадваюць, якой была хата іх дзяцінства.

Часлава Квач, 79 гадоў

Ярка жоўтая хата Чаславы, як амаль і ўсе дамы ў вёсцы, глядзіць на галоўную вуліцу Латыгаля (Глыбоцкі раён) прыгожым ганкам з акенцамі-ромбамі. Але гаспадыня сустракае нас праз уваход з двара са сціплымі нізкімі дзвярыма, дзе трэба нават троху прыгнуцца, каб прайсці. Часлава здзіўляецца пытанню, чаму парадны ганак зачынены, і пачынае сваю экскурсію па хаце.

— Мы там як не хадзілі, так і не ходзім. Нават не ведаю, нашто ён. Усе будавалі, вось і мы. Сусед іх шпакоўнямі называў. Спачатку там нават дзвярэй не было. Прарэзалі для гасцей, калі дачка замуж ішла. А самі не прывыкшыя: дзе вёдры, хлеў, там і ходзім.

Чытайце таксама: Сакрэты маладосці бабулі-рэкардсменкі з Крычава: «У мяне 10 унукаў і 24 праўнукі — даты нараджэння ўсіх ведаю на памяць!»

Не да прыгажосці было, толькі што бялілі да святаў і хату, і печку. На Вялікдзень сходзім у лес, ялінак назбіраем, пазасоўваем пад столь, паміж ложкамі. Кветак з поля прынясём, дужа яны пахлі ўвечары. Жылі, як у лесе. Сцены з бярвення, іх жа ніхто не клеіў тады. Замест падлогі — ток, зямля ўтрамбаваная.

Холадна было без падлогі. Старыя ў лапцях хадзілі. Анучкі белымі вяроўкамі ўкруцяць і пайшлі. А я помню, малая была. Ужо восенню якой мама прадзе, а я стаю набасанож на зямлі. Ногі чырвоныя, як бурачкі, і ўсё роўна гуляю з гэтым пяском. Тады амаль у кожнай хаце дзеці хварэлі, паміралі.

Часлава Квач яшчэ памятае, як у хатах замест падлогі быў ток — утрамбаваная зямля.

Потым, калі сталі класці падлогу з дошак, мужчыны напачатку не давалі яе мыць, каб не згніла. І мы толькі перад святам наліём вады і шкрабем рыдлёўкай гэтую падлогу, аддзіраем бруд. 

Старая «руская» печ у хаце Чаславы Квач.

Як хату будавалі ў 1960-х, з тых часоў і печ стаіць. Мы яе толькі пліткай абклалі, а раней проста бялілі. Тут усе ставілі вялікія «рускія» печы. У якую хату ні зайдзі, спачатку печ, паралельна ёй іконы, а пад імі вялікі стол.

Печку заўсёды ставілі насупраць вакна. Днём відаць было, калі гаршчкі з печы даставаць. А вечарам ад агню і на вуліцы трохі святлей, лямпу заўсёды ж не запаліш.

Часлава традыцыйна накрывае падушкі белым узорным покрывам.

Пад печкай кураняты жылі. Саб’юцца разам, грэюцца. Зімой і курэй пад ложак пускалі жыць. Кожны дзень вымецем, вычысцім, пяском пасыплем і зноў пусцім. Як авечка акоціцца зімой, то таксама ў хату бралі. Баранчыкі смешныя, брыкаюцца, мы з імі гуляем, авечка бляе на ўсю хату.

Каты ва ўсіх былі, а то мышы б заелі. І сабакі на двары. У вайну нават карова жыла ў чыстай хаце, мы яе так ад партызан хавалі.

Падчас вайны сям’я Чаславы Квач нават карову трымала ў хаце.

Моніка Барыла, 92 гады

Моніка жыве ў вёсцы Дзеркаўшчына з пачатку 1960-х гадоў, калі яе сям’я была вымушаная выехаць сюды з хутара, бліжэй да калгаса. Гаспадыня разам з катом ужо шмат гадоў дзеліць невялікі пакой з печкай, а светлую і вялікую, але халодную спальню адчыняе толькі для гасцей.

— Тады з хутара амаль што сілай выганялі. Трэба было пераязджаць, а грошай на новую хату не было. Таму разабралі старую, загрузілі на сані ад трактара і паехалі. Але ўсё роўна прыйшлося браць крэдыт, потым у калгасе адраблялі.

Вось гэтая цямнейшая ікона яшчэ з хутара. Дзед быў, калі набывалі, яна старэйшая за мяне. Тут і хрысцяць, і спавядаюць, і вянчаюць. Была яшчэ ікона Святой Агаты. Яна ад пажару вельмі добра. Калі гарыць, трэба з ёй хату абляцець, каб агонь не разыходзіўся. Гэта ж цяпер усё па-навуковаму, а тады прыдумлялі. Але і правільныя людзі былі, жыццё ведалі.

Калі тая ікона развалілася, я яе ў печ і ўкінула. Усё святое трэба паліць, ніколі не выкідаць, каб не валялася са смеццем.

Раней у нас вялікі стол стаяў. Яшчэ цёмна, а ўжо снедаем. На сняданне і бульбу, і бліны гатавалі. Але самы вялікі быў абед. На першае абавязкова нешта кіслае — боршч з бацвіння, квас ці капуста (яе на зіму вялікую бочку ставілі і ўсё з’ядалі). На другое — прэсная бульба ці бліны, на трэцяе — крупы бялёныя. Увечары, як падберымся, скаціна прыйдзе, тады і вячэраем. Звычайна тым, што з абеду засталося.

Стол абавязкова засцілалі тканым абрусам, і ў цэнтр ставілі талерку ці патэльню з ежай. Мы тады ўсе з адной міскі елі, посуду амаль не было. Цягалі з цэнтру рукамі ці лыжкамі. Лыжкі драўляныя былі, у кожнага свая.

Нават на вяселле ў вялікіх місках ставілі якую капусту на стол. І з гэтых місак усе ядуць, чалавек восем з кожнай. Лыжкамі толькі цягаюць, на абрус наліюць. Яго потым павешаюць каля печы, каб высах, закарэў. І чарак не было. Можа, якая адна на дзесяць чалавек. Патроху ў яе наліваюць і адзін аднаму перадаюць.

А на вяселле мяса навараць, напякуць сухароў, булак, зробяць сыр з маслам, вось і стол. Як летам, то яшчэ зялёную цыбулю ставілі, а зімой — капусту кіслую. Хто ідзе на вяселле, дык сыр і масла нясе. Як гэтага сыра прыносілі шмат, то з яго пяклі сырнікі і сушылі на ўсю зіму.

А людзей столькі было на вяселлях! Гэта цяпер ніхто няпрошаны не прыйдзе, а раней усе прыходзілі. Стануць у дзвярах і глядзяць.

Сцежка да ганку Монічынай хаты ўжо даўно зарасла, жанчына карыстаецца толькі чорным ходам.

Таццяна Мяшкоўская, 68 гадоў

Таццяна ўсё жыццё працавала ў бібліятэцы ў вёсцы Азярцы, а ў 1996-м годзе вырашыла стварыць там музей этнаграфіі. Яна сабрала ў аднавяскоўцаў рэчы, без якіх немагчыма было абысціся яшчэ пару дзясяткаў гадоў таму, і ператварыла адзін з бібліятэчных пакояў у беларускую хату, каб паказваць школьнікам, як яшчэ нядаўна жылі іх бабулі і дзядулі.

— Мы большасць рэчаў з адной хаты прывезлі. Толькі печку самі пабудавалі. А як я па мясцовым радыё пра музей расказала, людзі самі сталі прывозіць, што ў іх захавалася. Ложак драўляны аддалі, люльку, якой сто гадоў, і шмат усяго яшчэ.

Ложак у нас, праўда, маленькі, амаль што для дзіцяці. Звычайна яны вялікія былі, каб па двое, трое дзяцей спалі. Ложак, каторы больш пекны, ля сцяны ставілі на бачнае месца. І калі ў хаце была дзяўчына, то гэта ўжо яе быў. І падушак шмат накладуць адну на адну.

Усе здзіўляюцца, што за фіранкі ў мяне. А гэта з паперы, так і раней выразалі, хоць ніхто не вучыў. І мама мая так выразала. Толькі паперы не было, з плакатаў рабілі. Неяк яна выразала з плаката са Сталіным. Участковы прыйшоў, сказаў: «Здымі ты, Надзея, гэтую фіранку, а то Сталіну ж твар выразала».

Фіранкі з паперы ў Музеі этнаграфіі ў вёсцы Азярцы.

Зёлак шмат сушылі, яны прыемна пахлі. Але мацнейшы пах быў ад хлеба. Калі ў якім доме хлеб пяклі, то пах быў на ўсю вёску, здалёк можна было зразумець, у якой хаце ён гатуецца. Можа, зерне было такое.

Усё накрывалі абрусамі: і стол перад тым, як есці, і хлеб, і вёдры з рондалямі — бо мух жа столькі лётала.

А ўсе гэтыя абрусы самі і ткалі. Усю зіму жанчыны сядзелі па хатах, пралі, ткалі. Каб весялей было, хлопцы прыходзілі. Калі скублі пёры для падушак, хлопцы пачыналі жартаваць, што ім блага, і ўздыхалі моцна. Пёры лётаюць па ўсёй хаце, дзеўкі крычаць. Добра было, весела.

Больш за ўсё чакалі святаў. Такія гэта вясёлыя былі дні. Булкі пяклі, сахарам іх намазвалі. А яшчэ была ў нас такая гарбата ў брыкеціках, з яблыкаў, жмыху. Іх бацькі хавалі на паліцу, каб мы не дасталі. А мы ўсё роўна лазілі. Я неяк па радыё пра гэтую гарбату расказала. На наступны дзень сустракаю знаёмых жанчын, гавораць, што заснуць не маглі, усё гэтую гарбату ўспаміналі.

Ад чырвонага кута разыходзіліся вялікія даўгія лавы на дзве сцяны. Іх жа зрабіць лёгка — калодка, дошка і гатова. Хто багацейшы, так і пафарбуе яе, а бяднейшы так і пакіне. На лаве і паспаць можна было. Жабракі амаль кожны дзень прыходзілі, вядома, ніякай пенсіі ж не было. Часам пускалі іх пераначаваць на лаве ці кавалак хлеба давалі.

У нядзелю пасля касцёла нехта ў ягады пойдзе, нехта на лаве сядзе пагаварыць. Хоць і хутары былі, часта на сяло прыходзілі адзін да аднаго. А вечарамі танцавалі. Няхай і рана ўставаць, не стамляліся. Маладыя былі.

Чытайце таксама: Гісторыя япаніста Сяргея і бабулі Клары, якая жыве вышыўкай і верыць у народную медыцыну

Юлія Барыла, фота Ганны Грынкевіч

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура