Праект партала
Навокал
21.03.2018 / 19:34
«Людзі не вераць, што гэта па сваім жаданні». Расказваем пра бацьку чацвярых дзяцей, які адкрыў у Віцебску беларускамоўную кавярню15

7 сакавіка ў Віцебску адкрылася новая кавярня «Зорачкі». На дзіва для многіх наведнікаў гандлёвага цэнтра «Энергія» — з беларускамоўным афармленнем і беларускамоўным гаспадаром — 36-гадовым Арцёмам Савіным. «Гэта вас у выканкаме прымусілі так назвацца?», — пытаюцца тыя, хто зазірае сюды па гарбату ці блінцы ўпершыню. І Арцём спрабуе пераканаць іх у тым, што падтрымліваць беларускую культуру можна і па ўласнай ініцыятыве, без нейкіх прымусаў.

Пра тое, што ў Віцебску адкрылася новае міні-кафэ, мы пісалі раней. Цяпер жа стэлефанаваліся з гаспадаром «Зорачак» і распыталі пра яго новы бізнэс падрабязнасці.

Арцём Савін з жонкай Таццянай. Хлопец аднойчы проста ўбачыў яе ў гандлёвым цэнтры, доўга не вырашаўся падысці. Але дзякуючы яго смеласці з 2008 года яны — сям'я.

Арцём расказаў, што гэтая кавярня — ужо не першы яго крок у сферы грамадскага харчавання. Да «Зорачак» у яго было яшчэ адно кафэ, працаваў ён калісьці і проста ў рознічным гандлі. Хлопец рана пачаў самастойна зарабляць грошы. Кажа, што сям’я была не вельмі забяспечаная ў матэрыяльным плане, таму нават у пытанні паступлення ў навучальную ўстанову можна было разлічваць толькі на сябе.

«Я ўсё дзяцінства займаўся спортам, добра плаваў. Думаў, што звяжу з гэтым жыццё, нават вывучыўся на трэнера па водным пола. Аднак пасля арміі не вярнуўся ў гэтую сферу: атрыманыя раней траўмы не далі аддаць сябе спорту цалкам», — расказвае Арцём. Так прыйшлося зноў шукаць сябе і паспрабаваць распачаць сваю справу.

Цікава, што першая кавярня Арцёма была, як ён сам кажа, прарасійскай: з хахламой, матрошкамі і іншымі дэталямі, якія так любяць турысты з Расіі. Але ў апошнія гады жыцця хлопец стаў больш цікавіцца менавіта нашай культурай, таму фармат будучай кавярні быў вызначаны загадзя.

Савіны ў зборы. 

Арцём згадвае: «Я стаў усё часцей задавацца пытаннем, чаму ў Беларусі ўсё так дрэнна ў плане мовы, гісторыі, культуры. Было вырашана паляпшаць гэтую сітуацыю хаця б сваімі дзеяннямі. Праўда, спачатку было страшна, што мяне не зразумеюць. Віцебск, наколькі я магу рабіць высновы як яго карэнны жыхар, вельмі рускамоўны, тут амаль не сустрэнеш тых, хто размаўляе інакш. Аднак я рызыкнуў».

Хлопец робіць усё сам: і кіруе працэсам, і пячэ блінцы. Кажа, калі жывеш у вялікай сям'і, накарміць пасля хоць натоўп — зусім не праблема.

Наведнікі новай кавярні падзяліліся: адны падтрымліваюць зададзены беларускамоўны кантэкст, а іншыя ўпэўненыя, што гаспадара прымусілі абраць такую назву і стыль у выканкаме. Праўда, навошта гэта магло быць патрэбна выканкаму — пытанне.

Арцём кажа, што ўжо ў курсе, што некаторыя пазіцыі меню ў яго напісаныя з памылкамі. Ён просіць не звяртаць увагі: перакладаў сам з дапамогай «Скарніка», бо толькі вучыць беларускую мову. І абяцае выправіцца.

На пытанне, ці не страшна яму было зноў улівацца ў не заўсёды ўдзячную сферу грамадскага харчавання, Арцём адказвае, што бацьку чатырох дзяцей ужо нічога не страшна. Дома яго чакаюць тры дачкі (старэйшай хутка споўніцца 8 год) і жонка з малым сынам, таму баяцца няма калі, трэба дзейнічаць.

Кацярына Карпіцкая, фота з архіваў сям'і Савіных

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура