Праект газеты
Накіпела Няўжо беларускі такія тупыя? Складваецца ўражанне, што ў Моладзевым тэатры эстрады мяркуюць так32

Наведалі пастаноўку «Пра што маўчаць жанчыны» і маем што сказаць.

Фота estrada.by.

Я даўно хацела схадзіць на спектакль «Пра што маўчаць жанчыны». Усё ж, назва інтрыгуе. Ды і ў апісанні абяцалі, што «вы абавязкова даведаецеся пра ўсе дзявочыя сакрэты».

Ці ж не цуд? Адзін вечар — і ты спецыяліст у жаночай псіхалогіі. Гэткая суперсіла, на думку стваральнікаў пастаноўкі, асабліва мусіла прывабіць супрацьлеглы пол. Аднак прыйшлі на шоу збольшага дзяўчаты.

Драматургія пастаноўкі «Пра што маўчаць жанчыны» пабудавана на тэатральных сцэнках.

Тры галоўныя гераіні, на думку сцэнарыста, ілюструюць асноўныя тыпажы жанчын. Праўда, інтарэсамі Воля, Наташа і Маша амаль не розняцца. Падчас іх прадстаўлення-візітоўкі высвятляецца, што яны любяць выпіць (ды так, каб танцаваць на стале), а галоўнае іх хобі — пляткарства. Адрозніваюцца яны найперш ростам і вагой — гэта падкрэсліваецца неаднаразова. Над іх «нестандартнымі» памерамі і гіпертрафіраванай нязграбнасцю пастаянна смяюцца гледачы.

Фота estrada.by.

Вытанчаныя танцоркі з балета тэатра «Fusion» з іх нумарамі з’яўляюцца на сцэне прыгожым фонам. У міні-спадніцах і ласінах яны выдатна абслугоўваюць нумары мужчын-салістаў, змагаюцца за іх увагу і палююць на невялікую колькасць «самцоў» у зале.

Гэта выклікае безумоўнае ўхваленне («Нішто так не ўпрыгожвае жанчыну, як мужчына», — кажа вядоўца шоу са сцэны). Пры гэтым мужчына лёгка можа сказаць «Фу!» любой, што прытулілася да яго, бо ён — гаспадар і леў, мае права.

Фота estrada.by.

На сцэне вымалёўваюцца два тыпы жанчын: прыгожыя і «так сабе». І першыя, і другія толькі і робяць, што абмяркоўваюць мужчын і думаюць, як бы ажаніць іх з сабой.

Музычным афармленнем гэтай барацьбы за месца ў шлюбе становіцца песня «Глюкозы» «Нявеста». Памятаеце радкі з яе? «Я буду вместо, вместо, вместо неё, твоя невеста, честно, честная, ё»… Пад гэты хіт дзяўчаты ледзьве не разрываюць адна адну, каб займець кавалак торта ў выглядзе партнёра. Чымсьці нагадвае фінальную сцэну новага кліпа «Ленінграда» з Галыгіным, дзе беларускія спявачкі і актрысы накідваюцца на Анатоля Ярмоленку.

Многія крытыкавалі кліп, па-першае, за тое, як ён падае Беларусь: быдлаватай і п’янай. Па-другое, як прыніжае паняцце адносін. Робіць высокае і рамантычнае каханне нізкім і жывёльным. Але калі ў Шнура гэта робіцца без абагульненняў, то ў спектаклі аўтары адразу заяўляюць: вось, усе жанчыны такія.

Якія гэтыя жанчыны яшчэ? Павёрнутыя на сукенках. На новых дыетах і памеры сваіх цыцак.

Якія могуць траціць грошы мужа, але ніяк не зарабляць. Якія не ўмеюць кіраваць машынай («У мяне чырвоная сумачка і чырвоны шалік. Як я магу ехаць на зялёны?» — задаецца пытаннем адна з актрыс). Якія не ўмеюць засцерагацца падчас сэксу і безадказна ставяцца да цяжарнасці, бо не ведаюць ад каго і як чарговы раз «заляцелі». З галоўнай марай «шмат есці і не папраўляцца».

Фота estrada.by.

Усе гэтыя стэрэатыпныя сцэнкі разбаўляюць прадстаўнікі беларускай эстрады: Аляксей Хлястоў, Вольга Плотнікава, Іскуі Абалян, Іна Афанасьева… Яны таксама ўключаюцца ў гульню. Так, Плотнікава ўпэўнена заяўляе, што толькі новыя сукенкі могуць зрабіць наша жыццё яркім і жадае ўсім іх як мага больш.

Людзі смяюцца з гэтых прамоў, пагаджаюцца, «канспектуюць» на камеру найлепшыя цытаты. Можна сказаць: ну, выдатна, што ж можа быць лепш за здольнасць пасмяяцца над сабой? Але гэта толькі адзін бок медаля. Адна з задач мастацтва — вучыць. А якая навука ў гэтым спектаклі — пытанне спрэчнае.

Працягваць быць дурніцай, бо толькі так можна вытрымаць канкурэнцыю? Працягваць абыходзіцца з жанчынай, як з рэччу, бо яны западаюць толькі на моцных і ўладных?

Калі, паўтаруся, арганізатары пафасна заяўляюць, што ведаюць і паказваюць усё, пра што маўчаць жанчыны, то яны бяруць на сябе вялікую адказнасць, нават калі яна падаецца пад соусам пошлага гумару.

Сваімі «па» гэты спектакль толькі множыць дурныя стэрэатыпы, як у галовах мужчын, так і жанчын. І нават дзецях, якія таксама, хоць і хутка стаміліся ад відовішча, былі ў зале.

Фота estrada.by.

Ад усіх гэтых жартаў патыхае нафталінам.

Замест таго каб высмейваць нешта злабадзённае і актуальнае (чаму б, напрыклад, не пасмяяцца з падліку галасоў на выбарах у мясцовыя саветы дэпутатаў ці не закрануць тэму цюльпанавай істэрыі, раз дэманструеце спектакль 9 сакавіка?), жартуюць па аднойчы кімсьці прыдуманым клішэ. А, у прынцыпе, навошта старацца? Людзі смяюцца і з гэтага, сцэнар пракатвае ў соты раз. Грошы зарабляюцца і без нейкіх інтэлектуальных высілкаў.

Мая Лінь

Каментары
Виолетта / Адказаць 11.03.2018 / 16:47

Какое общество трусливое и безидейное , такие и спектакли.👜🐷

5
театрал / Адказаць 11.03.2018 / 16:48

спасибо, короче потраченное время и деньги, пусть сами ходят на свои спектакли и в театры - храмы "искусства"

3
Беларус / Адказаць 11.03.2018 / 17:06

культорныя дэрыжоры жыцця , навязваюць нам свае стандарты .

1
каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура