Праект партала
Гісторыі
27.02.2018 / 11:26
Тата з вялікай літары: пяцярых дзяцей выгадаваў у адзіночку механізатар з Валожынскага раёна11

Кранальнай гісторыяй адной вялікай сям'і з Валожынскага раёна дзеліцца партал mlyn.by.

Васіль Гомаль не проста шматдзетны бацька. Сваіх пяцярых дзяцей ён здолеў вырасціць у адзіночку. Вось ужо 10 гадоў Васіль Пятровіч сумяшчае цяжкую працу механізатара ў ААТ «Суднікоўскі» і ўсю работу па хаце.

…Ажаніўся ён па тагачасных мерках позна — у 32 гады. А жонцы было ўсяго 19. Гомалі здолелі стварыць сапраўдны ідэал сям'і — дружнай, вясёлай. Нарадзіліся тры сыны і дзве дачкі. Але нечакана злы рок умяшаўся ў іх лёс — жыццё любай жонкі раптоўна абарвалася. Шчасце разбілася…

— Малодшы сын тады быў зусім маленькім — усяго два гадкі. Я не ведаў, як жыць далей. Быў у роспачы. Аднак менавіта дзеці і дапамаглі знайсці ў сабе сілы. Яны — мой галоўны стымул, радасць і сэнс усяго жыцця, — успамінае шматдзетны тата.

Старэйшыя дзеці ўжо пакінулі бацькоўскі дом. Перабраліся жыць і вучыцца ў Мінск. Алене 21 год, працуе касірам у гандлі. 20-гадовы Андрэй — кіроўца грузавой машыны ў прыватнай фірме. 19-гадовая Юля працуе тынкоўшчыкам-маляром. 17-гадовы Дзяніс — студэнт будаўнічага вучылішча, вырашыў стаць цесляром.

У вялікім цагляным доме, калісьці вылучаным гаспадаркай і ўжо прыватызаваным, у вёсцы Суднікі з Васілём Пятровічам жыве цяпер малодшы — 12-гадовы Васька. На яго накіраваны ўвесь штодзённы татаў клопат. Хлапчук вучыцца ў 6-м класе мясцовай сярэдняй школы.

— Выхоўваў дзяцей не строга. Яны самі бачылі, калі трэба было дапамагчы па хаце, а калі можна і павесяліцца. Дочкі выраслі выдатнымі гаспадынямі. І за старэйшых сыноў не сорамна — працавітыя, спраўляюцца з любой цяжкай мужчынскі працай, — не без гонару кажа пра дзяцей бацька. — З намі разам жыве мая мама Ніна Канстанцінаўна. Ёй 82 гады. Менавіта яна вельмі дапамагла і падтрымала, калі стаў удаўцом. Маміна слова — самае важкае і аўтарытэтнае, заўсёды да яго прыслухоўваюся. Нават цяпер яна можа мяне павучыць, а за нешта і палаяць. Думаю, дзякуючы гэтаму прыкладу адносін у маіх хлопцаў і выхавалася адказнасць, павага да старэйшых.

— Дзяцей у свет пусціў — адказвай за іх! Пакажы ім правільны жыццёвы шлях, падтрымай, дапамажы, — разважае пра ролю бацькі Васіль Пятровіч.

Старэйшым сыну і дачцэ клапатлівы тата ўжо і вяселлі справіў. Вельмі стараўся, каб у яго родных адно з галоўных святаў у жыцці было не горшым, чым у іншых. І грошы са свайго заробку здолеў на ўрачыстасць для іх адкласці, і патрэбныя ў побыце падарункі прыгатаваць.

Вялікая сям'я цяпер радзей збіраецца разам — бачацца толькі па выхадных. Але Новы год і вялікія праваслаўныя святы дзеці абавязкова сустракаюць у роднай хаце — побач з дарагім татам. А нядаўна дружнае сямейства Гомаляў папоўнілася на аднаго чалавека. У маладой сям'і старэйшага сына Андрэя нарадзілася дзяўчынка. Са з'яўленнем на свет унучкі сэрца дзядулі стала яшчэ больш шчодрым на ўвагу і клопат. Гэтыя якасці змацоўваюць радавод, іх дружную сям'ю, дзе многія гады Васіль Пятровіч годна спраўляецца з роляй і таты, і мамы, захоўваючы зайздросную вернасць той адзінай жанчыне, якую некалі шчыра палюбіў…

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура