Праект партала
Тонус
22.02.2018 / 09:13
Наколькі эфектыўна свечкі засцерагаюць ад цяжарнасці? Гаворым пра бар’ерную кантрацэпцыю

Пра крэмы, гелі, пены і свечкі як сродак кантрацэпцыі мы згадваем адносна рэдка, хоць у іх было і ёсць шмат прыхільнікаў. Мы распыталі галоўнага пазаштатнага дзіцячага гінеколага Міністэрства аховы здароўя Беларусі Аксану Іванішкіну-Кудзіну, якія ў іх моцныя і слабыя бакі, каму яны падыходзяць ідэальна, а каму можна «праходзіць міма».

Фота Getty Images.

Якое месца сярод кантрацэптываў займаюць бар’ерныя

Калі сёння разбіраць кантрацэпцыю з пункту гледжання дзейснасці, то на першым месцы апынуцца прэзерватывы. На другім — гарманальныя кантрацэптывы. Пасля — унутрыматачныя спіралі, гарманальныя пластыры і гарманальныя кольцы. А за імі — усе магчымыя бар’ерныя метады кантрацэпцыі, куды і ўваходзяць сперміцыды — крэмы, гелі, пены, а таксама свечкі, якія разбураюць сперматазоіды.

Існуе меркаванне, асабліва ў рэлігійных плынях, што любая кантрацэпцыя — гэта гвалт над арганізмам. Калі казаць пра сперміцыды, то гвалту ў адносінах да рэпрадуктыўнага менструальнага цыклу няма ніякага.

Гісторыя бар’ернай кантрацэпцыі такая ж даўняя, як і ў прынцыпе гісторыя кантрацэпцыі, што сыходзіць да часоў з’яўлення чалавека. Яшчэ ў Егіпце падчас раскопак знаходзілі рэчы, падобныя на ўнутрыматачныя спіралі і аналагічныя варыянты кантрацэптываў.

У даўніну выкарыстоўвалі самыя розныя сперміцыды: адвары траў, таўчоную серу, лімонную кіслату, перамолатыя рогі аленяў. На гістарычных прасторах медыцыны можна знайсці масу згадак менавіта пра мясцовую кантрацэпцыю, якая не дазваляе сперматазоіду пранікаць вышэй за шэйкавы бар’ер, апладняць яйцаклетку і прыводзіць да цяжарнасці.

Каму пасуюць свечкі

Каму пасуюць свечкі ў якасці мясцовай кантрацэпцыі? Жанчынам, якія ў сілу нейкіх абставін жывуць палавым жыццём час ад часу. Для жанчын, у якіх на працягу ўсяго менструальнага цыкла прысутнічае палавое жыццё, гэты метад не падыходзіць.

Абіраюць свечкі ў якасці кантрацэпцыі тыя, у каго алергія на латэкс, пары, якія проста не прымаюць той жа прэзерватыў у доўгатэрміновых адносінах. Жанчыны, якім супрацьпаказаная гарманальная кантрацэпцыя. Некаторыя кажуць: «Я не магу кожны дзень піць таблетку. Я магу пра яе забыць, і гэта прынясе мне больш шкоды, чым карысці». Або: «У мяне маленькія дзеці» ці «У мяне муж часта ў камандзіроўках, навошта мне кожны дзень піць таблетку?».

Сперміцыды можна выкарыстоўваць у перыяд кармлення цыцкай, калі няма ўпэўненасці, што гарманальны цыкл аднавіўся і ёсць рызыка зноў зацяжарыць.

Гэты сродак таксама пасуе тым, хто адмаўляецца ад усіх спосабаў і метадаў кантрацэпцыі і абірае перарваны палавы акт або каляндарны метад. Па вялікім рахунку, назваць гэтыя метады кантрацэпцыяй нельга, бо іх эфектыўнасць вельмі нізкая. Калі ж да іх дадаць сперміцыды, гэта значна павысіць эфектыўнасць.

З узростам у арганізме жанчыны пачынаюць адбывацца незваротныя змены, звязаныя са згасаннем рэпрадуктыўнай функцыі. Скура губляе эластычнасць, а слізістыя абалонкі — водны баланс. Праз гэта з’яўляецца сухасць і дыскамфорт у інтымнай зоне. Сперміцыды ж цудоўна ўвільгатняюць слізістую похвы і фактычна замяняюць натуральную змазку.

Каму лепш абраць альтэрнатыўны варыянт

Не пасуюць свечкі падлеткам. Палавое жыццё павінна быць максімальна абароненым ад інфекцый, якія перадаюцца палавым шляхам. Хімічныя сперміцыды ад іх не абараняюць. Другі момант, чаму бар’ерная кантрацэпцыя не рэкамендуецца падлеткам, — не сфарміраваны менструальны цыкл. Выкарыстанне бар’ернай кантрацэпцыі ў перыяд авуляцыі зніжае яе эфектыўнасць.

Не рэкамендуюцца хімічныя метады кантрацэпцыі жанчынам з шэрагам захворванняў палавой сферы. Гэта кандыдозы, бактэрыяльныя вагінозы, захворванні шэйкі маткі, хранічныя кальпіты, цэрвіцыты.

Што рабіць, каб бар’ерная кантрацэпцыя была максімальна эфектыўнай

Галоўнае — чытаць інструкцыю па прымяненні. Як правіла, у ёй дакладна ўсё ўказана. За колькі часу да палавога кантакту трэба выкарыстоўваць: напрыклад, за 15 хвілін ці за паўгадзіны. Гэта важна, паколькі ўсе кампаненты мусяць пачаць працаваць.

Звычайна адразу пасля выкарыстання бар’ернай кантрацэпцыі нельга праводзіць гігіенічныя працэдуры для палавых органаў. Таксама важна, каб не было інфекцый рэпрадуктыўнага тракту, запаленчых захворванняў, парушэнняў мікрафлоры.

І яшчэ адно важнае правіла: адна свечка — адзін палавы кантакт. Для другога разу патрэбная новая свечка.

Чаму бар’ерная кантрацэпцыя была, ёсць і будзе

1. Яна даступная ў цэнавым плане.

2. Яна знаходзіцца ў зоне дасягальнасці жанчыны.

3. Звычайна яна не патрабуе дадатковых медыцынскіх кансультацый.

4. Яна зручная для жанчын, не азадачаных пытаннем кантрацэпцыі штодзённа.

5. Яна камфортная ў псіхаэмацыйным плане, бо не парушае натуральны ход працэсу, калі мы гаворым пра сэкс. Многіх людзей бянтэжыць сам факт наяўнасці прэзерватыва.

6. Яе можна спалучаць з іншымі кантрацэптывамі, напрыклад, з прэзерватывам.

7. Па эфектыўнасці бар’ерныя метады кантрацэпцыі знаходзяцца недзе ў залатой сярэдзіне. Пры правільным выкарыстанні іх, выкананні інструкцыі, яны сваю кантрацэптыўную эфектыўнасць цалкам апраўдваюць.

УНП 102377403
Прадстаўніцтва сумеснага Украінска-іспанскага прадпрыемства ў форме таварыства з абмежаванай адказнасцю «Сперко Украіна» (Украіна) у Рэспубліцы Беларусь.

Nina.nn.by

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура