Праект партала
Навокал
11.02.2018 / 20:18
Калі жанчыны становяцца Жаннамі д'Арк: Авеста Хабур і Барын Кобані 11

У курдаў, у адрозненне ад арабаў, жанчыны ваююць на роўных з мужчынамі.

З фотаальбома «Усё пра Курдыстан».

У вайны, як вядома, не жаночае аблічча. Традыцыйна прастора жанчыны акрэсліваецца домам, дзецьмі, хатнімі справамі, выхаваннем, школай (так, у Беларусі жанчыны складаюць звыш 85% настаўнікаў), сферай моды, дызайну. Аднак у адказныя гістарычныя моманты нярэдка бывае, што менавіта жанчыны вядуць наперад.

Вядомы прыклад Жанны д’Арк, што ўратавала Францыю падчас Стогадовай вайны з Англіяй. Альбо ірландскай суфражысткі Канстанцыі Маркевіч (Гор-Бут), што змагалася з брытанскімі імперыялістамі падчас Вялікоднага паўстання 1916 года. Ці славутых ураджэнак Беларусі Эміліі Плятэр і Соф’і Кавалеўскай у 19 стагоддзі: першая ўзначальвала атрад паўстанцаў у 1831 годзе, а другая мужна абараняла правы жанчын і стала першым прафесарам матэматыкі жаночага полу ў свеце. Ці барацьбітак часоў Другой сусветнай вайны: ураджэнкі Беларусі доктаркі Зінаіды Тусналобавай-Марчанкі і філіпінскай партызанкі Ньевес Фернандэс. Ці нашай сучасніцы пакістанскай дзяўчыны Малалы Юсуфзай — праваабаронцы, якая мужна выступіла супраць прыгнёту жанчын, а пасля перажыла замах, пасля якога ледзьве выжыла. Яна атрымала Нобелеўскую прэмію міру ў 2014 годзе.

Падзеі апошніх тыдняў [на жаль, сумныя] распавядаюць нам пра гераінь курдскага супраціву.

Курды — вялікі народ на Блізкім Усходзе, падзелены паміж Турцыяй, Іракам, Сірыяй і Іранам. Пасля Першай сусветнай вайны разглядалася пытанне аб прызнанні незалежнай дзяржавы курдаў на абломках Асманскай імперыі. Аднак тады курды не атрымалі падтрымкі, бо мелі саюзніцкія адносіны з Нямеччынай, што прайграла ў вайне, а Турцыя на чале з Мустафой Кемалем знайшла саюзніка ў асобе Савецкай Расіі і разграміла курдаў.

Мужны курдскі народ цэлае стагоддзе не спыняе барацьбы за незалежнасць. Туркі з часоў Мустафы Кемаля і да сёння жорстка пераследуюць курдаў і нават забараняюць ім назвацца сваім уласным імем, але толькі «горнымі туркамі». У 1930—40-я гады нацыянальнае паўстанне прывяло да стварэння незалежных курдскіх рэспублік на поўначы Ірака і паўночным захадзе Ірана, на чале паўстання стаяў Мустафа Барзані. Тады Савецкі Саюз нейкі час падтрымліваў курдаў, але пазней, калі Другая сусветная вайна скончылася і савецкія войскі выйшлі з занятага імі Паўночнага Ірана, саветы курдаў здалі і сілы Барзані былі разгромлены.

Аднак у 1990-я гады пасля працяглай барацьбы з рэжымам Садама Хусейна курды Ірака дасягнулі нарэшце аўтаноміі. Гэта дапамагло курдам у ліпені 2014 года даць супраціў тэрарыстычнай «Ісламскай дзяржаве». Тады яны былі патрэбны, бо іракская і сірыйская арміі спешна рэціраваліся перад ісламістамі. Але Турцыя і тады часам бамбіла курдскія базы.

Хваравіта амбіцыйны прэзідэнт Турцыі Эрдаган на гэтым не спыніўся. Да сапраўднай вайны супраць курдаў на поўначы Сірыі туркі перайшлі 19 студзеня 2018 года, калі пагроза ад ісламістаў стала мінімальнай.

Многія чулі пра турэцкае наступленне на курдскі раён Афрын у Сірыі. Курды аказваюць мужны супраціў акупантам. Разгарэліся баі. З абодвух бакоў загінула ўжо да 500 чалавек. Нягледзячы на істотную перавагу ў жывой сіле і тэхніцы (танкі, самалёты, артылерыя), туркі прасунуліся ўглыб курдскага раёна зусім нязначна. Праяўляецца глыбокая мужнасць і патрыятызм, вайсковы досвед курдаў, назапашаны ў баях з «Ісламскай дзяржавай».

Уражваюць сваёй гераічнай самаахвярнасцю курдскія дзяўчаты, што ахвяруюць сваім жыццём у баях з туркамі і ісламістамі.

28 студзеня баец жаночага аддзела YPG (Атрады народнай самаабароны) Авеста Хабур (Avesta Khaboor, 1998—2018) у баі каля пасёлка Хемам падарвала гранатай турэцкі танк, сама пры гэтым загінула. Подзвіг Авесты Хабур дазволіў баявым таварышам затрымаць турак на подступах да пасёлка.

А 31 студзеня туркі сустрэлі жорсткі адпор з боку жаночага атрада. Як паведамляе курдскае інфармацыйнае агентства Rudaw, падчас бою туркі і іх саюзнікі ісламісты паранілі і захапілі ў палон Барын Кобані (Barin Kobani, 1995—2018). Яна таксама была вядомая як мужная змагарка супраць ісламістаў і да апошняга абараняла сваю пазіцыю. Ісламісцкія баевікі жорстка забілі курдскую гераіню і не пасаромелася выставіць фота яе знявечанага цела ў інтэрнэт.

Увогуле, у шэрагах курдскай самаабароны ў Сірыі ваюе да дзесяці тысяч жанчын, гэтым курдскія атрады розняцца ад арабскіх армій. 

Даслаў чытач Ян Стэльмах

Каментары
Адекват / Адказаць 11.02.2018 / 21:03

Волю Курдыстану!

3
Хуткая / Адказаць 11.02.2018 / 21:06

У першым абзацы пералічаныя дзяўчыны, звестак пра дзяцей каторых няма, апроч Канстанцыі, але вядома, што дачку Канстанцыі чамусці гадавалі ейныя бацькі. Чаму? Кабета, якая мела дачыненне да народзінаў уласнага дзіцяці, не надта здольная да забойства і разбурэння. Бо кожны першы салдат гэта сапраўдны цуд любові, на які пакладзенае здароўе, шмат часу і шмат турбот. Жыццё гэта цуд. Адбіраць жыццё цяжка, узгадаўшы ўласныя намаганні па ахове найноўшага, бездапаможнага, звышкаштоўнага маленства.

12
Lime Punch / Адказаць 11.02.2018 / 23:11

До слез.Героические женщины.Чтоб не говорили о женщинах на войне,но мне кажется просто невозможно оставаться в стороне,когда тебя и твоих родных могут в любой момент убить,а твой народ уничтожить.Я желаю этим женщинам выжить и победить.

0
каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура