Праект партала
Гісторыі
28.01.2018 / 20:26
Як дачка партызана змагаецца за правы людзей на Случчыне18

Зінаідзе Цімошак 62 гады. Былую настаўніцу на Случчыне ведаюць сотні людзей. «Каб не Зіна, нічога б не было», — дзякуюць ёй людзі.

Пасля рэферэндуму 1996 года з цалкам апалітычнага чалавека Зінаіда ператварылася ў грамадскую актывістку. З таго часу яна дапамагла разруліць сотні мясцовых праблем. Навошта яна ўвязалася ў гэтую справу, чаму церпіць рыкашэты ў выглядзе штрафаў, і наколькі складана ў адзіночку супрацьстаяць несправядлівасці — у нашым нарысе.

Зінаіда Цімошак каля свайго дома ў Слуцку.

Даведка. Спадарыня Зінаіда нарадзілася ў вёсцы Аксаміты, што ў Капыльскім раёне Мінскай вобласці. Сёння яна прыязджае туды як на лецішча: пасядзець ля вогнішча, паглядзець на зоркі, набрацца моцы і расслабіцца. Даглядае свае 35 сотак і некалькі чужых, каб там не раслі асот і крапіва. Працуе з пілой, касой, матыкай і вырошчвае кветкі.

Скончыла ў суседнім Грозаве сярэднюю школу, пасля паступіла ў педынстытут.

Бацькі Зінаіды і большасць сваякоў былі настаўнікамі, таму яе лёс у гэтым плане быў перадвызначаны. Уявіце: з пяці дзяцей у сям’і чацвёра працягнулі дынастычную справу. Як прыгадвае сама Зінаіда, «калі збіраліся разам, выходзіла нейкая настаўніцкая канферэнцыя».

З 1978 па 2006 год настаўнічала ў вясковых школах — вучыла замежным мовам, выкладала гісторыю і курс «Чалавек і свет». Амаль на працягу ўсяго гэтага перыяду паралельна займалася грамадскай дзейнасцю — гэта ў нейкай ступені стала прычынай, па якой яна сышла з любімай школы раней, чым хацелася.

«Марыла быць марачкай»

Калі была маленькай, марыла стаць марачкай і жыць на беразе мора. У мяне былі хлапчуковыя цікаўнасці: хакей, футбол. Лазіла з аднагодкамі праз плот. Лялькі з качаноў кукурузы таксама былі, але куды радзей за фізічную актыўнасць.

Мой бацька Вячаслаў Іванавіч падчас вайны быў партызанам. У пасляваенныя гады шмат хварэў. Але маці паставіла нас на ногі: гадамі хадзіла ў адной кофце, усё заробленае несла ў дом. Яна — гераіня, дзякуючы якой мы ўпяцёх атрымалі вышэйшую адукацыю і сталі людзьмі.

«Гаспадыня кватэры ставілася да мяне, як да ўласнага дзіцяці»

Пасля размеркавання мяне накіравалі ў вёску Веска Салігорскага раёна. Месца было глухім, з запляваным клубам… Амаль кожны жыхар гнаў самагонку. Але там жылі вельмі добрыя людзі, якія паважалі настаўнікаў. Гаспадыня кватэры ставілася да мяне, як да ўласнага дзіцяці. Я, у сваю чаргу, старалася дапамагчы ёй выкапаць бульбу, сабраць яблыкі.

Пасля мы разам з дачкой і мужам [на той момант Зінаіда ўжо выйшла замуж — Рэд.] пераехалі ў вёску Гацук, дзе ён працаваў. Пазней па той жа прычыне апынуліся ў пасёлку Вежы Слуцкага раёна, там якраз пабудавалі новыя дамы для чарнобыльскіх перасяленцаў. Прыязджалі дзеці з розным узроўнем ведаў, таму настаўнікі былі запатрабаваныя. Прырода ў гэтых мясцінах вельмі прыгожая, вакол — лес. Мне ў Вежах вельмі падабалася, я б, можа, і працягвала там выкладаць, жыць, каб не прэсінг, што пачаўся з боку мясцовых уладаў.

Дома.

«Пасля рэферэндуму 1996 года я не магла заставацца апалітычным чалавекам»

Да 1996 года я была цалкам апалітычнай. У 1994-м у першым туры прагаласавала за Зянона Пазняка. У другім — за Лукашэнку, паколькі тады ў вачах многіх простых людзей ён быў сімвалам перамен. Мы страшэнна памыліліся…

Падчас рэферэндуму 1996 года як гісторык я ўжо разумела, што ў выніку галасавання, калі прэзідэнт сапраўды набудзе дадатковыя паўнамоцтвы, мы пераскочым ад рэспублікі да аўтарытарнай сістэмы кіравання. Я не пайшла галасаваць і заклікала рабіць тое ж аднавяскоўцаў у Вежах. Сама расклейвала ўлёткі і выразкі з газеты «Ізвестія», дзе быў артыкул Аляксандра Старыкевіча пра тое, што на Беларусь ідзе фашызм. Памятаю, як любімую скураную куртку тады ўсю запэцкала клеем.

Я хацела павесіць копію газеты і ў школе, дзе знаходзіўся выбарчы ўчастак, але ён ахоўваўся міліцыяй. Чакала-чакала, думала, можа, з’едуць, а пасля наўпрост падышла да міліцыянта і патлумачыла, што і чаму хачу зрабіць. Ён мне тады сказаў, што ў іх ёсць устаноўка не дапускаць распаўсюду ўлётак, але наконт артыкулаў з газет інструкцый не было. Маёр спецыяльна ад’ехаў на некалькі хвілін, а я «зрабіла» сваю чорную справу.

Зразумела, што я не пайшла на галасаванне. У восем гадзін вечара, калі яно скончылася, выпіла 50 грамаў гарэлкі. Было адчуванне, нібы я знаходжуся на паніхідзе па будучым краіны. Патэлефанавала сябру, таксама настаўніку гісторыі. Ён рабіў тое ж самае, што і я — «хаваў краіну».

Але трагедыю разумелі далёка не ўсе. Тыя ж аднавяскоўцы былі «за моцнае кіраванне». А чаго яшчэ ім было хацець, калі раней у школе вывучалі толькі марксізм-ленінізм, калі яны жылі ў замкнёнай прасторы, амаль у лесе? Таму пакаленню ніхто не тлумачыў, што існуюць розныя тыпы дзяржаўнага кіравання, не гаварыў, куды яны могуць завесці. Да таго ж наш народ прывык, што яго заўсёды некуды вядуць. Спачатку быў цар, пасля —Ленін-Сталін, партыя, цяпер вось «бацька»…

«Мая грамадская актыўнасць прачнулася, калі жорстка парушылі правы жыхароў нашай вёскі»

Вежы — пасёлак для чарнобыльскіх перасяленцаў. Па законе яны мелі права бясплатна прыватызаваць свае кватэры і дамы. Але ім не дазвалялі. І людзі, якія паважалі мяне як настаўніцу і прынцыповага чалавека, прыйшлі да мяне па дапамогу. Мне і самой трэба было прыватызаваць кватэру, таму я адразу выступіла з адкрытым забралам і пайшла на прыём да старшыні саўгаса. Спытала, чаму ў яго такая пазіцыя. У прыватнай размове ён патлумачыў, што баіцца. Маўляў, пасля прыватызацыі людзі не будуць працаваць у калгасе, а пазбягаюць на заробкі ў Маскву ці Мінск.

Мы сабралі сотні подпісаў, прайшлі праз суды, Адміністрацыю прэзідэнта і Міністэрства па прыватызацыі. Менавіта памочнік міністра па прыватызацыі дапамог вырашыць справу на нашу карысць. Праўда,

гэта каштавала мне шасці месяцаў жыцця. Але пасля гэтай гісторыі мясцовы народ пачаў давяраць мне, казаць, што «каб не Зіна, нічога не было б». 

«Як я ахапіла юрыдычную базу? Па-рознаму, да таго ж цяпер ёсць гугл»

Пасля таго, як я дапамагла аднавяскоўцам з прыватызацыяй, да мяне пачалі звяртацца па дапамогу і іншыя людзі, нават са Слуцка. З тых часоў я актыўна дапамагла ў вырашэнні сотні спрэчных пытанняў.

Сёння ўсе паліцы ў мяне заваленыя выразкамі з законаў, артыкулаў, судовых працэсаў. Дзесьці ўдалося лаву паставіць, дзесьці — замяніць стаяк каналізацыі, адрамантаваць пад’езд, дзіцячую пляцоўку. Кагосьці аднавілі на працы, камусьці вярнулі гарачую ваду…

Былі часы, калі я мэтанакіравана вывучала заканадаўства. Набывала зборнікі законаў, вывучала кодэксы. Хадзіла ў гарадскую бібліятэку, дзе быў аддзел прававой дапамогі. Але наша заканадаўства вельмі хутка мяняецца, таму цяпер я не купляю кніжкі з законамі, а шукаю іх у інтэрнэце. У сур’ёзных сітуацыях раюся з вядомымі праваабаронцамі.

Праблема беларусаў у тым, што яны не ведаюць сваіх правоў, нашых законаў і не спрабуюць разабрацца.

Нядаўна я была ў вёсцы Радзічы Слуцкага раёна: з кранаў цячэ гнілая вада, амаль чорная, электрычныя слупы даўно пагнілі, вось-вось паваляцца. Вёска быццам забытая богам. Пасля такой экскурсіі я паехала да начальніка райаддзела МНС і запыталася: «Няўжо ў вас праверак не было? Хіба вы не бачылі, як у Радзічах людзі жывуць?» А ён стаў апраўдвацца: «Ніводнай скаргі адтуль не паступала». Дык, значыцца, жыхароў той вёскі сапраўды ўсё задавальняе, раз яны нават не тэлефанавалі ніводнага разу?

Цяпер, канечне, я стараюся не адразу бегчы на дапамогу, а спачатку падказаць чалавеку, як і што ён можа зрабіць сам. І ўжо калі ў яго не атрымліваецца, а праблема сапраўды сур’ёзная, — падключаюся.

«На пошту мне пачалі прыходзіць ананімныя пагрозы»

Самы моцны прэсінг пачаўся пасля таго, як я падпісала «Хартыю-97» [«Хартыя-97» — грамадская ініцыятыва накшталт чэскага дакумента «Хартыя 77», якая мела на мэце аднавіць народаўладдзе. Пад тэкстам дакумента падпісаліся тысячы беларусаў — Рэд.], і разам са мной тое зрабілі 75 аднавяскоўцаў.

А пасля пра гэта надрукавалі ў «Народнай волі». Людзі, якія ўсё жыццё ціха-мірна збіралі грыбы і ягады ў лесе, займаліся хатнімі справамі, упершыню ў жыцці нешта падпісалі — і ў вёску адразу прыязджае пракуратура, КДБ… Кіраўніцтва ў шоку і шукае тых, хто зняславіў раён. Я ў той сітуацыі ўзяла ўсю адказнасць на сябе.

Пасля гэтага скандалу мне на пошту пачалі прыходзіць ананімныя пагрозы: «Ты — *ука, збунтавала народ! Мы цябе закапаем, і ніхто не знойдзе тваю магілу!». Быў 1998 год, а мне прыйшлося начаваць у абдымку з сякерай.

Натуральна, такую настаўніцу, што не раз стаяла на чале антыпрэзідэнцкай выбарчай кампаніі, неаднаразова хацелі звольніць са школы і спецыяльна праводзілі дадатковыя праверкі. Але я сваіх дзяцей да экзаменаў рыхтавала ажно з 1 верасня, таму мы іх паспяхова вытрымлівалі. Пазней я вырашыла па выслузе гадоў сысці сама: каб праз маю актыўную пазіцыю не пакутавалі іншыя настаўнікі. Пераехала з Вежаў у Слуцк.

«Усе гэтыя цяжбы каштавалі мне здароўя, але я па натуры не магу маўчаць»

Ужо гадоў пяць мяне мучыць сур’ёзная хвароба. Па словах доктаркі, адным з фактараў, што правакуе гэтае захворванне, можа быць стрэс. Доктарка ўвогуле дзівіцца, як я яшчэ жыву і рухаюся з такой дзейнасцю. Патрэбна спакойнае жыццё, але па натуры я не магу прайсці міма бяды, таму ўсё адно працягваю хадзіць па судах. Цяпер вось дапамагаю адной няшчаснай маці, сына якой, хутчэй за ўсё, пасадзілі незаконна.

Каля слуцкага суда.

«Случчыну вычышчалі мэтанакіравана»

Гісторыя паказвае, што Случчына магла за сябе пастаяць. Пра гэта сведчыць тое, як наш народ адбіваўся ад татараў пад кіраўніцтвам Анастасіі Слуцкай. Расіяне тут таксама не гаспадарылі. Ёсць сведчанні, што навучэнцы слуцкай гімназіі разам з настаўнікамі ўдзельнічалі ў паўстанні Кастуся Каліноўскага. Акрамя таго, Случчына заўсёды лічылася заможнай, урадлівай зямлёй, таму натуральна, што ў 1920-м годзе менавіта тут быў антысавецкі і антырасійскі Слуцкі збройны чын. Слуцкія сяляне не хацелі, каб у іх забіралі заробленае.

Але да Слуцкага збройнага чыну тут ужо была падрыхтаваная глеба. Яшчэ да нараджэння БНР узнікла культурна-асветніцкае таварыства «Папараць-кветка» (1917—1920 гг.), самадзейны тэатр…

Каля помніка Анастасіі Слуцкай.

Цяпер усё зусім інакш па аб’ектыўных і суб’ектыўных прычынах. Разгром таго ж Слуцкага паўстання адбыўся не проста фізічна. Пасля тут добра папрацавалі на тое, каб знішчыць пэўныя настроі. У 1930-я мясцовае НКВД біла ўсе рэкорды па расстрэлах. Пачалася моцная русіфікацыя. У мяне такое ўражанне, што наш горад пасля рэвалюцыйных падзей 1920-га спецыяльна трымалі на кантролі і ўсе гады сюды падбіралі «ідэалагічна правільныя» кадры. Працягваюць рабіць гэта і цяпер.

Як інакш патлумачыць, што мясцовая суполка ТБМ ніяк не можа знайсці сабе памяшканне для заняткаў беларускай мовай? Ці тое, што грамадскім актывістам цяжка правесці нават абсалютна непалітычнае святкаванне Купалля? А калі нашы хлопцы, якія выступаюць за здаровы лад жыцця, выйшлі са стадыёна з лозунгам «23 лютага — не нагода бухаць!», то іх адразу схапіла міліцыя, а арганізатару ўляпілі штраф. Калі я сама ў Казловіцкім доме культуры зладзіла паказ гістарычнага фільма пра Слуцкае ўзброенае паўстанне — нас спыніла міліцыя. Пры гэтым фільм раней паказвалі па АНТ, але нашу імпрэзу палічылі палітычнай. На мяне склалі пратакол за «парушэнне парадку арганізацыі і правядзення сходаў» і ўляпілі штраф.

«Я не змагаюся, я проста жыву згодна са сваімі поглядамі»

Раней я марыла, што аб’яднаю неабыякавых людзей і мы разам створым раду горада, якая будзе кантраляваць дзейнасць чыноўнікаў. Але многія не хочуць бачыць нічога далей сваёй хаты. Яны з радасцю атрымліваюць дапамогу ў вырашэнні сваіх спраў, а пасля працягваюць жыць сваім жыццём.

Цяпер я магу сказаць, што ні за што не змагаюся, а проста жыву згодна са сваімі поглядамі і раблю тое, што магу.

Днямі я размаўляла з маладзёнамі, якія займаюцца дабрачыннасцю, дапамагаюць як хворым дзеткам, так і бяздомным жывёлам, птушкам. Прапанавала аб’яднацца, каб разам стварыць сквер для адпачынку ў раёне вуліцы Будаўнікоў. У прынцыпе, яны не супраць, але глыбей глядзець ці не хочуць, ці не могуць. У некаторых праблемах вінавацяць выключна мясцовыя ўлады. Працуе прынцып: «Цар у нас добры — баяры дрэнныя».

«Хачу, каб стаўленне да беларускай мовы змянілася на пазітыўнае»

Да канца свайго жыцця я планую рэалізоўваць праект пад умоўнай назвай «Мы случчане — мы беларусы». Мне б вельмі хацелася змяніць адносіны да беларускай мовы: калі не размаўляеш на ёй сам, то хоця ж не грэбуй людзьмі, якія гэта робяць. Страшна, калі ў банку наведніца кажа мне, што ненавідзіць беларускую мову.

У прыватным жыцці я не заўсёды была беларускамоўнай, бо гэта напружвала маіх знаёмых. Але ў школе выкладала па-беларуску. У Слуцку ж не хапае людзей, з якімі можна размаўляць на роднай мове.

Складана ўкладаць людзям у галаву, што гэта — сваё, роднае, калі ў Слуцку няма ніводнай беларускамоўнай школы, а беларуская мова выкладаецца як замежная. Але мы спадзяёмся, што ў нас атрымаецца зладзіць тут моўныя курсы для ўсіх ахвотных. Пакуль няма памяшкання, таму мы вымушаныя збірацца на кватэрах і ладзіць сустрэчы выключна для знаёмых.

Гутарыла Кацярына Карпіцкая, фота Волі Афіцэравай

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура