Праект партала
Накіпела
15.01.2018 / 17:22
Мінчанка стварыла чат для бацькоў, якія хочуць беларускамоўны садок10

Памятаеце Алену Спірыдон? Паўгода таму яна стварыла першы беларускамоўны вайбер-чат «Дзеткі-кветкі» для бацькоў. Калі што, то чат актыўна жыве, мамы, таты і іх дзеці перыядычна сустракаюцца ў горадзе, ладзяць сумесныя святы, ствараюць карту беларускамоўных сем’яў Мінска — карацей, шмат усяго цікавага робяць.

Сустрэчы ўдзельнікаў чата «Дзеткі-кветкі».

Аднак Алена вырашыла пайсці далей і ў асобным вайбер-чаце згуртаваць беларускамоўных бацькоў, якія хочуць, каб з іх дзецьмі ў садку размаўлялі па-беларуску. Задума ў тым, каб, так бы мовіць, набраць масу і вымусіць Міністэрства адукацыі пачуць жаданне бацькоў і ўрэшце ўдасканаліць сістэму запісу дзяцей у садкі.

Зрабіць гэта нібыта нескладана, але чыноўнікі ўсяляк сыходзяць ад рэальных крокаў насустрач бацькам. Усё, што тыя атрымліваюць на сёння, пакуль дзейнічаюць у адзіночку, — гэта адпіскі. Маўляў, беларускамоўных групак у Мінску хапае, запісвайцеся, якія праблемы? Але не ўсё так проста.

«Нягледзячы на тое, што ў нас беларускамоўныя групкі ёсць ва ўсіх раёнах, там ці беларускамоўных дзяцей няма, ці беларускамоўных выхавацелек, ці беларускай мовы ў выхаванні, — акрэслівае праблемы Алена. — Я часта чую ад іншых, што ў такія групкі трапляе шмат рускамоўных дзетак. Чаму? Бацькі, якім без розніцы, на якой мове будзе ісці выхаванне, аддаюць перавагу такім групам, бо ў іх звычайна менш дзяцей і, адпаведна, лепшы догляд. У выніку атрымліваецца, што беларускамоўныя дзеткі ходзяць у рускамоўныя групкі, а рускамоўныя — у беларускамоўныя».

Сёння ў Мінску існуе фактычна два востравы беларускасці для дашкольнікаў — гэта садкі №187 і №534. Яны так і называюцца — «беларускамоўныя». А ўсяго ў сталіцы 102 дзіцячыя садкі, дзе створаныя групкі, у якіх выхаванне ідзе па-беларуску [вось тут можаце пабачыць увесь спіс].

Удзельнікі чата «Дзеткі-кветкі» самі зладзілі свята.

Дык адкуль такая блытаніна і што з гэтым рабіць?

Бацькі бачаць праблему ў самім механізме запісу дзяцей у садкі. Як толькі нараджаецца дзіця, маці ці бацька ідуць у «Адно акно» ставіць яго ў чаргу на садок. Там ім выдаюць адмысловы бланк, дзе яны могуць пазначыць, у які менавіта хочуць трапіць. Спісу садкоў з беларускамоўнымі групкамі ў «Адным акне» няма [напрыклад, спіс садкоў з басейнам ёсць], яго трэба загадзя прасіць у раённым аддзеле адукацыі.

Але ў чым цымус. Нават калі бацькі ўжо высветлілі, дзе гэтыя групкі ёсць, у бланку яны могуць пазначыць толькі нумар садка, а мову навучання — не. Такой графы няма. І што важна: групкі фарміруюцца незадоўга да пачатку новага навучальнага года, ад 1 красавіка па 31 жніўня, нягледзячы на тое, што заявы бацькі пішуць за некалькі гадоў да таго.

Натуральна, у іх узнікаюць пытанні:

  • Ці не забудуць чыноўнікі за гэты час, што бацькі хацелі трапіць у беларускамоўную групку?
  • Хто можа гарантаваць, што праз некалькі гадоў у садку ўсё яшчэ будзе беларускамоўная групка?
  • Як збярэцца беларускамоўная групка, калі нідзе не фіксуецца, што бацькі ў яе хочуць?

«Ніхто нідзе не вядзе статыстыку і падлік сем'яў, якія хочуць трапіць у беларускамоўную групку. Калі б гэта рабілася, беларускамоўных груп і садкоў у Мінску было б значна больш, — кажа Алена. — Выходзіць, у краіне не забяспечваецца права на выбар адукацыі і выхавання на адной з дзяржаўных моў, а гэта — парушэнне Кодэкса аб адукацыі».

Што робяць бацькі: яны самі шукаюць адно аднаго, самі набіраюць групку і часам самі ж прыводзяць беларускамоўную выхавацельку ў садок.

«І толькі тады, яшчэ праз пэўныя намаганні і перамовы, гэтая групка з’яўляецца. Гэта ж нейкі абсурд! Чаму бацькі павінны гэта рабіць, калі можна элементарна дадаць магчымасць паставіць адну дадатковую птушачку ў графе «Мова выхавання»?», — задаецца пытаннем маладая маці.

Алена ўжо па досведзе «Дзетак-кветак» ведае, што частка тых, хто на працы, у кавярнях, крамах размаўляе па-руску, дома з сям’ёй гаворыць па-беларуску і вучыць дзяцей беларускай мове. Але даведацца пра беларускамоўнасць гэтых людзей можна хіба што выпадкова. Адпаведна, пошук беларускамоўных бацькоў ускладняецца.

«Я хачу сабраць іх усіх у адным чаце. Па-першае, каб яны даведаліся адно пра аднаго, пазнаёміліся, пасябравалі, а па-другое, каб мы разам дапамаглі нашаму Міністэрству адукацыі пачаць весці ўлік бацькоў, якія хочуць, каб іх дзеці выхоўваліся па-беларуску, — тлумачыць Алена. —

Мы гатовыя распрацаваць бланкі, патлумачыць чыноўнікам усю сістэму вядзення ўліку, даць прыклады — то бок правесці ўсю тую працу, якую яны мусілі б зрабіць самі, але па невядомай мне прычыне гэтага не робяць. Можа быць, баяцца, што беларускамоўныя дзеткі будуць, але яны не здолеюць забяспечыць беларускамоўнае навучанне? Не змогуць адшукаць беларускамоўных выхавацелек, метадычны матэрыял? Але тады гэта праблема глыбейшая, і трэба над ёй працаваць, а не рабіць выгляд, што ў нас усё ў парадку».

На думку маладой маці, у кожным раёне горада павінен працаваць беларускамоўны садок. А ва ўсіх рускамоўных садках мусяць быць групы з беларускай мовай навучання. Алена адзначае, што бацькі не павінны кожную раніцу вазіць дзяцей з Серабранкі, Копішча, Малінаўкі і іншых раёнаў у іншы канец горада ў 314-ы садок, як гэта адбываецца цяпер.

«У нашым чаце «Дзеткі-кветкі» бацькі адзначылі вось яшчэ які момант. У Першамайскім раёне, напрыклад, 50 беларускамоўных груп. Гэта ж нават не адзін, а два самастойныя беларускамоўныя садкі! Дык чаму звесткі пра колькасць груп з беларускай мовай навучання, якія пацвярджаюць пастаянны попыт бацькаў на адукацыю па-беларуску, не выкарыстоўваюцца для стварэння дадатковых цалкам беларускамоўных садкоў? Калі звычайна ў садку 5-10 груп, то відавочна, што яны маглі б з’явіцца таксама ў Заводскім і Ленінскім раёнах», — кажа маладая маці.

Алена заклікае ўсіх бацькоў, якія хочуць, каб іх дзеці хадзілі ў рэальна беларускамоўныя групкі, пісаць пра жаданне далучыцца да адмысловага чату ёй у фэйсбуку. Лепш адразу ўказаць узрост дзяцей, іх колькасць і раён пражывання.

Папрасіцца ў чат

«Я вырашыла, што мой сын павінен ведаць беларускую мову. Я адказная за яго будучыню і за тое, кім ён стане ў гэтым свеце. Я не хачу, каб Стэфан чуў родную мову толькі дома ад сваіх бацькоў. Ён мае права на сацыялізацыю і жыццё ў беларускамоўным асяроддзі. І я зраблю ўсё, каб даць гэта свайму дзіцяці. Спадзяюся, так лічаць усе бацькі, якія абралі мовай сваёй сям’і — беларускую», — звяртаецца маладая маці.

Настасся Роўда, фота з архіва Алены Спірыдон

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура