Праект газеты
Гісторыі Вялікая гутарка з дачкой Лявона Вольскага, якая стала спявачкай15

Яе ведаюць як унучку Артура Вольскага, аднаго з аўтараў «Калыханкі» Дзеда-Барадзеда, і як дачку легенды беларускай сцэны Лявона Вольскага, але Адэля даўно не проста сваячка вядомых людзей. Яна выкладае на сваім ютуб-канале відэа, дзе чытае вершы беларускіх паэтаў, запісвае каверы на «Нірвану», Земфіру і Віктара Цоя, а пад канец 2017 года выпусціла першы музычны альбом. На гэтым спыняцца Адэля не збіраецца.

Мы пагутарылі з 19-гадовай спявачкай пра тое, як гэта — знаходзіцца пад ударам крытыкі фанатаў Вольскага, рана страціць маці і змагацца з унутранай перфекцыяністкай. Ну і, канечне, пра хлопцаў, знешнасць, студэнцтва і Беларусь.

Пра сям’ю

«Ніна»: Ты расла ў творчай сям’і. Ці не было ў цябе крыўды, што бацькі не дадалі табе ўвагі праз сваю занятасць?

АВ: У дзяцінстве я, канечне, часта чула: мы з’язджаем на канцэрт, ты не будзеш сумаваць? Мяне пакідалі з нянькамі, але тады я не да канца разумела, што адбываецца.

У падлеткавым узросце, канечне, было крыху балюча праз пастаянную адсутнасць бацькоў, але я разумела, што яны зарабляюць нам на жыццё, а рабіць гэта творчасцю не вельмі проста. Нават у самыя складаныя часы, калі канцэрты бацькі забараняліся, я ні ў чым не адчувала нястачы. Маці рабіла ўсё магчымае, каб у доме было ўтульна. Яны з бацькам стараліся не паказваць, што ў іх нейкія праблемы ў плане фінансаў ці палітыкі. За гэта я ім вельмі ўдзячная.

Сёння ў мяне куды больш сур’ёзныя фінансавыя праблемы (смяецца). Хоць я і маю цяпер у Польшчы нядрэнную стыпендыю — гэта як недзе 720 беларускіх рублёў, — але на ўсе студэнцкія патрэбы грошай не заўсёды хапае.

«Ніна»: Твой альбом змяшчае гісторыю ад падлеткавага ўзросту да сённяшніх дзён, але я не ўбачыла там песень, прысвечаных маці, якая сышла з жыцця ў сакавіку 2016 года…

АВ: Насамрэч амаль ва ўсіх песнях, акрамя тых чатырох першых, што напісаныя ў дзяцінстве, прысутнічае яе вобраз. Яны змяшчаюць увесь боль, які я адчула, калі яе не стала. Прысвяціць маці нешта адно я не здолела б эмацыйна: я б не змагла праспяваць такую песню, бо нават тыя творы, дзе ёсць толькі згадкі пра маці, даюцца мне складана.

«Ніна»: Як ты ўвогуле перажыла яе смерць?

АВ: Я памятаю, як два гады таму, у лютым, яна адпраўляла мяне на заняткі ў Польшчу. Яна дрэнна хадзіла і намякнула, што ў яе дэпрэсія. Але мне здавалася, што гэта проста нейкая псіхасаматыка, што ўсё пройдзе і наладзіцца. Перад маім днём нараджэння 23 сакавіка мы стэлефаноўваліся. Я казала, што, хутчэй за ўсё, правяду свята ў Польшчы, але яна клікала дадому, казала, што яны з татам падрыхтуюць сюрпрыз.

Адэля з бацькам і маці.

А потым бацька паведаміў, што ёй стала зусім дрэнна. Мне прыйшлося ўсё кінуць і вярнуцца ў Беларусь. Я прыехала на кватэру да бабулі, што на праспекце Пераможцаў, там маці жыла раней. Памятаю яе жоўты твар, яна ўжо не магла падняцца, проста ляжала і не разумела, што адбываецца, нават мяне не пазнавала…

Я таксама не да канца разумела тыя падзеі і паўтарала дзяжурныя фразы, каб падтрымаць бацьку і астатніх сваякоў, кшталту: «Усё будзе добра».

Я бачыла, як перажывае бацька, ён вельмі эмацыйны чалавек. І са свайго боку наўмысна заблакавала выхад усіх эмоцый. Калі б я гэтага тады не зрабіла, то звар’яцела б, хутчэй за ўсё. Затое гэта адгукнулася мне пасля. Калі я ўжо вярнулася ў Польшчу, толькі тады да канца асэнсавала, што адбылося. Пачалася дэпрэсія. Хацелася ўсё кінуць, нічога не рабіць.

Дарэчы, за некалькі гадоў да смерці маці ў нас з ёй была гутарка, у якой яна параіла ніколі не хадзіць на пахаванні блізкіх людзей. І вось так атрымалася, што маё першае пахаванне было такім…

«Ніна»: Некаторыя асуджалі Лявона Вольскага, калі ён неўзабаве пасля сыходу Ганны пачаў сустракацца з іншай жанчынай. Як ты адрэагавала на гэта?

АВ: Бацьку было вельмі складана. Гэта была вялікая страта і стрэс. Не буду казаць, што адбывалася, але тое было страшна.

Пры гэтым я не магла пастаянна знаходзіцца з ім разам, бо вучуся ў Польшчы. І я разумею, што новыя стасункі дапамаглі тату вытрымаць, я ўдзячная Янцы за гэта. Мне ніколі не хацелася сварыцца і крычаць на яго з гэтай нагоды, маўляў, «што ты робіш?». Калі ён шчаслівы, то шчаслівая і я.

Пра адукацыю, рэлігію і сяброў

«Ніна»: Ты вучылася ў 23-й беларускамоўнай гімназіі, пасля — у Коласаўскім ліцэі. Чаму галоўнаму там цябе навучылі?

АВ: Ліцэй адназначна навучыў мяне выжываць у жорсткіх умовах і верыць у сябе. А яшчэ пазнаёміў з цудоўнымі людзьмі, з якімі я камунікую да гэтага часу. З Ружанай, дачкой Вінцука Вячоркі, з Арсенем, унукам Генадзя Бураўкіна, з Багуславам, сынам Віталя Цыганкова, са Сцяпанам, сынам Аляксандра Пуцілы і іншымі.

Я не магу сказаць, што размаўляю выключна па-беларуску, бо ў мяне ёсць розныя знаёмыя і сябры. Аднак упэўнена, што не ведаць родную мову — дакладна сорамна.

«Ніна»: А як ты ўвогуле глядзіш на сучасную Беларусь, на тое, што ў нас адбываецца з правамі чалавека і свабодай слова? Ці хацелася б табе будаваць тут будучыню?

АВ: Гэта трэш!

Вельмі складана знайсці сваё месца ў нашай краіне, бо якія б ты цікавыя рэчы ні рабіў, цябе могуць ці пасадзіць, ці ўнесці ў чорны спіс, калі гэта хаця б крыху звязана з палітыкай.

Але, нягледзячы на гэта ўсё, я люблю сваю краіну і, седзячы ў Польшчы, думаю, што вельмі хачу вярнуцца.

«Ніна»: А як ты ў свой час трапіла ў хор пры касцёле?

АВ: Упершыню ў касцёл мяне прывяла бабуля. Я доўга спявала ў тамтэйшым хоры, дзе і падцягнула вакал. Пасля проста стала цікавіцца рэлігіяй ці, хутчэй, Богам: мне хацелася адкрыць для сябе нешта новае, зрабіць нейкія ўнутраныя адкрыцці. Я наведвала службы, заняткі пры касцёле, знайшла там шмат сяброў.

«Ніна»: То бок можна сказаць, што ў вас веруючая сям’я?

АВ: Тата прымае рэлігію, але ніколі не хадзіў у касцёл. Маці ж наведвала час ад часу. Сёння я і сама амаль не бываю на службах і стараюся больш шукаць Бога ў сабе, спрабую наладзіць з ім сувязь, бо не люблю, калі іншыя людзі крытыкуюць мой лад жыцця і вучаць, як мне трэба жыць.

«Ніна»: Чаму ты працягнула навучанне ў Польшчы, а не ў Беларусі?

АВ: У мяне не было адмысловай мэты з'ехаць, але калі з’явілася магчымасць паступіць у Польшчу па праграме Каліноўскага, я паспрабавала — і ў мяне атрымалася. Гэта не было запланаваным крокам.

Мне здаецца, па маёй спецыяльнасці «арганізатар мерапрыемстваў» у Польшчы больш чаму можна навучыцца.

«Ніна»: А ў цябе была магчымасць паспрабаваць сябе ў будучай прафесіі да паступлення? Ці ты абрала яе наўгад?

АВ: Я ў прынцыпе люблю сітуацыі, калі трэба адначасова шмат чаго рабіць. Калі на цябе нібыта валіцца гара смецця, а ты ўсё гэта хутка чысціш.

На летніх канікулах маці адпраўляла мяне працаваць у кампанію «Event Decor», там працуе яе найлепшая сяброўка дзяцінства. Я дапамагала арганізоўваць карпаратывы, вяселлі, розныя вечарыны. Таму паспела адчуць, як гэта — быць арганізатарам.

«Ніна»: І ты плануеш звязаць з гэтай дзейнасцю будучыню?

АВ: Хутчэй, не.

Цяпер я дакладна зразумела, што хацела б жыць на сродкі ад музыкі і творчасці. У гэтым я бачу сваё сапраўднае шчасце.

Я разумею, што шлях музыкі няпросты. Як у Беларусі, так і ў іншых краінах. Але я ведаю, што, калі чагосьці хачу, для мяне не існуе перашкод.

Пра дэбютны альбом, музычнае выхаванне і крытыку

«Ніна»: Пры канцы восені 2017 года ў цябе выйшаў дэбютны альбом «Казка». Пасля гэтага ў тваім жыцці нешта змянілася?

АВ: Людзі даведаліся пра мяне, некаторыя захацелі пазнаёміцца са мной бліжэй і працягваюць гэта рабіць. Вельмі прыемна, калі пішуць, што альбом файны. Нехта, вядома, яго крытыкуе — і я за гэта ім вельмі ўдзячная.

Але куды больш значаць для мяне змены, што адбыліся ўва мне: я нарэшце вырашылася падзяліцца сваім, унутраным. Па натуры я перфекцыяністка: мне ніколі нічога не падабаецца да канца. З альбомам таксама такое было: хацелася ўсё выдаліць і перапісаць наноў. Я да гэтага часу бачу ў сваіх песнях шмат недасканаласцяў. Але разумею, што адразу зрабіць усё ідэальна немагчыма: трэба і досвед, і работа над памылкамі. Таму цешуся, што ўсё ж вырашылася выдаць альбом, які пачаў пісацца яшчэ ў падлеткавым узросце.

«Ніна»: То бок ты ўважліва адсочваеш крытыку? Як ты на яе рэагуеш, асабліва калі яна не на тваім баку, калі цябе параўноўваюць з бацькам?

АВ: Калі робіш нешта ўпершыню, то, натуральна, цікава, як на гэта рэагуюць людзі. Нейкія абгрунтаваныя заўвагі я, канечне, прымаю. А на негатыў без аргументацыі, на бязглуздзіцу стараюся не зважаць.

Што да параўнанняў з бацькам, то ў нас з ім зусім розныя тэмы. Ён піша пра публічнае: грамадскія з’явы, палітыку тую ж. Я ж накіраваная ўнутр сябе, пішу пра асабістыя перажыванні. Хаця апошні альбом таты «Псіхасаматыка» таксама атрымаўся больш інтымным, чым звычайна, мне падаецца.

«Ніна»: Няўжо ў цябе няма ніводнага «змагарскага» верша?

АВ: Натуральна, ёсць. Тым больш што цяпер я вучуся ў Польшчы і перажываю эмігранцкія пачуцці, можна сказаць. Сумую па радзіме. Я пішу на розныя тэмы: часам гэта палітыка, часам — каханне. Звесці іх у адзін альбом было б досыць складана, таму «Казка» толькі пра ўнутранае.

Магчыма, у будучыні я змагу спалучыць розныя па змесце творы ў адно. Але рабіць выключна палітычны альбом я дакладна не збіраюся. Мне здаецца, гэта не маё.

«Ніна»: Ці ёсць у цябе мара запісацца з кім-небудзь разам?

АВ: Я пакуль што не ўяўляю сябе ў дуэце: гэта ж нейкім чынам трэба дамовіцца з чалавекам, які мае зусім іншыя погляды, густы, знайсці кампраміс… Гэта складана. У творчым плане я, відаць, крыху эгаіст. А вось мець свой гурт у будучыні я б хацела.

«Ніна»: Ты ж у ранейшых каментарах СМІ казала, што жывых выступаў пакуль не плануецца. Як можа існаваць гурт і ўвогуле выканаўца без гэтага?

АВ: Цяпер я асэнсавала, што без жывых выступаў не змагу, бо толькі такім чынам ты можаш адчуць энергетыку слухачоў, толькі так сам аддаешся творчасці напоўніцу. Па сакрэце скажу, што ўжо ў лютым разам з гітарыстам і клавішнікам планую зладзіць канцэрт у Мінску.

«Ніна»: Граць на гітары ты вучылася сама. Чаму так, калі побач быў бацька, які віртуозна валодае інструментам?

АВ: У дзяцінстве мае бацькі, як і многія іншыя, куды толькі не запісвалі мяне: і да рэпетытараў, і на тэніс, і ў музычную школу… Але тады мне гэта дужа не падабалася. Я не магла прымусіць сябе займацца ні піяніна, ні гітарай, ні мандалінай, на якія мяне прыводзілі. Мне не падабаліся саўковыя настаўнікі, і я не разумела, навошта мне гэта. У тыя гады я ўсё гэта кінула, пра што цяпер, натуральна, шкадую.

Пэўны час я была вельмі складаным дзіцём: лічыла сябе готам, насіла толькі чорны колер і фарбавала ў такі ж валасы, слухала цяжкую музыку кшталту Korn, System of a Down і не хацела вучыцца. Бацькі перажывалі за маю будучыню, таму маглі і пакараць, і пабіць, калі заслугоўвала.

А вось гадоў у 11 ува мне прачнулася моцнае жаданне спяваць і граць на гітары. Я тады сказала тату, што авалодаю інструментам самастойна. Ён быў упэўнены, што я займаюся глупствам і ніколі гэтаму не навучуся, бо раней кінула. Але я даказала яму і сабе, што змагу. Глядзела розныя медыякурсы, ютуб, разбірала акорды, дзесьці тыдзень пахадзіла на заняткі да знаёмых і ў выніку навучылася. Сама. У мяне ўсё атрымліваецца лепш, калі я займаюся гэтым менавіта самастойна. Бо калі існуе жаданне, зробіш усё, нават немагчымае.

«Ніна»: А як увогуле фармаваўся твой музычны густ?

АВ: У дзяцінстве я слухала розную замежную папсень кшталту Брытні Спірс, Рыяны, хаця тата мяне сароміў за гэта. Ён увогуле заўсёды казаў праўду, за што я яго і люблю. Памятаю, калі я паказвала яму першыя вершы, шчыра казаў, што гэта нейкая ахінея.

Паступова я сама перайшла спачатку на класічную музыку, пасля — на рэгі. Потым быў джаз, які я заўсёды слухаю, каб узняць сабе настрой, кантры. Люблю таксама класічны рок. Не скажу, што не слухаю той жа рэп — усё ж гэта сёння хайповы жанр. Я назіраю за батламі на ютубе, паважаю ЛСП. Але рэп для мяне — мімалётнае, каб заставацца ў тэме, пастаянна слухаць я такое не буду.

Пра каханне, знешнасць і хлопцаў

«Ніна»: У альбоме ёсць песня «Любы» з такімі словамі: «Дзе ты мой любы? Без цябе жыць цяжка мне, а з табой яшчэ горш. Сябе я ламаю, каб стаць лепш гэтым летам. Усё дзеля цябе, усё дзеля кахання. Ай, дастала мяне дурацкае чаканне!». Гэта прысвячаецца камусьці канкрэтнаму?

АВ: Мне 19 год, і, як у любой дзяўчыны ў такім узросце, у мяне ўжо былі розныя гісторыі, звязаныя з каханнем. Таму песня змяшчае ўсе пачуцці, перажытыя за гэтыя гады. Асабліва, калі яны дастаюць і хочацца паслаць усё нафіг.

«Ніна»: А цяпер у цябе ёсць хлопец?

АВ: Так, яму 25, ён беларус. Мы сустракаемся не так даўно, але калі мы пазнаёміліся, я адразу зразумела, што гэта на 90% мой чалавек. Таму не думаю, што ўсё, што паміж намі адбываецца, хутка пройдзе.

«Ніна»: Ёсць нешта, што цябе раздражняе ў хлопцах?

АВ: Мне не падабаецца, што цяпер дзяўчатам амаль заўсёды даводзіцца рабіць першы крок. І калі ты хочаш пазнаёміцца, і калі проста запланавала сустрэцца са старымі сябрамі — арганізацыю трэба браць у свае рукі.

У бытавых сітуацыях я люблю баланс, як цяпер у нас ёсць з хлопцам: гатаваць магу і я, і ён.

А вось калі мне ўказвалі маё месца, нагадвалі, што абавязкі жанчыны — ісці на кухню і варыць боршч, гэта выклікала ў мяне забастоўку. У такія моманты ўва мне прачынаецца сапраўдная феміністка.

«Ніна»: Наколькі для цябе важная знешнасць?

АВ: Мне падабаецца быць прыгожай, але без фанатызму. Калі дзяўчаты пастаянна сочаць за модай, скупляюць усе часопісы, каб быць у курсе апошніх трэндаў — для мяне гэта смешна. Я дакладна ніколі б не зрабіла пластычную аперацыю, як паступаюць некаторыя зоркі. Недахопы ў целе — гэта натуральна, а мне падабаецца натуральнасць.

Пра будучыню

«Ніна»: Чаго чакаць ад цябе ў найбліжэйшы час?

«Ніна»: Я ўжо працую над новым альбомам, паралельна займаюся самаадукацыяй. Больш за ўсё ў мяне прэтэнзій да маіх вершаў, таму я чытаю шмат паэзіі, як беларускай, так і польскай, рускай, а таксама тэксты іншых выканаўцаў. У асноўным уся праца адбываецца на паперы: я ні чытаць не люблю з манітора, ні пісаць у вордзе.

На песню «Ніхто не кіруе намі» хочацца зняць кліп у нейкім абстрактным стылі. А яшчэ планую ў сваіх суполках у сацсетках выкладаць вершы, бо не з усіх тэкстаў нараджаюцца песні, а дзяліцца з публікай тым, што ў мяне адбываецца, хочацца.

Ну, і чакайце мінскі канцэрт у лютым.

Гутарыла Кацярына Карпіцкая, фота з архіваў гераіні

Каментары
мікола / Адказаць 10.01.2018 / 20:03

Бацька! Вельмі падобная

4
Гряцыян Таурычэскi / Адказаць 10.01.2018 / 20:39

Добрае дзяучо. Поспехау!

8
Pidżama / Адказаць 10.01.2018 / 20:39

Любить Родину хорошо издалека.

42
каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура