Праект газеты
Гісторыі Знялі ФОТАпраект пра роды беларусак — ніякіх «інфантыльных даліктусек»17

Фотасерыя #Privacy Веранікі Заўялавай і Таццяны Ткачовай распавядае гісторыі родаў сямі жанчын. Многія з іх пасля першага знаёмства з беларускімі радзільнямі прынялі рашэнне ў наступны раз нараджаць дзе заўгодна, абы не там. Але гэты праект не пра хатнія роды — ён пра роды агулам.

«Ведаеце, яно так супала, што фатаграфаваліся ў асноўным гераіні, якія нараджалі дома. Але гэтыя жанчыны спрабуюць зрабіць выбар. Адна гераіня ў праекце не мае дзяцей наогул, — тлумачыць Вераніка Заўялава.

— Гэты праект пра выбар. Пра права прымаць рашэнне жанчыне самой. Тое «так», што нібыта патрабуецца сказаць на прапанову медыцынскага ўмяшання, яно фармальнае і не мае ніякага значэння, пакуль няма магчымасці сказаць «не». Тады з’яўляецца мяжа і адказнасць, якую, праўда, у нас блытаюць са страхам пакарання. А гэта пра прыняцце рашэння і прыманне яго наступстваў. Пра свядомы аналіз таго, што адбываецца. Боязі не павінна быць, калі ёсць прафесійная і чалавечая адказнасць».

Сёння ў Беларусі жанчыны не могуць выбіраць, як нараджаць. Фармальна хатнія роды не забароненыя, але паводле закона «Аб ахове здароўя», аказанне кваліфікаванай медыцынскай дапамогі можа адбывацца толькі ў медыцынскіх установах. Жанчынам, якія нарадзілі дома, папросту не паспеўшы даехаць да лякарні, пасля даводзіцца доўга выслухоўваць тырады дактароў, даказваць ненаўмыснасць свайго ўчынку і прымаць дома сацыяльныя службы. Тыя ж пасляродавыя выпрабаванні даводзіцца праходзіць і жанчынам, якія загадзя рыхтуюцца да хатніх родаў.

Ядром жаночага супраціву стала гісторыя Вольгі Сцяпанавай, якая пасля імклівых родаў дома ў Віцебску апынулася за кратамі. За самі роды не ў радзільні Крымінальны кодэкс не прадугледжвае адказнасці, справу завялі за прычыненне смерці праз неасцярожнасць, бо дзіця загінула. Першапачаткова суд Чыгуначнага раёну Віцебску прысудзіў Вольгу да шасці месяцаў у калоніі-пасяленні. Вызвалення жанчыны запатрабавалі дзясяткі тысяч чалавек, што падпісаліся пад адпаведнай петыцыяй. Пасля суд змяніў пакаранне на падпіску аб нявыездзе. Апынуўшыся на волі, Вольга прыняла рашэнне падаць апеляцыю на прысуд, і яго ў выніку адмянілі. Аднак 9 студзеня 2018-га справа жанчыны будзе разглядацца паўторна.

«Клопат пра дзяцей немагчымы без клопату пра жанчын, якія выношваюць і нараджаюць гэтых дзяцей. Медыцынская дапамога падчас цяжарнасці і родаў неабходная і павінна быць даступнай, але яна мусіць адпавядаць патрэбам жанчыны, яна не павінна быць аўтарытарнай. Дзяржава мусіць імкнуцца належным чынам забяспечваць свае абавязальніцтвы, у тым ліку і бяспеку мацярынства. Нельга асуджаць жанчыну за абставіны і выбар. Давайце абмяркоўваць, ці ёсць у жанчын выбар і бяспека ў сваім выбары?», — звяртаецца Вераніка Заўялава.

Фотапраект #Privacy — Цяжкасці перакладу правоў чалавека жанчыны

Настасся, трое дзяцей, 34 гады

«У мяне трое дзяцей. Усе цяжарнасці адбываліся ў Беларусі. Вядзенне цяжарнасці яшчэ можна было неяк вытрымаць, але нараджаць тут мне было страшна. Таму першы раз атрымалася збегчы ў іншую краіну. У другі — не атрымалася… Мая дачка нарадзілася ў радзільні ў цяжкім стане, на мяжы жыцця і смерці. І мяне спрабавалі абвінаваціць у гэтым. Псіхалагічныя наступствы гэтых родаў не адпускалі мяне доўгіх 10 гадоў. У трэцяй цяжарнасці і родах засталася ў Беларусі, але ў радзільню не паехала».

«…Гісторыя Вольгі [Сцяпанавай — Рэд.] пра тое, што ў жанчын спрабуюць адабраць уяўную магчымасць выбару, але нічога не прапануюць узамен. Нас ставяць перад фактам: або так, або ніяк».

Наста, двое дзяцей, 33 гады

«…Чым далей, тым больш адчуваю гвалт з боку грамадства, сацыяльныя канструкты, якія робяць жанчыну інкубатарам без аглядкі на яе асобу».

«Нараджала дзяцей дома, таму што для мяне вельмі важная бяспека. Ведаючы, што адбываецца ў радзільнях, я разумела: там тую бяспеку я атрымаць не магу. Асноўнымі патрэбамі былі камфорт, спакой, адсутнасць прыніжэння і гвалту, адсутнасць умяшання».

Вікторыя, двое дзяцей, 32 гады

«Я адчувала сябе ў палоне падчас першых родаў у радзільні… Напэўна, найбольш траўмавала стаўленне да мяне як да аб’екта. Адсутнасць тлумачэнняў або тлумачэнні з пагардай, адкрытая хлусня: «вітамінчыкамі для дзіцяці» назвалі аксітацын, укалолі яго без маёй згоды.

Незадаволеных умовамі родаў чамусьці ўсе бачаць наманікюранымі інфантыльнымі даліктусямі, якія хочуць, каб з імі сюсюкаліся, трымалі іх за руку, сядзелі побач і гладзілі па галаве. Але мне не трэба сюсюканне. Мне трэба, каб мяне пачулі: як я хачу нараджаць?»

«Другое фота для мяне пра права на самасць. Маё жыццё — гэта мая актыўнасць. Мой выбар. Мае роды. Мая тэрыторыя. Недатыкальная. Тэрыторыя, на якой спакойна, бяспечна, ціха. Тэрыторыя, на якую няма доступу чужынцам. Тэрыторыя, дзе мне не могуць загадваць, мяне могуць толькі спытаць і прыняць маю адмову».

Дар’я, двое дзяцей, 38 год

«Даведаўшыся пра гісторыю Вольгі, я адчула сваю бездапаможнасць і бяспраўнасць. Я — мама дваіх дзяцей, першага нараджала ў радзільні ў Мінску, не маючы ўяўлення пра ўмовы радзільні, пра магчымыя маніпуляцыі і іх наступствы. Другое дзіця я нарадзіла дома».

«Удзельнічаю ў праекце, бо давяраю свайму досведу, ведам, адчуванням і абіраю лепшы і больш бяспечны спосаб нараджэння сваіх дзяцей. І за гэты выбар мяне нельга абвінаваціць і асудзіць».

«Хадзіла на курсы, выбірала радзільню, шукала месца, дзе можна нарадзіць з партнёрам, пазнаёміцца загадзя з лекарам і акушэркай. Ніводная радзільня ў Мінску не дала мне такіх гарантый. Я хачу нарадзіць яшчэ, і для мяне важна мець выбар: дзе, як і з кім. Магчыма, я абяру радзільню з адпаведнымі ўмовамі».

Наталля, дзяцей няма, 39 год

«Пакуль фатаграфавалася, я ўзгадвала ўсіх сваіх сябровак, якія перажылі роды як жах. З іх слоў, і цяпер у сістэме дапамогі падчас цяжарнасці і родаў пануе гвалт, воля персаналу, які ведае, як для цябе павінна быць лепш, і, па-мойму, забівае ўсю радасць мацярынства».

«Сама гісторыя майго з’яўлення на свет — гэта гісторыя мудрасці маёй мамы. У ціхі час яна збегла з радзільні, дзе роды паскаралі таблеткамі і грубымі стымуляцыямі. Будучы дзядуля, даведаўшыся пра ўмовы ў радзільні, стаў на бок нявесткі. Паколькі жылі яны ў прыватным сектары, ён зачыніў дзверы на засаўку і не пускаў ніякіх лекараў з радзільні. А я шчасна нарадзілася праз пяць дзён. Навучаная горкім досведам, мама паступіла ў іншую радзільню ўжо з актыўнымі патугамі, але і там ёй давялося адстойваць свае правы…».

Дана, адно дзіця, 28 год

«…Гэта неймаверная жорсткасць у дачыненні да маці, яе сям’і і маленькай дачкі! [гаворка пра Вольгу Сцяпанаву. Пакуль жанчыну ўтрымлівалі за кратамі, яе малое дзіця было без маці, толькі з бацькам — Рэд.] І самае жудаснае — такое магло адбыцца з кожнай з нас, бо тут гаворка ідзе пра хуткія роды… На шчасце, пра акушэрскую агрэсію ў радзільнях я ведаю толькі па гісторыям іншых жанчын, але псіхалагічны гвалт у жаночай кансультацыі выпрабавала на сабе ў поўнай меры…».

«Нашы хатнія роды былі ўсвядомленым рашэннем з першых тыдняў цяжарнасці, і прайшлі шчасна, пакінуўшы цёплыя ўспаміны. Цяпер я разумею, што хацела нарадзіць дома, а не ў радзільні. Мае патрэбы ў родах (калі цёмна-цяпло-ціха, няма непатрэбных умяшанняў, ёсць падтрымка мужа, свабода ў выбары позы) у радзільні было б вельмі складана рэалізаваць. Хацелася б, каб жанчыны ў нашай краіне маглі абіраць і акушэрку, і месца родаў, і неабходную медыцынскую дапамогу пры родах».

Вераніка, двое дзяцей, 40 год

«Я нарадзіла дваіх сваіх дзяцей у радзільнях у 2009 і 2013 гадах у Мінску. Я часам чую ў адказ на спробу пагаварыць пра патрэбы жанчын падчас родаў: «Вас што, кожную па каленцы лекары павінны гладзіць?» Прыбярыце свае рукі ад маіх каленак! Я ніколі больш не збіралася нараджаць дзяцей пасля досведу першых родаў».

«Перад другімі родамі я зразумела, што для мяне няма выбару паміж радзільнямі і давядзецца ехаць у нейкую бліжэйшую.

Мне сніўся сон, або пераследаваў дакучлівы вобраз, як я прыязджаю ў радзільню перад самымі родамі, зачыняюся ў душы і ціхенька нараджаю там сваю дзяўчынку, каб яе і мяне не чапалі чужыя грубыя нахабныя рукі».

Аўтаркі праекта заклікаюць жанчын і мужчын дзяліцца сваімі гісторыямі, меркаваннямі і досведам пад хэштэгамі #Privacy #ПраваЖенщинВРодах #янарадзілатут #родыбезгвалту #защитаМатеринства

Nina.nn.by

Каментары
Кропкабай / Адказаць 09.01.2018 / 09:20

Брыдка слухаць/чытаць. Калі ў вас няўдалы досвед родаў у радзільнях, гэта не азначае, што і ў іншых тое самае. Фота памерлых у родах дома ніхто не выстаўляе, ці пра такія выпадкі аўтаркі не праекту не чулі? Бабулі раней і ў полі нараджалі, дык што, на іх раўняцца? Няхай нараджаюць, дзе хочуць, але навошта пераконваць астатніх, што так і трэба?

28
хрустик. / Адказаць 09.01.2018 / 09:53

в этой стране в советские времена полностью перекроили населению сознание и моральные ценности. не стоит ждать от совочников человеческого поведения. уж более четверти века совок как сгнил, а они все еще на маевки да субботники шагают и истерично своих детей заставляют делать тоже самое. это уже не люди. хотите человеческого отношения, это в других странах. без вариантов.

5
М. / Адказаць 09.01.2018 / 09:59

Я нарадзіла тут, у шэраговым 6 мінскім роддоме. Гэта цяжкі досьвед. Таму што роды гэта ўвогуле цяжка. Ведала, што будзе боль, але не ўяўляла, што будзе ТАКІ боль. І я радуюся, што тады, калі была маладой і магла падпасьці пад уздзеянне расповедаў аб хатніх родах, я пра гэта не чула. Бо паверыла б, і не вытрымала б таго, чым яно ў выніку апынулася. Не ўяўляю, якім чынам можна насмеліцца свядома застацца адной у такі момант. Што да родаў у роддоме. Шмат інфармацыі чула пра гэты роддом, пераважна негатыўнай – напэўна таму, што ніхто не піша пра звычайныя рэчы, пра добрае. А як давялося на свае вочы пабачыць, зусім інакш успрымаеш усе гэтыя скаргі. Стаўленне персаналу да парадзіх было добрым, медыкі ўсе як адзін, ураўнаважаныя, далікатныя. Ні разу за месяц на захоўванні і за тыдзень пасля родаў я не пачула грубага слова, ўсе прыязна ставіліся, дапамагалі, падказвалі. Сюсі-пусі не было, звычайнае чалавечае стаўленне. Так, ёсць нейкія праблемы, якія можна было б выправіць. Але іх мне даводзіцца ўзгадваць, перабіраць падрабязна ўспаміны, вышукваючы. Адназначна страшнае для мяне там было адно – кінутыя дзеці. Жудасна. Немаўляткі ў боксах, усе ў аднолькавых казённых пялюшках, персаналу бракуе, маляты плачуць... Ты глядзіш на сваё дзіця, разумееш, колькі ўвагі яму аднаму зараз трэба, якое яно далікатнае і ўражлівае, і страшна падумаць, што даводзіцца перажываць гэтым кінутым дзеткам, якім непашчасціла нарадзіцца нікому не патрэбнымі... З таго часу лічу, што аборт гэта ўсё ж больш гуманна і гатовая паспрачацца пра гэта з любымі пралайферамі.

10
каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура