Праект газеты
Накіпела Выхавальніцы садкоў: Нам давяраюць дзяцей, але пры гэтым ні ў што не ставяць30

Навіна пра тое, што трое хлопчыкаў 3-4 гадоў са Светлагорска самастойна сышлі з дзіцячага садка і селі на цягнік да Жлобіна, выклікала гарачае абмеркаванне. І больш за ўсё ў гэтай авантуры дасталася не галоўным віноўнікам, а супрацоўнікам садка № 21. Выхавальніцу, нягледзячы на яе салідны стаж, звольнілі на наступны ж дзень. Следам за ёй працоўную кніжку вярнулі і загадчыцы дашкольнай установы.

У якасці ілюстрацый да матэрыялу выкарыстаная фотасерыя «Дзіцячы сад нумар сто адзін» Аляксея Ждановіча.

Пакуль супрацоўнікі аддзелаў адукацыі робяць з гэтай гісторыі высновы і гавораць пра неабходнасць усталяваць камеры відэаназірання ў вялікіх садках, мы пагутарылі з сённяшнімі і ўчарашнімі выхавальніцамі і іх памочніцамі пра тое, што б сапраўды магло палепшыць іх працу і чаму не заўсёды ва ўсім вінаваты той, каго такім прызналі.

Ніна Гарматная, выхавальніца ў садку Бярозаўскага раёна (стаж працы — 34 гады):

— Па адукацыі я настаўніца фізікі і матэматыкі. Спачатку выкладала ў вёсцы матэматыку, а пасля, калі там не стала месца, мне прапанавалі паспрабаваць сябе ў дзіцячым садку ў горадзе. Я аднеквалася, тлумачыла, што не ведаю спецыфікі працы. Але мяне ўпэўнілі, што нічога складанага там няма: трэба рабіць усё тое ж, што і са сваім дзіцяці.

Гадоў 15-20 таму, памятаю, у агароджы вакол садка, дзе я працавала, доўгі час былі дзіркі. Я баялася, каб чаго не здарылася, кожны шпацыр быў стрэсам. Пасля агароджу адрамантавалі. Цяпер я такога ўжо ні ў якіх садках не бачу. На брамкі кручкі вешаюць толькі так, каб дзіця не дацягнулася. У гэтым сэнсе мы абароненыя.

Сёння я працую ў вёсцы Здзітава, там дзяцей няшмат. А вось у гарадской групе, што я выпускала, памятаю, было 27 чалавек. Праз такую перапоўненасць вельмі складана. Кожнае дзіця павінна быць навідавоку, а ты адзін на столькі чалавек! Было б камфортна, каб у групах было не больш за 15 дзяцей — тады рэальна прасачыць.

Залішне ў нашых абавязках запаўнення паперак. Паколькі для мяне галоўнае — дзеці, то даводзіцца браць журналы дадому ці паспяваць рабіць усё падчас ціхага часу.

З улікам адукацыі і вышэйшай катэгорыі я зарабляю каля 500 рублёў, але гэта столь для стаўкі, больш ужо і нельга. Маладыя спецыялісты ў нас атрымліваюць у межах 300 рублёў.

Дзяржава не выдзяляе садкам грошы на канцтавары. Адзінае, што мы атрымліваем з бюджэту — сродкі на спецлітаратуру, але ўсё адно дадаткова прыходзіцца скідвацца самім, бо нармальныя метадычкі за тое не купіш. Выдзяляе аддзел адукацыі таксама бытавыя тавары, але і іх не хапае, таму ўсе садкі жывуць, у асноўным, за кошт бацькоў.

Тое, што ў Светлагорску звольнілі выхавальніцу і загадчыцу садка — гэта няправільна. На мой погляд, рыба гніе з галавы — трэба было раней задумацца пра лепшае ўмацаванне тэрыторыі, пра рэжым працы. А яшчэ выхавальнікі і, у першую чаргу, самі бацькі павінны вучыць дзяцей прымітыўным мерам бяспекі: не дазваляць нікуды адпраўляцца адным у маленькім узросце і тлумачыць, да чаго гэта можа прывесці.

Святлана С., 7 гадоў адпрацавала памочнікам выхавальніка:

— Сама я хімік, сем гадоў таму на заводзе зачыняўся цэх, і мне прапанавалі пайсці працаваць у садок. Я сама па сабе вельмі актыўная: калі нейкія святы ці ранішнікі — люблю прымаць у гэтым удзел і дапамагаць з арганізацыяй.

Самае складанае ў нашай працы — эмацыйна няўстойлівыя дзеці і іх неадэкватныя бацькі. Большасць выхаванцаў паслухмяныя: кажаш браць крэслы і сядаць — яны так і робяць. Але ёсць асобныя дзеці, якія што хочуць, тое і робяць, бо дома дазволена ўсё. Калі трэба, яна дамагаюцца свайго крыкам. Я заўсёды бачу, якім дзіцём займаліся, а каму проста давалі ў рукі планшэт, каб адчапіўся і змоўк.

Памятаю, я раздавала абед. У маю прысутнасць адзін хлопчык даў іншаму ў нос — пайшла кроў. Я не паспела нават зрэагаваць, бо як тут зрэагуеш, калі стаіш з кампотам, а ўсё адбываецца імгненна. Але вінаваты ў выніку хто? Заўсёды гэта выхавальніца і яе памочнік, бо менавіта мы не даглядзелі. Але як можна прадбачыць такія моманты, калі ў цябе пад носам 17 і больш чалавек?

Пасля таго выпадку маці аднаго хлопчыка пачала планамерна скардзіцца ў аддзел адукацыі: маўляў, мы не ўмеем працаваць з дзецьмі. У тым, што ў яе нявыхаваны сын, які нават пры ёй лупіў іншых дзяцей, таксама вінаватыя мы. Бо мы ніхто і зваць нас ніяк. У выніку тая маці дабілася свайго — у верасні 2017 года з садка звольнілі і мяне, і выхавальніцу, каб спыніць канфлікт.

Сітуацыя, як у Светлагорску, магла б здарыцца дзе заўгодна, проста па сваім сцэнары. Дзеці на вуліцы бегаюць па ўсім перыметры: адзін пабег на адну пляцоўку, іншы — на другую. Потым ты, канечне, пералічваеш іх, але дзіця можа схавацца ці яшчэ што прыдумаць.

З групы, канечне, у нашым садку ніхто б дакладна не збег: у нас там быў выключна адзін выхад, на якім з раніцы да вечара сядзеў дзяжурны.

Было б нядрэнна ўсталяваць у садках відэаназіранне ў першую чаргу для таго, каб бацькі бачылі, што часам вырабляюць іх дзеці. Бо яны ніколі не вераць выхавальнікам, калі тыя расказваюць, што іх нашчадкі дрэнна сябе паводзяць і самі крыўдзяць іншых дзяцей: жорстка б’юць, адбіраюць цацкі і гэтак далей.

Калі я сыходзіла з працы, атрымлівала 210 рублёў. У выхавальніцы выходзіла максімум 300 рублёў. Вось за такія грошы нам давяраюць самае каштоўнае ў жыцці — дзяцей.

Валянціна В., памочніца выхавальніцы ў адным з садкоў Магілёва:

— Раней я працавала за станком на «Стужцы». З узростам адчула, што стала цяжка, таму вырашыла пашукаць нешта лягчэйшае. Прапанавалі дзіцячы садок: спачатку мяне ўзялі на кухню, а пазней я перайшла на пасаду нянькі. Дзяцей я люблю, мне падабаецца бавіць з імі час.

Мы добра спрацаваліся з выхавальніцай, таму я дапамагаю ёй ва ўсім, хіба толькі сама не праводжу заняткі. У групе 26 дзяцей — гэта шмат, зацікавіць сённяшняе пакаленне чым-небудзь надоўга складана, таму нагрузка вельмі адчуваецца. За дзень стамляешся моцна.

Па правілах у выхавальніц павінен быць чалавек на падмену, але на практыцы вельмі часта даводзіцца працаваць у дзве змены: па 10,5 гадзін знаходзіцца з дзецьмі сам-насам. Я цяпер на бальнічным, дык калега ўвогуле амаль пастаянна працуе адна. У яе ўжо чорныя кругі пад вачамі, бо чалавек вымушаны жыць у садку. А заробкі нашы смеху вартыя: у яе — каля 300 рублёў, у мяне — не больш за 250.

Неяк з іншай выхавальніцай перадпенсійнага веку, якая прыходзіла на падмену, здарыўся непрыемны выпадак. Яна дрэнна сябе адчувала і так атрымалася, што ўпусціла момант, калі дзеці цягалі адно аднаго за рукі. Адзін хлопчык паслізнуўся, а зверху на яго ўпаў іншы. Праўда, гарэзы падскочылі і працягнулі гуляць, таму гэта засталося без увагі. Ужо дома ў таго хлопчыка, што паслізнуўся, распухла рука. Дактары знайшлі расколіну, і маці адразу паскардзілася на выхавальніцу, бо тая не аказала першую дапамогу пасля няшчаснага выпадку.

Неўзабаве той жа хлопчык, які сам па сабе вельмі актыўны, насіўся па садку. Тая ж выхавальніца хацела яго супакоіць: развяла рукі, каб спыніць, але трымала асадку і выпадкова прайшлася ёй па шыі хлопчыка. Маці ён сказаў, што жанчына раніла яго спецыяльна. Тая адразу пайшла да загадчыцы і папрасіла ахаваць яе дзіця ад такой выхавальніцы назаўсёды.

Жанчыну перавялі працаваць у іншую групу, але папярэдзілі: калі такое здарыцца яшчэ раз, яе адразу звольняць. Ніхто звычайна не разбіраецца, хто вінаваты і чаму, выпадковасць там была ці не.

Садок, у якім я працую, вялікі: больш за 200 выхаванцаў. Паколькі бацькі ходзяць да нас на працягу ўсяго дня, брамку ніхто не зачыняе. Як аблегчыць працу выхавальнікам? Было б добра, каб у групах было максімум 15 чалавек. Тады да кожнага дзіцяці можна падысці, паразмаўляць, пракантраляваць яго дзеянні.

Замест таго, каб усталёўваць у садках камеры відэаназірання, лепш даць магчымасць узяць дадатковага супрацоўніка. Камеры — гэта не жывы чалавек, і даглядаць за дзецьмі як выхавальнік яны не змогуць.

Юлія Голубева, адпрацавала выхавальніцай у Мінску 2 гады:

— Пасля заканчэння ўніверсітэта мяне размеркавалі ў мінскі дзіцячы садок на пасаду выхавальніцы. Я адпрацавала там два гады. Больш не змагла, бо зразумела, што гэта не маё.

Мяне напружвалі татальны кантроль і вечныя праверкі. І самае страшнае, калі дзеці падалі, разбівалі каленкі, ілбы і гэтак далей. Ты разумееш, што ўсе хочуць прыйсці і забраць здаровае, цэлае дзіця, але ўсё прадугледзець немагчыма.

У нашых групах колькасць дзяцей даходзіла да 27 — гэта вельмі шмат. Ніякія камеры відэаназірання не дапамогуць прадухіліць бяду. Дапамаглі б меншая колькасць дзяцей у групах і годны заробак для выхавальнікаў і іх памочнікаў. Гэта таксама прыцягвала б на месцы найлепшых спецыялістаў.

Гутарыла Кацярына Карпіцкая, фотасерыя Аляксея Ждановіча

Каментары
капітан Каталкін / Адказаць 08.01.2018 / 11:05

Затое у прэзідэнцкі фонд з бюджэта на гэты год выдаткавалі ажно 600 мільёнаў даляраў. Дакладней - адзін мільярд дзвесце мільёнаў рублёў! Разуйце вочы, з вас здзекуюцца, а вы ўсё маўчыце. Ну, маўчыце і далей...

0
T / Адказаць 08.01.2018 / 11:25

У Беларусі норма дзяцей для груп 30 чалавек, у пачатку 90-х норма была меншая, каля 20. На практыцы у групу ходзяць з 30 дзяцей 20, асабліва ў зімку, бо дзеці хварэюць - то бок атрымліваецца што дзіцё 1/3 часу жыцця хварэе. . А хварэюць бо і групы вялікія, і часу каб часта мыць рукі і твар няма, а самае галоўнае бацькам не выпісваюць "бальнічны", і таму дзеці ходзяць хворымі у садок і школу. Калі старэйшыя дзеці могуць хварэць самі, то маленькія не могуць. Увогуле эфектыўнасць садкоў малая, вось самы паспяховы прыклад Фінляндыі - па першае бацькам плацяць грошы каб яны не аддавалі дзіцё у садок, па другое у групе мала дзяцей. Павялічыць час догляду за дзіцём у Беларусі было бы выгадна, бо садкі трэба будаваць, і плаціць заробак - бацькі хоць і плацяць, але садкі стратныя. І дзеці меней. Досвед прыватных садкоў , якія забяспечваюць добрае выханне паказвае, што выдаткі на аднаго дзіцяці 500 долараў у Мінску, і 350 калі за Кальцавой, дзе танней будынкі. Прыватны беларускамоўны "міні-садочак" - дагляд толькі да 4 гадзін - у раздзеле выхавання дзяцей стратны, пры гэтым так не кормяць, і пры гэтым месцаў там няма. але хаця бы дзеці не хварэюць. . www.facebook.com/timeclubdvorik "Но иногда, как и в России, с местами в саду «напряженка». Такая ситуация встречается в крупных городах – Хельсинки, Тампере или Турку. Тогда местные муниципальные власти идут на всяческие уловки. Например, ежемесячно выплачивают из бюджета дополнительные 500 евро семье, лишь бы один из родителей оставался с ребенком дома.

5
Вовенций / Адказаць 08.01.2018 / 11:26

При капитализме есть несколько универсальных формул. Одна из них: кто на что учился. Самая подлая из всех. Водитель, который водит задницу начальника получает в разы! Это справедливо? Вы же доверяете этим людям своих детей. Они за жизнь! отвечают. Непонятно, что ли? И их зарплата почти как у вахтёра. В конкретном случае не надо было увольнять, а надо было посочувствовать воспитательнице. Верните ее на работу!

2
каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура