Праект партала
Навокал
04.01.2018 / 21:04
Трансгендарная жанчына з Узбекістана просіць у Беларусі прытулку22

Ва Ўзбэкістане яе зьбівалі і гвалцілі ў паліцыі, патрабуючы назваць імёны іншых прадстаўнікоў ЛГБТК-супольнасьці, — кажа яна. Крымінальны кодэкс гэтай краіны прадугледжвае да трох гадоў турмы за гомасэксуальныя стасункі, паведамляе Радыё Свабода.

4 сьнежня К. зьвярнулася ва Ўпраўленьне грамадзянства і міграцыі Менгарвыканкаму з хадайніцтвам аб прытулку на падставе перасьледу пэўнай сацыяльнай групы. К. кажа, што яна трансгендэрная жанчына, асоба без грамадзянства. Яна распавядае пра перасьлед і тлумачыць, што ва Ўзбэкістане яе чакае турма.

«Менскае прадстаўніцтва Ўпраўленьня Вярхоўнага камісара ААН па правах уцекачоў дапамагло, — кажа праваабаронца Натальля Манькоўская. — Яны выдалі ліст з просьбай, каб К. не затрымлівалі, разгледзелі яе хадайніцтва, і напісалі, што Ўпраўленьне Вярхоўнага камісара ААН па правах уцекачоў будзе дапамагаць падчас разгляду хадайніцтва».

Гісторыя К.: трансгендэрная жанчына і асоба без грамадзянства

«Мяне чатыры разы затрымлівалі МУС і СНБ Узбэкістану падчас аблаваў. Першы раз у 2014 годзе, — кажа К. — Зьбівалі, патрабавалі, каб назвала імёны такіх жа, як я. А падчас апошняга затрыманьня 3 студзеня 2017 году мяне згвалціў супрацоўнік міліцыі».

26-гадовая К. заяўляе пра сябе як пра трансгендэрную жанчыну. Паводле дакумэнтаў яна мужчына і выглядае як мужчына. Называе сябе жаночым імем і кажа, што прыналежнасьць да жанчын усьвядоміла яшчэ ў маленстве.

«У мяне няма папераў, якія пацьвярджалі б маю ідэнтычнасьць. Бо ва Ўзбэкістане няма камісіі, якую можна прайсьці і атрымаць даведку. Але ва Ўзбэкістане ёсьць крымінальны перасьлед за сэксуальную арыентацыю», — кажа К.

Як мужчына К. выглядае толькі на вуліцы, каб адпавядаць дакумэнтам. «У хатняй абстаноўцы я выглядаю зусім інакш», — кажа яна і паказвае фота на тэлефоне, дзе сапраўды выглядае як жанчына. Ва Ўзбэкістане такі выгляд можа каштаваць жыцьця. Сама К. кажа, што ёй ня раз пагражалі там сьмерцю.

«Сяброў у мяне там было няшмат. Я была сама па сабе. Твой жа сябар падчас такога зьбіцьця цябе ж і выдасьць. Я стопрацэнтна ўпэўненая, што хтосьці так і зрабіў, бо мяне ўвесь час затрымлівалі на кватэрах, дзе я жыла. Я там старалася ўвогуле ні з кім не камунікаваць», — кажа К.

Яна кажа, што ўсе гэтыя затрыманьні адбываюцца неафіцыйна.

«Проста заводзяць чалавека ўначы ў аддзяленьне, нідзе не адзначаюць. Калі з табой штосьці здараецца, нічога немагчыма давесьці. А калі ёсьць пратакол, то пішуць, што затрымліваўся для ўсталяваньня асобы, — кажа яна. — Зьбіваюць моцна. Пасьля дзён пяць-шэсьць можаш толькі ляжаць».

Зьбіваюць моцна. Пасьля дзён пяць-шэсьць можаш толькі ляжаць

Ці зьвярталася К. па мэдычную дапамогу пасьля гэтых пабояў? Не.

К — асоба без грамадзянства. Бясплатная мэдычная дапамога ёй недаступная. Такіх ва Ўзбэкістане сотні і сотні тысяч. Гэта людзі, якія ўцякалі ад ваеннага канфлікту на тэрыторыі Таджыкістану (1992—1997).

«Я нарадзілася на спрэчнай тэрыторыі падчас развалу СССР. Тады яшчэ межаў не было, і гэтая тэрыторыя адносілася да Таджыкістану. Адтуль быў масавы адток насельніцтва — і ў Расею, і ў суседнія краіны. А тым, хто прыяжджаў ва Ўзбэкістан, дагэтуль не даюць грамадзянства», — кажа К.

Пра сябе яна кажа, што даўно засталася сіратою, прычым ужо двойчы.

«Я сваіх бацькоў ніколі ня бачыла, яны мяне кінулі, — працягвае яна. — Выхоўвала мяне расейскамоўная жанчына ва Ўзбэкістане, проста ўзяла да сябе, афіцыйнай апекі не было. Але яна даўно памерла».

Са статусам асобы без грамадзянства К. змагла атрымаць толькі сярэднюю тэхнічную адукацыю. Працаўладкавацца афіцыйна асобы без грамадзянства ня могуць. Робяць на цяжкіх працах на радзіме альбо зьяжджаюць у Расею.

Каб не адсутнасьць грамадзянства, кажа К., яна даўно б ужо «купіла квіток у любую краіну і зьехала адтуль». Канчатковае рашэньне зьехаць прыйшло пасьля таго, як, па словах К., падчас апошняга затрыманьня яе згвалціў супрацоўнік міліцыі (прозьвішча называецца ў хадайніцтве).

«Я зрабіла афіцыйныя выязныя дакумэнты. Ва Ўзбэкістане ёсьць выязная віза, як была ў СССР. Я паўгода чакала, і яе атрымала. Вылецела ў Расею, там ужо пачала нейкае нармальнае жыцьцё».

Каб мець у Расеі легальны статус, К. падала там хадайніцтва пра наданьне прытулку. Але 25 сьнежня 2017 году РФ ёй у прытулку адмовіла. «Адмовілі, бо для іх такі перасьлед — не падстава», — кажа К.

Так яна апынулася ў Беларусі. Выбрала гэтую краіну, бо толькі сюды можна было трапіць. Тое, што ў Беларусі яна нелегальна, К. разумее, але спадзяецца «на справядлівасьць». Кажа, што гатовая прайсьці псыхіятрычную камісію, каб пацьвердзіць сваю ідэнтычнасьць:

«Я спадзяюся, што хаця б тут мне павераць. Разьлічваю, што хаця б тут мне дадуць нейкі статус, каб я магла пазьбегнуць таго, з чым сутыкалася, — кажа К. — Тут нашмат больш талерантнае грамадзтва. Спакайней нашмат».

Напярэдадні падачы хадайніцтва ў Беларусі К. непакоіцца, што яе зьмесьцяць у спэцпрыёмнік для ўсталяваньня асобы. У мужчынскую камэру. К. ужо была ў спэцпрыёмніку ў Расеі.

«Я такой працэдуры хачу пазьбегнуць. Ва ўзбэцкім спэцпрыёмніку я нікому не прызнавалася. Але тут я пішу хадайніцтва ад жаночага імя, раскрываю ўсе падрабязнасьці пра сябе. Вельмі не хачу тут трапіць у спэцпрыёмнік, — кажа яна за дзень да падачы хадайніцтва. — Спадзяюся застацца на волі. Спадзяюся, што тут больш гуманнае грамадзтва».

Былі ў К. і іншыя страхі.

«Апасаюся, што мяне проста затрымаюць і зробяць так, нібыта ня я прыйшла прасіць прытулку, а мяне проста на вуліцы затрымалі за незаконнае знаходжаньне, — кажа яна. — І дэпартуюць пасьля, не афішуючы гэтай гісторыі. А калі мяне дэпартуюць, то як мінімум пасадзяць. Бо ўзбэцкія ўлады ўжо ведаюць, што я прасіла ў Расеі прытулку на гэтай падставе».

Але пасьля падачы хадайніцтва ва Ўпраўленьне грамадзянства і міграцыі Менгарвыканкаму К. кажа, што зь ёй правялі анкетаваньне і выдалі даведку, якая на два тыдні забясьпечвае яе легальнае знаходжаньне ў Беларусі.

«За гэты час мяне запросяць на гутарку. Агулам ветліва паставіліся. Адзінае, што зьвяртаюцца да цябе так, як у дакумэнтах». Гэта значыць, як да мужчыны.

«Здорава, што паставіліся па-чалавечы», — кажа праваабаронца ініцыятыўнай групы «Ідэнтычнасьць і права» Натальля Манькоўская, якая суправаджала К. падчас падачы хадайніцтва аб прытулку.

Беларускія праваабаронцы з падобным хадайніцтвам сутыкаюцца ўпершыню

«Наша заканадаўства дазваляе чалавеку прасіць абароны, калі чалавек адносіцца да пэўнай сацыяльнай групы і з гэтай прычыны яго ці яе перасьледуюць на радзіме, — кажа праваабаронца Натальля Манькоўская. — І па законе стаўленьне да ЛГБТ-супольнасьці адносіцца да такіх падставаў. Тым больш ва Ўзбэкістане ёсьць афіцыйны перасьлед — у выглядзе артыкула 120 КК Узбэкістану».

Для беларускіх праваабаронцаў такое хадайніцтва першае. Вядома, што гомасэксуальная пара раней ужо зьвярталася да беларускіх уладаў з просьбай даць прытулак з прычыны перасьледу. Але тыя выехалі зь Беларусі яшчэ да таго, як па іх справе выйшаў тэрмін прыняцьця рашэньня.

Натальля Манькоўская, старшыня праваабарончага цэнтру «Ідэнтычнасьць»

Натальля Манькоўская, старшыня праваабарончага цэнтру «Ідэнтычнасьць».

Паводле Натальлі Манькоўскай, пасьля падачы хадайніцтва аб наданьні прытулку К. можа легальна знаходзіцца ў Беларусі ў пэрыяд яго разгляду. Гэта паўгода.

«Мы таксама будзем зьвяртацца ў менскае прадстаўніцтва Ўпраўленьня Вярхоўнага камісара ААН па справах уцекачоў, каб К. далі міжнародную абарону», — кажа Манькоўская.

Калі ў Беларусі адмовяць у прытулку, К. плянуе абскарджваць такое рашэньне.

Кіраўнік Узбэцкай службы Радыё Свабода Алішэр Садыкаў кажа, што К. увасабляе ў сабе балючыя праблемы Ўзбэкістану: «Неталерантнае стаўленьне да сэксуальных меншасьцяў і бяспраўе ў дачыненьні да асобаў без грамадзянства».

Як жывуць ва Ўзбэкістане і што там з правамі чалавека?

«… Распавядалі, як супрацоўнікі паліцыі катавалі іх, каб тыя прызналіся ў рабаваньні, у якім іх абвінавачвалі: іх білі дубінкамі па пятках, на галовы надзявалі адгазьнікі і перакрывалі падачу паветра, прымацоўвалі наручнікамі да трубы, аблівалі халоднай вадой і пакідалі на ноч», — Міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International два дзясяткі гадоў зьбірае сьведчаньні пра катаваньні ва Ўзбэкістане.

Паводле рэйтынгу праваабарончай арганізацыі Freedom House, які ацэньвае палітычныя і грамадзянскія свабоды, Беларусь мае 17 балаў, Узбэкістан — 3 са 100 магчымых.

Узбэцкі міліцыянт штурхае трансвэстыта нагой у твар

Узбэцкі міліцыянт штурхае трансвэстыта нагой у твар.

А шмат для каго зь беларусаў Узбэкістан застаецца проста «былой савецкай рэспублікай». Маючы тэрыторыю ў два разы большую за беларускую (447 400 кв. км супраць 207 600) і ў тры разы больш насельніцтва (каля 32 мільёнаў супраць 9,5 мільёна), Узбэкістан непараўнальна багацейшы па запасах выкапняў. Ён займае 4 месца ў сьвеце па запасах золата, мае вялізныя запасы ўрану, нафты, газу, мінэралаў. Пры гэтым афіцыйны сярэдні заробак у гэтай краіне — 123 даляры.

Палітычных падабенстваў нашмат больш. З 14 сьнежня 2016 году Ўзбэкістанам кіруе прэзыдэнт Шаўкат Мірзіёеў. Ён замяніў на гэтай пасадзе Іслама Карымава. Той узначальваў краіну 25 гадоў, сваю ўладу працягваў праз нацыянальныя рэфэрэндумы і рэгулярна здабываў на выбарах больш за 90% падтрымкі.

«Абуральнай» называе сытуацыю з правамі чалавека ў гэтай краіне апошні даклад праваабарончай арганізацыі Human Rights Watch.

«Улады па-ранейшаму татальна кантралююць грамадзян, гранічна жорстка абмяжоўваючы свабоды асацыяцыі, выказваньня думак і рэлігіі. За кратамі па палітычна матываваных абвінавачаньнях застаюцца тысячы асобаў, катаваньні шырока распаўсюджаныя, праваабаронцы, апазыцыянэры і журналісты ўвесь час зазнаюць перасьлед», — гаворыцца ў дакладзе.

Іслам Карымаў публічна выказваў сваё нэгатыўнае стаўленьне да гомасэксуалаў. У апошнія гады ў сеціве распаўсюджваліся відэа, на якіх зьбіваюць гомасэксуалаў і трансгендэраў ва Ўзбэкістане. На адным зь відэаролікаў трансгендэрную жанчыну зьбівае ўзбэцкая міліцыя.

Аляксандра Дынько, Радыё Свабода

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура