Праект партала
Навокал
03.01.2018 / 20:00
МУС рыхтуе рэвалюцыйны закон супраць хатняга гвалту і сэксуальных дамаганняў109

У 2018 годзе МУС прэзентуе канцэпцыю закона, па якім Беларусі з'явяцца паняцці «эканамічны гвалт», «пераслед», «дамаганне», а спіс тых, каго можна будзе вінаваціць у хатнім гвалце, будзе пашыраны. Ведамства таксама прапануе рэвалюцыйнае для Беларусі правіла — афіцыйна забараніць біць дзяцей.

Пра тое, чаму важна падымаць гэтыя тэмы і чаму падобныя новаўвядзенні так складана прасоўваць, Tut.by распавёў начальнік упраўлення прафілактыкі міліцыі грамадскай бяспекі МУС Алег Каразей.

«Забарона на кішэнныя грошы — гэта таксама гвалт»

— З 2014 года дзейнічае шмат палажэнняў, якія тычацца гвалту ў сям'і. У законе, акрамя самога паняцця гвалту ў сям'і, з'явіліся і канкрэтныя меры індывідуальнай прафілактыкі, якія мы можам ужываць. Але мы сутыкнуліся з тым, што нормы закона ўсё роўна не хапае. Цяпер мы гаворым, што гвалт у сям'і — гэта дзеянні фізічнага, псіхалагічнага і сэксуальнага характару, учыненыя членам сям'і ў дачыненні да іншага члена сям'і. Усё лагічна і зразумела, але міжнародныя падыходы вылучаюць яшчэ і эканамічны гвалт, а ў нас яго няма. Гэта забарона на адукацыю жонкі, забарона на кішэнныя грошы, забарона на пакупкі нейкіх неабходных абновак, поўны кантроль усіх трат, праверка чэкаў і г.д. Мы прапануем ўвесці гэтае паняцце, — тлумачыць Алег Каразей.

— І каго можна будзе вінаваціць у эканамічным гвалце?

— Мы прапануем пашырыць кола тых, на каго распаўсюджваецца дзеянне закона аб хатнім гвалце, і гаворка не толькі аб эканамічным гвалце. Цяпер гэта члены сям'і — блізкія сваякі, любыя іншыя людзі, з якімі чалавек жыве і вядзе агульную гаспадарку. Азначэнне не ўлічвае тых, з кім раней такія адносіны былі, а затым спыніліся. Гэта былыя муж і жонка, былыя сужыцелі, блізкія сваякі, з якімі чалавек цяпер не жыве. Напрыклад, часта бывае, што дарослыя дзеці, якія нідзе не працуюць, прыходзяць да сваіх бацькоў і забіраюць апошняе, і гэта суправаджаецца гвалтам. Або былыя муж і жонка, якія працягваюць жыць на адной плошчы. Так, у іх будуць рахункі падзеленыя, але яны бачацца некалькі разоў на дзень з усімі вынікаючымі канфліктамі. Асабліва калі ў аднаго з іх новыя стасункі: тут і рэўнасць, і падзел маёмасці — страшная справа.

Алег Каразей. Фота з прэс-службы МУС.

— Чаму важна, каб закон ўлічваў і іх?

— Каб мы маглі да іх ужываць меры прафілактыкі — і агрэсара маглі ставіць на месца, і абараняць ахвяру. Зараз, калі ёсць гвалт у сям'і, ахвяра мае права пераначаваць у крызісным пакоі. Да агрэсара мы можам прымяніць і афіцыйнае папярэджанне, і ахоўнае прадпісанне, і паставіць яго на прафілактычны ўлік. Калі ж закон на такіх людзей не распаўсюджваецца, то прыходзіцца дзейнічаць на агульных падставах. Заб'юць — будзе расследавацца забойства, паб'юць — будзе расследавацца факт прычынення тых ці іншых цялесных пашкоджанняў. А з пункту гледжання прафілактыкі — нічога.

«У аснове гвалту ў сям'і ляжаць патрыярхальныя асновы»

— Хто звычайна здзяйсняе гвалт у сям'і?

— Па статыстыцы, больш за 83% спраў у сям'і здзяйсняецца ў стане алкагольнага ап'янення, то бок гэта не хтосьці спецыяльна вырашыў: вось сёння я буду забіваць сваю жонку або былую жонку. Не, ніхто не прымае такое рашэнне, спачатку людзі п'юць, потым пачынаецца высвятленне адносін, затым даходзіць да збіцця. І трэба разумець, што 83% — гэта толькі тое, што даказана. Не ва ўсіх выпадках можна даказаць, што чалавек быў п'яны.

— Але псіхалагічны гвалт і эканамічны наўрад ці зьвязаныя з алкаголем. Як наогул даказаць, што ён існуе?

— З нашага пункту гледжання, не трэба ўводзіць адказнасць за эканамічны гвалт, яго вельмі складана будзе даказаць. Але пра яго трэба казаць, бо ахвяра павінна разумець: тое, што зараз адбываецца, — тут забараняе, на гэта не дае грошы, забірае заробак — гэта ненармальна, гэта не сямейныя адносіны ў тым выглядзе, у якім яны мусяць быць тут. Паняцце трэба ўвесці, каб тлумачыць, што гэтая сітуацыя — прадвеснік больш сур'ёзных наступстваў. Хатні гвалт развіваецца па нарастаючай. Спачатку гэта псіхалагічны і эканамічны гвалт, абмежаванні, потым невялікія «пакаранні за правіннасці» — у выглядзе нямоцных удараў, плескача. Але далей будзе больш моцнае збіццё, з больш цяжкімі наступствамі. Гвалт цыклічны, спярша адносіны даходзяць да нейкага пункта — і вось ён першы раз ударыў. Агрэсар разумее, што нешта пайшло не так — пачынаецца мядовы месяц, кветкі, цукеркі. Але любая канфліктная сітуацыя зноў можа перарасці ў збіццё — і з кожным разам інтэнсіўнасць гвалту ўзрастае, а частата колаў памяншаецца.

— Адкуль наогул бярэцца гэтае жаданне біць?

— У аснове ўсё яшчэ ляжаць укаранёныя ў нашым грамадстве (і не толькі ў нашым — у Еўропе з гэтым таксама змагаюцца) патрыярхальныя асновы, згодна з якімі мужчына — кіраўнік сям'і, які можа дыктаваць сваю волю астатнім дамачадцам, наводзіць парадак у доме. Дзеянне такога агрэсара характарызуецца двума словамі — гэта ўлада і кантроль, асноўныя паняцці ў тэорыі гвалту ў сям'і. Ён, рэалізуючы сваю ўладу і кантроль, прымушае слухацца, а далей пачынаюцца ўсе гэтыя псіхалагічныя моманты: і тэмпература баршчу не такая, і забарона на сустрэчы з сяброўкамі…

— Але як змагацца з гэтым патрыярхальным асновамі?

— Мы арыентуемся на рэкамендацыі Стамбульскай канвенцыі Рады Еўропы 2011 года аб папярэджанні гвалту ў адносінах да жанчын і хатняга гвалту. Гэта самы перадавы міжнародны дакумент. Канвенцыя распавядае пра тое, што павінна рэалізаваць дзяржава, каб прадухіліць гвалт і абараніць яго ахвяр. Для пачатку — навучаць выключэнню дыскрымінацыйных падыходаў, роўнасці палоў, недыскрымінацыі па прыкмеце полу. Гэтаму трэба вучыць у школах, у ВНУ — усе павінны з самага ранняга дзяцінства быць прывучаны да таго, што мы роўныя — няма ні дыскрымінацыі, ні прывілеяў у залежнасці ад полу. Трэба рыхтаваць спецыялістаў, які будуць працаваць, беручы гендарны аспект.

Дзяржава павінна даваць абарону тым сваім грамадзянам, якія сутыкаюцца з гвалтам. Гэта магчымасць атрымання псіхалагічнай і сацыяльнай дапамогі, у нас яе прапануюць у тэрытарыяльных цэнтрах абслугоўвання насельніцтва. Крызісныя пакоі, калі трэба дзесьці пераначаваць, — яны ёсць у нас у кожным раёне. Трэба падтрымліваць НДА, якія змагаюцца з гвалтам. І трэба ўводзіць пакаранне за ўсе віды гвалту ў сям'і.

«Фактычна мы абараняем ад мужчын»

— У Беларусі вымяралі ўзровень хатняга гвалту?

— У 2012 і 2014 гадах мы праводзілі сацыялагічныя даследаванні, якія паказалі розныя вынікі. У 2012 годзе кожная 10-я жанчына сказала, што сутыкалася з хатнім гвалтам, у 2014-м — кожная трэцяя. Магчыма, таму што ў 2012 годзе гэтае пытанне было сярод іншых, а ў 2014-м спецыялісты падрабязна тлумачылі, што лічыць гвалтам і г.д. Зараз плануем правесці глабальнае даследаванне з вялікім ахопам, і тады зможам гаварыць аб рэальнай ацэнцы.

— А ўзровень патрыярхальнай, схаванай агрэсіі можна замераць?

— Такіх даследаванняў я не бачыў і не ўяўляю, як іх можна праводзіць. Напэўна, можна ацаніць гэты ўзровень, чытаючы форумы. Вы зараз апублікуеце на TUT.BY артыкул, і ў каментарах можна ўбачыць зрэз грамадства, хтосьці з разуменнем ставіцца да праблемы, а хтосьці зноў: бабы-дуры, б'е — значыць любіць і г.д. Мы бачым, што адназначна ў грамадстве не сфармаваўся стэрэатып дапушчальнасці сумеснага пражывання ў сітуацыі поўнай роўнасці і недыскрымінацыі. На жаль, мы яшчэ не дасягнулі такога ўзроўню разумення праблемы. Але сёння не такая сумная сітуацыя, якая была 7—10 гадоў таму.

Фото: Reuters

Фота Reuters.

— Чаму мы гаворым толькі пра жанчын-ахвяраў, мужчыны хіба не скардзяцца на хатні гвалт?

— Па нашай статыстыцы, па крымінальных справах, якія класіфікуюцца як хатні гвалт (а такіх прыкладна 2000 у год), ахвяр 50 на 50 — палова жанчыны, палова мужчыны. Але сярод агрэсараў, тых, хто здзяйсняе гвалт, амаль 90% мужчыны. Яны збіваюць не толькі жанчын, але і бацькоў, братоў, дзяцей. Фактычна мы абараняем ад мужчын — гэта трэба разумець.

А вось калі ўзяць забойствы і цяжкія цялесныя пашкоджанні, то мужчыны вінаватыя ў 70% выпадкаў. Кожнае трэцяе цяжкае злачынства пры гвалце ў сям'і здзяйсняе жанчына.

— Гэта жанчына-агрэсар ці жанчына, якая абараняецца?

— Часта абураюцца: хіба няма выпадкаў, калі жанчыны мужыкоў б'юць? Класічны варыянт — жонка з качалкай. На самай справе, мы сустракалі такое ў практыцы, але гэта адзінкавыя выпадкі. Пераважная большасць жанчын здзяйсняла цяжкія злачынствы, менавіта абараняючыся або прэвентыўна абараняючыся, каб не пабілі. Часта як бывае: жанчына на кухні абірае бульбу, прыходзіць чалавек, пачынае ладзіць скандал, біць. І яна б'е яго нажом. Тут не будзе неабходнай абароны — няма падстаў сцвярджаць, што муж хацеў яе забіць. Неабходнай абарона прызнаецца тады, калі шкода, якая была нанесена ў выніку абароны, супастаўная са шкодай, якую чакае атрымаць пацярпелы ў выніку супрацьпраўных дзеянняў. То бок ты павінен баяцца, што цябе заб'юць. Калі цябе проста б'юць, нажом абараняцца нельга, таму што гэта не абарона, а акт агрэсіі ў адказ.

«Трэба нарэшце адназначна забараніць гвалт у адносінах да дзяцей»

— Дзеці часта пакутуюць ад хатняга гвалту?

— У нас ёсць статыстыка, і яна не вельмі істотная па фізічным гвалце ў дачыненні да дзяцей. Праблема ў тым, што ў нас няма прамой забароны на ўжыванне фізічных мер уздзеяння ў дачыненні да дзяцей. У Законе «Аб правах дзіцяці», які прыняты ў пачатку 90-х гадоў, напісана так: тыя, каму стала вядома аб сітуацыі, калі ў дачыненні да дзяцей прымяняецца гвалт, які пагражае іх жыццю, здароўю і развіццю, павінны паведамляць у кампетэнтныя органы. То бок у нас закон дапускае: калі гвалт бяспечны, паведамляць не трэба. Але хто можа сказаць, небяспечны ўдар ці не? Атрымліваецца, што з пункту гледжання закона ў нас дзяцей біць можна. Даследаванне 2012 года паказала, што 50% дзяцей з 5 да 9 гадоў падвяргаюцца псіхалагічнаму ціску, і кожнае другое дзіця пакутуе ад фізічнага гвалту па меры сталення. Але калі мы б'ём дзяцей, дзіця вырастае з разуменнем таго, што такія паводзіны, калі кагосьці трэба вучыць пры дапамозе кулакоў, — норма. Можна так і жанчыну навучыць, і дзяцей таксама. Усё ўзаемазвязана.

Мы гэтае пытанне ўздымалі на Нацкамісіі па правах дзіцяці. Пазіцыя МУС — трэба нарэшце сказаць адназначна: забаронена ўжываць фізічныя метады ўздзеяння ў адносінах да дзяцей.

А пакуль па статыстыцы за мінулы год 82 факты гвалту ў сям'і ў адносінах да дзяцей: у тым ліку 24 пагрозы забойствам, 11 фактаў катавання, 14 — прычыненне лёгкіх цялесных пашкоджанняў. І 26 згвалтаванняў і гвалтоўных дзеянняў сэксуальнага характару — гэта практычна кожнае трэцяе злачынства. З году ў год колькасць расце, серыі выяўляюцца — сітуацыя страшная. І ў прыёмных сем'ях такія факты ёсць, і з боку сужыцеля маці, і самае крыўднае, што ў апошні час рэгіструецца гвалт менавіта роднымі бацькамі.

Фото: Reuters

Фота Reuters.

— Усяго па статыстыцы — 2000 злачынстваў, звязаных з хатнім гвалтам. Не так шмат, улічваючы, што пакутуе кожная трэцяя жанчына.

— Па стане на 1 снежня — 87 забойстваў і 165 цяжкіх цялесных пашкоджанняў, усяго ж — 2264 злачынствы за 11 месяцаў. З іх 80% адносяцца да катэгорыі тых, якія не ўяўляюць вялікай грамадскай небяспекі, або менш цяжкіх. Гэта справы прыватнага альбо прыватна-публічнага абвінавачвання. Тут абавязкова патрабаванне пацярпелага прыцягнуць крыўдзіцеля да крымінальнай адказнасці. Калі такога патрабавання не будзе, гэта не будзе пакаранне, людзі могуць прымірыцца на любой стадыі крымінальнага працэсу аж да пастановы прысуду. Так людзі, дайшоўшы да цялесных пашкоджанняў, пагроз забойствам, сыходзяць ад адказнасці. Вядома, пакаранне не галоўная мэта. За такія злачынствы рэдка караюць пазбаўленнем волі — звычайна грамадскія або папраўчыя работы, але гэта дае падставу задумацца аб далейшых паводзінах. Менавіта таму мы дапамагаем і заяву напісаць, і ахвяр падтрымліваем. І калі бачым, што ахвяра знаходзіцца ў залежным становішчы або па нейкіх прычынах не можа самастойна абараняць свае правы, інфармацыю падаем у пракуратуру, і тады пракуроры самі заводзяць справы без заявы ахвяры. Такіх спраў у нас каля паловы.

«Час вырашаць праблему дамаганняў, асабліва на працоўным месцы»

— Якія яшчэ новыя паняцці варта ўвесці ў Беларусі?

— Гвалтоўныя шлюбы. Зразумела, што нашай культуры гэта не ўласціва, але ёсць пэўныя этнічныя групы, якія сутыкаюцца з гэтай праблемай. Гвалтоўныя аборты. Няма ў нас цяпер адказнасці за пераслед, а гэта вельмі сур'ёзны момант. Мы ў МУС атрымліваем скаргі ад людзей, якія просяць прыняць меры, таму што міліцыя на месцах не можа дапамагчы. Напрыклад, былі ў маладых людзей адносіны, а цяпер былы хлопец сочыць за дзяўчынай, каментары ў сацсетках пакідае, выкладвае асабістыя фота. Гэта прыводзіць да адказнасці ў многіх краінах, у нас — не.

І хоць гэта ў меншай ступені адносіцца да гвалту ў сям'і, але трэба вырашаць праблемы сэксуальнага дамагання, асабліва на працоўным месцы. Мы лічым, што гэта паняцце неабходна разглядаць. Прынамсі пачынаць дыялог з зацікаўленымі.

— Але што лічыць такім дамаганнем?

— Стамбульская канвенцыя дае адказ: там вельмі шырокае вызначэнне. Гэта дзеянне фізічнага характару — абдыманні, шчыпанні, паляпванні і г.д. Вербальнага — гэта і аповяд пахабных гісторый, і пахабныя жарты. І гэта могуць быць непрыстойныя рухі цела і жэсты. Але гэта павінна адбывацца сістэматычна. Шмат хто кажа: дзяўчыне камплімент нельга будзе зрабіць, адразу стануць вінаваціць у дамаганні. Не, вядома. Калі гэта не будзе выходзіць за нейкія рамкі прыстойнасці, гэта не будзе разглядацца як дамаганне. Але калі ахвяра дала зразумець, што ёй непрымальны такія паводзіны, то іх паўтор цягне адказнасць.

— Формы пакарання за хатні гвалт таксама будуць мяняцца?

— У 2014 годзе мы ўвялі ахоўныя загады і актыўна іх выкарыстоўваем — у 2017 годзе каля 5 тысяч разоў. У рамках гэтай меры мы можам на тэрмін ад 3 да 30 дзён прадпісаць пакінуць сумесна займанае з ахвярай гвалту ў сям'і жылое памяшканне і забараніць любым чынам наладжваць кантакт — па тэлефоне, інтэрнэце і г.д. Калі ахвяра сама вырашае з'ехаць з дома — такія ж забароны для агрэсара ўсталёўваюцца: не наведваць, не кантактаваць, не пісаць у інтэрнэце.

Аднак цяпер няма адказнасці за тое, што прадпісанне парушаецца, у гэтым выпадку прыцягваюць за непадпарадкаванне законнаму патрабаванню супрацоўніка міліцыі — ёсць у нас такі артыкул. Але ўжо ў першым чытанні прыняты закон, у якім будзе за падобнае парушэнне ўведзены штраф або арышт да 15 сутак.

Яшчэ адзін момант — ёсць абмежаванне па ўжыванні ахоўнага прадпісання: спачатку трэба афіцыйнае папярэджанне, да гэтага прыцягненне да адміністрацыйнай адказнасці. Яшчэ адзін момант — ёсць абмежаванне па ўжыванні ахоўнага прадпісання: спачатку трэба афіцыйнае папярэджанне, да гэтага прыцягненне да адміністрацыйнай адказнасці. Але ў большасці выпадкаў ахвяра мае патрэбу ў абароне тут і цяпер. Мы прапануем падзяліць ахоўнае прадпісанне на два блокі. Тэрміновыя забаронныя загады, калі выявілі праблемы, на тэрмін да 10 сутак, а далей ужо падаўжэнне ў судовым альбо пракурорскім парадку. А калі пачнецца падзел маёмасці або шлюбаразводны працэс, прадугледзець магчымасць павелічэння тэрміну да паўгода і больш.

— Калі чакаць гэтых новаўвядзенняў?

— Мы ў чарговы раз зрабілі закон для ўключэння ў план падрыхтоўкі законапраектаў на наступны год. Былі пярэчанні, і яго ўключылі толькі ў выглядзе канцэпцыі. І зараз мы ўсе нашы намаганні прыкладаем да таго, каб вясной прадставіць канцэпцыю закона аб прафілактыцы гвалту ў сям'і. Калі будзе прызнана, што нашы прапановы абгрунтаваныя, то ў 2019 годзе мы ўжо пачнем працаваць над прыняццем адпаведнага закона.

— Чаму так складана прасоўваць гэтыя новаўвядзенні? Тэма няпростая для грамадства?

— Так, няпростая тэма. Мы ўжо неаднаразова казалі пра неабходнасць унутранай гатоўнасці грамадства прызнаць праблему. А ў дзяржорганах працуюць такія ж людзі, якім таксама складана яе прызнаваць.

Але мы вымушаныя займацца гэтым у сілу сваёй дзейнасці — кожны год у органы МУС паступае каля 150 тысяч званкоў: «Мяне б'е муж, сужыцель і г.д.». 150 тысяч за год! А ў нас злачынстваў 2 тысячы і 50 тысяч прыцягненняў да адміністрацыйнай адказнасці. 100 тысяч застаюцца без пакарання. Не таму што мы дрэнна працуем. Пакаранне — гэта альбо штраф, альбо адміністрацыйны арышт. А па законе пры адбыванні адміністрацыйнага арышту трэба кампенсаваць затраты на харчаванне — таксама паўбазавай у дзень. У любым выпадку пакутуе сямейны бюджэт, таму жанчыны не хочуць прыцягваць агрэсараў.

Ідэальны варыянт — увядзенне альтэрнатыўнай адказнасці за гвалт у сям'і — праходжанне карэкцыйных праграм. У многіх краінах свету, у тым ліку ў нашых суседзяў — у Польшчы, Украіне, Літве, — такія спробы робяцца. Было б добра, каб замест штрафу агрэсар наведаў 10 гадзінных заняткаў. Методыку работы з агрэсарамі мы ўжо распрацавалі. Але пытанне ў тым, хто зможа правесці такую працу. Ёсць псіхолагі ў тэрытарыяльных цэнтрах, у НВА, але трэба прызнаць, што мы не можам сёння пакрыць гэтай паслугай ўсю краіну. А мы б хацелі да гэтага прыйсці — і будзем гэтага дамагацца.

***

На тэлеграм-канал «Нашай Нівы» можна падпісацца тут.

Ульяна Бабаед, TUT.BY

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура