Праект партала
Накіпела
03.01.2018 / 12:31
«Чаму мы вырастаем закамплексаванымі» — шчырае прызнанне 24-гадовай дзяўчыны35

Я вельмі не люблю абагульненнi. У жыцці і ў загалоўках. Але так прасцей і бяспечней выказваць сваё меркаванне. Нібыта «мы», нібыта ўсе беларусы нешта не любяць/любяць і гэтак далей. Калі «мы» замяняеш на «я», становіцца неяк не па сабе. Рэзка знікае гэтая масавасць. 

Частка першая

Беларусам — хаця не, мне — вельмі не хапае гэтага навыку: не абагульняць, а браць адказнасць на сябе і за сябе.

Цяпер стала вельмі модна вінаваціць ва ўсім бацькоў. Што тата не браў актыўнага ўдзелу ў выхаванні, што бацькі былі працаголікамі ці дэспатамі, што не прагаварылі ў свой час тэмы сэксуальнай адукацыі, асабістых межаў, выбару… Гэта, вядома ж, важна, але можна ўсё жыццё вінаваціць кагосьці ў тым, што мы выраслі «не такімі». І гэта будзе не пра даросласць.

«Любы канфлікт у сям'і, на працы, у каханні і сяброўстве — гэта толькі адлюстраванне вашага ўнутранага канфлікту. Таму разбірацца трэба не з наваколлем, а з сабой».

Прызнаць чужыя і свае памылкі ды дараваць усiм разам — такі шлях больш падобны на ўсвядомлены, рэальны і накіраваны на даросласць. Пра гэта часткова кажа ў сваёй кнізе «Хачу і буду. Прыняць сябе, палюбіць жыццё і стаць шчаслівым» Міхаіл Лабкоўскі, больш вядомы нам па вострых цытатах у стужцы фэйсбука.

Ілюстрацыйнае фота.

Доўгі час мне здавалася, што я вельмі недалюбленае дзіця. Што ніхто не пастараўся даць рады маёй гіперактыўнасці, і ад гэтага ўсе мае беды ў дарослым жыцці. З татам, з якім мы жывём пад адным дахам вось ужо трэці дзясятак, мы пачалі камунікаваць, а не проста перакідвацца дзяжурнымі фразамі, толькі два гады таму. Аднойчы ў нас адбылася важная размова:

— Тата, ну няўжо нельга дадаць у нашы ўзаемаадносіны хоць крыху пяшчоты і любові?

— Каця, як я магу даць табе тое, чаго сам не бачыў?

Той вечар быў маленькай поўхай рэальнасцi. Тата выхоўваўся без бацькі. З малых гадоў сам быў бацькам сваім меншым братам і сёстрам. Гатаваў ім зацірку, варыў баршчы, а яшчэ сачыў, каб малодшыя проста не пазабівалі адно аднаго. Потым былі каледжы, армія, Польшча-Ніжнявартаўск-Сібір і толькі пасля Мінск-дом-сям'я. Для чаго я ўсё гэта згадваю? Немагчыма судзіць пра чалавека, яго рэакцыі і пачуцці без кантэксту. Немагчыма гаварыць пра выхаванне без разумення, як выхоўваліся мамы-таты-бабулі. Немагчыма гаварыць пра сябе, не ведаючы сваіх каранёў.

Частка другая

Прайшло шмат часу, перш чым я зразумела, што любоў і клопат ва ўсіх транслююцца па-рознаму (прывітанне, кэп). Тое, што мне падаецца пяшчотай, для іншых можа выглядаць соплямі. Тое, што камусьці бачыцца адсутнасцю пачуццяў, іншым — букетам перажыванняў.

У тым, што мы (я) вырастаем закамплексаванымi, няўпэўненымі, віна не столькі бацькоў, колькі часу, нораваў, ідэй у грамадстве, самога грамадства і нават непрызнанне ўсяго гэтага намi.

Не так даўно на трамвайным прыпынку я пачула размову дзвюх дзяўчат-падлеткаў пра тое, што ў адной з іх не самыя простыя ўзаемаадносіны ў сям'і. Бо «што ты хочаш, маю маму выхоўвалі пасля вайны. Калі галоўнае — быць у цяпле і не быць галодным. Душэўная цеплыня становіцца не такой актуальнай, калі ты жывеш у зямлянцы без куска хлеба».

Значна мацней у свой час мяне ламала сярэдняя школа, чым скураны рэмень, што ляжаў ля стала і выкарыстоўваўся пры нежаданні есці «па норме».

Вось там — пекла і вяршыня ленінізму. Месца, якое павінна, па ідэі, выхоўваць самадастатковых людзей з дапытлівым розумам, гадуе клонаў. Будуе сістэму з тых, хто не мае права пярэчыць настаўнікам, насіць зялёныя кофты не па святах (гэта рэальны выпадак) і фарбаваць вусны дзіцячым бляскам «Прынцэса».

Ілюстрацыйнае фота.

А чаму не? Маленькі чалавек — асоба, якая фарміруецца. І гэтаму чалавеку трэба самавыяўляцца, хай сабе і праз не заўсёды прыдатныя рэчы (напрыклад, штаны-трубы). Але ў існуючым грамадстве асоб усiмi спосабамі душаць, а замест іх штампуюць пакорных выканаўцаў.

У маёй школе і маiм класе было менавіта так. З прароцтвамі кшталту «гэта ж будучая зэчка» і выклікам бацькоў на дыван за тое, што не ем рыбу ў сталовай і фарбую валасы ў чорны.

Вельмі доўга бацькі верылі гэтым «аўтарытэтам», класным кіраўнікам і завучам, што душыла маю веру ў розум, справядлівасць і асэнсаванасць свету. Гэта быў разлом. Мяне бічуюць ні за што ні пра што, а бацькі мне не вераць. Здавалася, што я — маленькі чалавек у свеце пенсіянераў з СССР. 

Было цяжка. Бунт змяніўся на зацішша. Я пачала сумнявацца не толькі ва ўласных сілах, але і ва ўласнай адэкватнасці: можа, сапраўды нельга насіць у школе зялёную кофту? Можа, гэта сучасная пунсовая літара, якая не нясе нічога добрага?

Добра, што праз нейкі час маці зразумела, што тут нешта не тое. І Міністэрства адукацыі, у якое яна не пабаялася звярнуцца, хутка суцішыла запал маёй класнай. Нарэшце я развіталася са стрэсамі і неўрозам, але тут падвезлі комплексы і заціскі, якія заселі ў целе і не давалі пра сябе забыць.

Частка трэцяя

Універсітэт дадаў адэкватнасці свету, аднак няшмат. Асабіста мне людзі трапіліся выдатныя, але такія ж у большасці сваёй разгубленыя, без разумення, якім чынам тая спецыяльнасць, якую яны выбралі, суадносіцца з тымі прадметамі, якія яны мусяць здаваць.

Так выходзяць спецыялісты, што як бы з дыпломам, але па факце нікому не патрэбныя. Я ведаю, што гэта распаўсюджаная сітуацыя, не будзе ніякіх нараканняў «як складана жыць у Беларусі». Жыць можна, але асабіста мне, зноў жа, было вельмі складана ў свеце «праца з 8 да 17», дзе першае, што табе гавораць, гэта «забудзьце ўсё, чаму вас вучылі ва ўніверсітэце». Чаму тады вы бераце на працу толькі тых, у каго ёсць універсітэцкая адукацыя? Каб загадаць яе забыць? Дзе ў нас Міністэрства логікі Беларусі?

Надлом нумар два.

Ты разумееш, што калі не будзеш фігачыць і займацца самаадукацыяй — пакрыешся цвіллю, як «віндоўз-98». І ніхто нават не ўспомніць, якія ты ўтвараў гукі.

Ілюстрацыйнае фота.

Праца — у цэлым тая сфера, якая альбо выштурхоўвае цябе з зоны камфорту, як пражская «Славія» БАТЭ, калі даводзіцца спачатку змагацца, а потым плюнуць і пасябраваць з усімі сваімі страхамі і комплексамі, прыняўшы рэальнае становішча рэчаў. Альбо кампенсуе тыя самыя страхі, комплексы (прывітанне, сярэдняя школа), дазваляючы людзям навокал ператварацца ў гіен і тыранаў (прывітанне, беларускае тэлебачанне, дзе мне давялося папрацаваць).

Надлом нумар тры: калі вы трапляеце да босаў-тыранаў і не бяжыце ад іх. Але і гэта можа пайсці на карысць.

У здабытых, забытых і зноў здабытых комплексах, нарэшце, вучышся бачыць сябе. Часам кудлатага і дзіўнага (зусім не інстаграмнага), але даволі мілага і мэтанакіраванага.

Хто я ёсць, чаго насамрэч жадаю, для чаго і якая адукацыя-праца-сям'я мне патрэбныя? Адказы дапамагаюць пазбавіцца ад нездаровых адносін, нездаровага жадання быць лепш за ўсix і ва ўсім.

Комплексы ёсць у кожнага. Баяцца ўсе. Нават самы ўпэўнены ў сабе «iнстабой» не адправіць першае ж сэлфi ў сторыз. І гэта нармальна.

Якая б у вас ні была сям'я, бацькі, дом, адукацыя і праца — не бывае ідэальна. Не бывае людзей, якія б не рабілі памылак. Не бывае працы, якая прыносіла б толькі мільёны даляраў і шматлікія аргазмы.

Бывае рэальна. Вашы комплексы — гэта ваша другое дно, калі хочаце. Вядома, наракаць можна на каго заўгодна, але пакуль вы не разберацеся з сабой, не рашыцеся даць нырца, паслаўшы ўсё да д'ябла — вам яшчэ вельмі доўга афармляць падпіску на псіхалагічныя рэсурсы.

Пакуль нам здаецца, што ўсе вакол дурні, свет круціцца далей. І ў гэтым віры важна своечасова ўсвядоміць, ці не дурні вы самі, раз спрабуеце ўсё перайначыць пад сябе. Свет не ідэальны, мы не ідэальныя (я не ідэальная), і варта падумаць, як існаваць далей. Паважаць чужыя і ўласныя межы. З комплексамі, страхамі і заціскамі, якія з кімсьці сыходзяцца, як пазлы мазайкі. І як важна выхаваць гэта спачатку ў сабе, а потым ужо ў кімсьці іншым.

Кацярына Ажгірэй, фота Сяргея Гудзіліна

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура