Праект партала
Навокал
02.01.2018 / 11:54
Аншлаг на беларускамоўнай навагодняй казцы ў Мінску ФОТЫ14

30 снежня ў Маладзёжным тэатры эстрады прайшла прэм’ера казачнага спектакля «Як літара Ў уратавала Каляды». Гэта новы дзіцячы музычна-тэатральны праект музыкі і прадзюсара Рамана Арлова, вядомага па гуртах «J:МОРС», «У нескладовае», мюзікле «Чарадзей».

Але адным спектаклем справа не абмяжоўваецца.

Кожнага гледача, а іх у гэты перадапошні дзень 2017 года ў Тэатр эстрады прыйшло шмат — поўная зала сабралася — на ўваходзе чакаў салодкі падарунак. А ў холе дзяўчаты і хлопцы з фальклорнага калектыву спявалі калядныя песні, вучылі дзетак танчыць беларускія танцы. Часам не маглі стрымацца і пачыналі танчыць нават бацькі. Усё мерапрыемства, кажа арганізатар імпрэзы Віталь Супрановіч, скіраванае на тое, каб «акунуць дзяцей у атмасферу сапраўдных калядных цудаў, пазнаёміць іх з беларускай міфалогіяй у цікавай і пазнавальнай форме».

І, здаецца, задумка ў Рамана Арлова атрымліваецца, Прынамсі, у Віктара, які прывёў на спектакль «Як літара Ў уратавала Каляды» дачку Адэльку, уражанні выключна пазітыўныя.

«Даўно заўважыў, што перад Новым годам у нас адбываецца вельмі шмат падобных мерапрыемстваў для дзяцей, але пераважна — на рускай мове. Але калі рабіць свята дзецям, то лепш ужо весці на спектакль на роднай мове. Тым больш, які знаёміць з нашымі айчыннымі культурнымі традыцыямі і звычаямі. А самае галоўнае — дзеці ў захапленні ад убачанага. Праўда, Адэлька?» — кажа Віктар, звяртаючыся да дачкі, дзяўчынкі гадоў пяці.

«Мне вельмі спадабалася!» — адказвае Адэля, ледзь не падскокваючы на месцы.

«А калі ўсё скончылася, мы нават расплакаліся — так хацелі, каб казка яшчэ працягвалася», — выдае сакрэт дачкі тата.

Сустракаю ў фае шмат знаёмых. Сярод іх Мілану Міхалевіч з дачкой Алёнай-Дамінікай.

«Мне вельмі спадабалася! — кажа дзяўчынка. — Асабліва, як Яська і Янінка мужна блукалі па чароўным калядным бары і ратавалі літары».

«Дзеці ўважліва сачылі за тым, што адбываецца на сцэне, ад пачатку і да самага канца, спявалі разам з акцёрамі, удзельнічалі ў гульнях. Для мяне гэта — галоўны паказчык таго, ці ўдала атрымалася задума ў аўтараў», — кажа Мілана Міхалевіч.

Пра што ж спектакль? Старажытныя духі беларускага сусвету пакрыўдзіліся, што дзеці іх забыліся і вырашаюць іх правучыць: спыняюць час і замарожваюць усе літары са слова «надышоў». А значыць Новы год і Каляды ніколі не прыйдуць! Але Яська і Янінка яшчэ могуць выправіць сітуацыю. Іх чакаюць прыгоды і выпрабаванні ў чароўным калядным бары, падчас якіх яны мусяць сабраць чароўныя літары і скласці з іх чароўнае слова: «надышоў». А Зюзя, Ляля, Жыжаль, Мара ды іншыя духі беларускага космасу дзецям дапамогуць.

А што там з літарай «Ў», якая нібыта ўратавала Каляды? Пра гэта можна будзе даведацца 4 студзеня, калі завітаеце ў Тэатр эстрады. 

Быў на спектаклі вядомы беларускі пісьменнік Уладзімір Арлоў. Цікаўлюся, ці спадабалася яму тое, што зрабіў яго сын Раман Арлоў.

«Нават мне захацелася разам з дзеткамі-гледачамі сфатаграфавацца ў чароўным бары па заканчэнні спектакля, — смяецца аўтар «Айчыны». — 

Мне падчас прагляду ўзгадаўся Полацк часоў майго дзяцінства. Ялінка на пляцы горада, куды мяне везлі на санках… Вось толькі спектакляў такіх тады не было, і на літару «Ў» надзейна забыліся ўжо ў той час дзеці, бо адны толькі расійскія школы былі ў Полацку ў маім дзяцінстве. А цяпер я веру — знойдуць нашы дзеці літару «Ў»!»

Зміцер Лукашук, «Еўрарадыё»

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура