Проект портала
Вокруг
29.12.2017 / 21:49
Весь сок 2017 года в нашем итоговом топе: скандалы, интриги и всякая дичь

В конце года принято делиться успехами, достижениями и плюсиками, добытыми в карму, и с таким багажом спокойно и расслабленно переходить на следующий этап. Но мы решили отметить самые необычные, абсурдные, а иногда и зашкварныя ситуации 2017-го.

Слова года — шмаравідла

І гэта без варыянтаў. Артыкул пра тое, што ў Беларусі ўпершыню пачалі вырабляць шмаравідла, трапіў у тройку самых чытаных артыкулаў на «Нашай Ніве» ў 2017-м. І соль не ў тым, што ўпершыню сталі вырабляць, а ў тым, што «шмаравідла».

Вось ужо дзе чытачы павесяліліся: «Шмаравідла!!! НН, вы зрабілі мой дзень!)))))», «Дзяўчына як пачуе слова «шмаравідла», дык усё — рамантычны вечар сапсаваны». Ці наадварот, гарантаваны?

Дзясяткі тысяч людзей нарэшце дазналіся, што гэта не мацюк, а спрадвечнае сочнае беларускае слоўца. Хто дагэтуль не ў курсе, што яно азначае, то вось Малы беларуска-беларускі слоўнік сэксуальных паняццяў — прасвятляйцеся.

Моднікі года

Галоўная моднай падзеяй 2017 года можна лічыць першую Нацыянальную прэмію беларускай моды, на якой назвалі імёны найлепшых беларускіх дызайнераў мужчынскага, жаночага, дзіцячага адзення і аксэсуараў.

Але ўзгадваецца пра прэміі іншае: як парачку Глеба Кавальскага і Ангеліны Смірновай ахоўнікі не пусцілі на вясновы тыдзень моды, бо іх адзенне «не адпавядала ўяўленням пра тое, як павінен выглядаць чалавек».

Глеб Кавальскі і Ангеліна Смірнова.

Гэты скандал яшчэ раз пацвердзіў суровую праўду нашых рэалій: нават у сферы моды можна нарвацца на «паліцыю», якая лёгка пакладзе канец свабодзе самавыяўлення.

Сэксізм года

Рэклама вады «Слаўная» ў карпаратыўным інстаграме.

Найчасцей сёлета ў беларускай медыяпрасторы абвінавачвалі рэкламістаў, якія ў сваіх кампаніях не саромеліся выкарыстоўваць усё хараство чалавечага цела, часцей за ўсё, жаночага. Чаго толькі вартыя рэклама хрэна ABС, гучная піяр-кампанія Mark Formelle і, канечне ж, крэатыўныя пасты SMM-шчыкаў вады «Слаўная» ў інстаграме, за якія вытворцы пасля выбачаліся.

Праўда, выбачэнні — гэта пакуль што максімум, чаго можна дамагчыся за сэксісцкую рэкламу. Гэта даказвае і той факт, што калектыўны зварот 1,3 тысячы беларусаў з патрабаваннем забараніць выкарыстоўваць у рэкламе выявы паўаголеных мужчын і жанчын, прывёў толькі да мяккіх рэкамендацый «не выкарыстоўваць гэтыя вобразы» ад Міжведамаснай рады па рэкламе.

Сэкс-скандал года

Прозвішча Харві Вайнштэйна сёлета стала назыўным. Публікацыя ў New York Times паведамляла, што цягам апошніх 30 гадоў знакаміты амерыканскі кінапрадзюсар рэгулярна дамагаўся вядомых акцёрак. І ўслед пачалася сусветная хваля супраціву гвалту.

Галівудскія зоркі адна за адной сталі гаварыць, калі і хто рабіў у бок іх непрыстойныя жэсты. Грамадскае абурэнне было настолькі моцным, што на кар’еры многіх вядомых людзей быў пастаўлены крыж. У скандале фігуравалі імёны акцёра Кевіна Спэйсі [«Картачны домік» даздымаюць ужо без яго], акцёра і прадзюсара Стывена Сігала, міністра абароны Вялікабрытаніі [у выніку ён падаў у адстаўку], беларускага гімнаста Віталя Шчэрбы і многіх іншых.

Жанчын і мужчын, якія першымі распавялі пра сэксуальныя дамаганні, часопіс Time назваў Чалавекам года.

Харві Вайнштэйн.

Трэба сказаць, што стаўленне да гвалту пераасэнсавалі многія краіны. У Швецыі, прыкладам, хутка пачне дзейнічаць закон, які абавязвае атрымаць вусную ці пісьмовую згоду на сэкс. У Беларусі такіх глабальных перамен няма, але тэма таксама горача абмяркоўвалася і працягвае абмяркоўвацца.

«Антыфемініст» года

Пакуль у ЗША «фемінізм» называюць словам года, у нас на яго і на ўсіх да яго датычных рэагуюць, як на чырвоную анучу. Згадаем хаця б каментары пад гутаркай з галоўнай беларускай феміністкай Ірынай Альхоўкай ці іншы матэрыял «Ніны» — уводзіны ў фемінізм «для чайнікаў».

Але больш за ўсё ад змагання жанчын за свае правы сёлета накіпела ў музыкі Аляксандра Кулінковіча, які прысвяціў гэтай тэме вялікае нецэнзурнае эсэ. Вось невялічкі ўрывак: «За якія, бл*ць, «правы» вы яшчэ змагаецеся? Чаго не хапае? Не брыйце падпахі, не карыстайцеся дэзадарантам, не фарбуйцеся, працуйце ўкладчыцамі шпалаў і сантэхнікамі, сікайце ў пісуары! Хто забараняе?».

Што праўда, знайшліся і тыя, хто сталі на бок феміністак і адказалі музыку. Але пытанне «Чаму мы павінны змагацца за паніжэнне ў правах?» так і засталося без адказу.

Апакаліпсіс года

Калі вы не заўважылі, то ў Беларусі паспела з’явіцца свая Ванга. Гэта Лідзія Ярмошына, якая з’яўляецца нязменнай старшынёй Цэнтрвыбаркама. Нядаўна ў вялікай гутарцы яна назвала відавочнае абясцэньванне інстытута сям’і перадпачаткам канца свету:

«Калі мы страцім у масавым маштабе традыцыйную сям’ю, мы страцім усё. Менавіта сям’я як ячэйка стала правобразам дзяржаўнага ўтварэння. Калі мы губляем сям’ю, а мы губляем яе, мы можам страціць дзяржаву».

Відаць, тут яна мела на ўвазе непрыемную для дзяржавы статыстыку ў плане дэмаграфіі.

Не забываемся, што спадарыня Ярмошына лічыць, што «галоўнае прызначэнне жанчыны — быць жонкай і маці, варыць боршч, а толькі потым нешта іншае». Канечне, яе хвалюе, што ўсё больш беларусак спачатку думаюць пра кар’еру, а толькі пасля пра «боршч».

Дарэчы, адзін з апошніх канцоў свету абяцалі ў жніўні 2017 года. Паглядзім, як хутка пачне збывацца для Беларусі тое, што прарочыць спадарыня Ярмошына.

Антыпрысуд года

У верасні суд Чыгуначнага раёна прызнаў вінаватай жыхарку Санкт-Пецярбурга Вольгу Сцяпанаву, якая вырашыла нараджаць дачку ў кватэры сваёй маці ў Віцебску. Падчас родаў дзяўчынка задыхнулася ў каляплодных водах і памерла. Вольгу асудзілі на 6 месяцаў пазбаўлення волі ў калоніі-пасяленні. Чатыры месяцы жанчыну ўтрымлівалі пад вартай, а пасля нечакана адпусцілі, прызнаўшы невінаватай.

Вось так лёгка ў нас можна спачатку стаць злачынцам, а пасля перастаць ім быць. Такі ў нас суд — самы гуманны ў свеце.

Праўда, шмат у чым дзякуючы Вользе, беларусы аб’ядналіся і актываваліся: пачалі ствараць петыцыі, ладзіць акцыі падтрымкі і салідарнасці, заступацца за жанчыну ў СМІ і тлумачыць, чаму самі абралі хатнія роды замест радзільняў.

Скандалісткі года

Памятаеце гучныя наезды Ганны Бонд на Віталя Гуркова? Спрэчкі разгарэліся вакол вераснёўскага матчу групавога этапу Лігі Еўропы паміж БАТЭ і «Арсеналам». Учынак хлопца з Вілейкі Аляксандра Вянгерскага, які выбег на поле з бел-чырвона-белым сцягам у руках, Ганна жорстка раскрытыкавала, а Віталь стаў на абарону хлопца, за што атрымаў асабістую порцыю негатыву.

Увогуле, Ганна ўвесь год перыядычна эпатажавала публіку: то настальгавала па СССР, то выстаўляла фота з галавой толькі што забітай свінні.

Ганна Бонд.

Але ўзгадваецца яшчэ адно незвычайнае непаразуменне. Памятаеце жанчыну, што прыйшла ў аптэку з сабакам? Правізар ветліва патлумачыў ёй, што ўваход з жывёламі забаронены і абслужыць яе ён не можа, і даведаўся, што жывёла — гэта ён сам. Ну феерычная ж сітуацыя, пагадзіцеся.

Моўны скандал года

Немагчыма забыць гісторыю з «Савушкавым» мОлОком. Усе прасілі мАлАка, але кампанія настойвала на захаванні рускамоўнай этыкеткі і прыводзіла тысячы прычын, па якіх не можа зрабіць яе беларускамоўнай. Ужо адшукаліся ахвотныя бясплатна распрацаваць дызайн з дададзенай беларускай версіяй складу, але ў выніку «Савушкаў» сам перарабіў упакоўку ды… так і не дадаў на яе беларускую мову.

Дарэчы, тут зноўку адзначылася Ганна Бонд, якая стала на бок кампаніі.

Шаленства года

Сёлета беларусы масава вар’яцелі з калекцыянаваннем бонсцікаў ад «Еўраопта». Хто б мог падумаць, што гэтыя дзіўнаватыя персанажы захопяць дзясяткі тысяч кватэр і будуць збіраць на сваіх выступах у беларускіх гарадах натоўпы дзяцей.

Калекцыю з 24 гумовых пачвар-ліпучкак збіралі не толькі сем’ямі, да гэтага спаборніцтва падключалі сяброў, калег і знаёмых. З’явіліся суполкі па абмене ліпучкамі, а самыя прадпрымальныя нават спрабавалі іх прадаваць.

Кампанія атрымалася настолькі паспяховай, што гандлёвая сетка запусціла ў абарот яшчэ некалькі новых серый гэтых герояў. Сёння, здаецца, хваля нарэшце ўляглася, хоць адгалоскі засталіся.

Nina.nn.by

СПЕЦПРОЕКТ2 материала Шура-бура