Праект партала
Густ
21.12.2017 / 11:10
Глобус і Вольскі запусцілі дзіцячы праект, прысвечаны Малевічу1

На краўдфандынгавай пляцоўцы ulej.by запусцілася кампанія «Малевiч для дзяцей», прысвечаная мастаку-авангардысту, які вось ужо больш за 100 гадоў непакоіць чалавечыя розумы, не пакідаючы нікога абыякавым. Казімір Малевіч аказаў моцны ўплыў на беларускае мастацтва, стварыўшы ў Віцебску аб'яднанне УНОВИС («Утвердители нового искусства»).

Праект «Малевiч для дзяцей» складаецца з кнігі, песні і мультыплікацыйнага кліпа. Падтрымаць праект і атрымаць эксклюзіўны падарунак — кнігу «Малевіч для дзяцей» — можна да 26 студзеня. З'яўленне выдання на паліцах кніжных крамаў пакуль не запланавана.

Аўтарамі праекта з'яўляюцца «Дзіцячыя творчыя майстэрні» галерэі «Ў» сумесна з вядомымі пісьменнікамі: Адамам Глобусам, Андрэем Хадановічам, Валянцінам Акудовічам і музыкам Лявонам Вольскім. Апошні для кнігі напісаў дзве дзіцячыя песні пра творчасць Казіміра Малевіча.

«Нам хацелася зрабіць больш, чым толькі кнігу. Цікава ствараць шматпланавыя праекты, — сцвярджаюць прадстаўнікі «Дзіцячых творчых майстэрняў». — Таму мы прынялі рашэнне пайсці нестандартным шляхам і правесці краўдфандынгавую кампанію, каб сабраць сродкі на запіс дзіцячай песні і стварэнне анімацыйнага кліпа, а па сутнасці — мультфільма, які мы разам з дзецьмі і намалюем.

Дзякуючы гэтаму праекту дзеці змогуць не толькі вывучыць творчасць мастака, чытаць казкі і вершы пра яго, выконваць творчыя заданні ў самой кнізе, але і глядзець мультфільм, напяваючы песню пра Малевіча».

Творчасць Казіміра Малевіча не простая для ўспрымання. З ім не магчыма «пасябраваць», ацэньваючы толькі па традыцыйным прынцыпе «прыгожа — не прыгожа». Таму ў праекце пры дапамозе казак, вершаў, гульняў і песень тлумачацца складаныя філасофскія ідэі.

Сафія Садоўская, мастацтвазнаўца праекта і мама чатырохгадовай Евы:

«З самага нараджэння мы спазнаем свет. Гэта складаны шлях, які кожны праходзіць па-свойму. Але прастора гэтага пазнання мае істотнае значэнне. Важная яго шырыня і разнастайнасць. Менавіта гэта ўжо ў дарослым узросце дапамагае чалавеку знаходзіць апірышча ў навакольным свеце, супастаўляць яго з сабой і будаваць масты да разумення складаных канцэпцый сучаснага мастацтва. Даючы дзецям разуменне разнастайнасці формаў мастацтва, мы фармуем базавае прыняцце незразумелага / іншага. Пасля гэтага дзіця ідзе далей - даследуе гэтае незразумелае, задаецца пытаннямі, знаходзіць адказы, а не спыняецца на фазе «я таксама так магу». Малевіч здзейсніў рэвалюцыю ў мастацтве і мы да гэтага часу бачым, як яго ідэі ўплываюць на нашу штодзённасць, на нашу візуальную культуру і як плённа сучасныя мастакі працуюць з вобразамі Малевіча, выбудоўваючы свае ўласныя дыялогі з яго працамі».

Узор кнігі «Малевiч для дзяцей» можна паглядзець у кнігарні «Логвінаў» (г. Мінск, пр-т Незалежнасці, 37а) і ў «Краме Ў» (г. Мінск, вул. Няміга 5-40, 2-гі паверх ГЦ «Метраполь»), проста папрасіце яго ў кансультантаў.

У канцы мінулага года «Дзіцячыя творчыя майстэрні» паспяхова завяршылі краўдфандынгавую кампанію, прысвечаную іх першай кнізе — «Мастацтва Беларусі XX стагоддзя. Віцебская школа» для дзяцей.

Nina.nn.by, фота Кацярыны Раханскай

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура