Праект партала
Накіпела
11.12.2017 / 17:42
Цяжарную мінчанку могуць пазбавіць выплат праз УГД у прыватным цэнтры6

Цяжарную мінчанку могуць пазбавіць дапамогі для жанчын, якія сталі на ўлік да 12-а тыдня цяжарнасці, праз тое, што яна зрабіла УГД у прыватным медцэнтры, паведамляе Tut.by.

Ілюстрацыйнае фота.

У Іны 20 тыдзень цяжарнасці. На ўлік у жаночую кансультацыю 16-й гарадской паліклінікі Мінска яна стала, як мае быць, да 12-а тыдня. Паводле яе слоў, усе аналізы здавала своечасова, да лекараў прыходзіла таксама ў тэрмін.

Акушэр-гінеколаг планава накіравала Іну на УГД першага трыместра цяжарнасці ў РНПЦ «Маці і дзіця». Ёй прызначылі час на 24 кастрычніка.

«Я сябе не вельмі добра адчувала, у мяне быў тонус (скарачэнне маткі раней за меркаваны тэрмін родаў), хвалявалася, і, як любую жанчыну, мяне цікавіла, як ідуць справы. Не магла дачакацца УГД у РНПЦ і зрабіла яго платна 22 кастрычніка ў прыватным медцэнтры. Пры гэтым там мне далі накіраванне на аналіз на маркеры (для вызначэння групы рызыкі па храмасомных захворваннях) у РНПЦ «Маці і дзіця». Я ўсё здала, але не ведала, што будуць такія наступствы.

У паліклініцы сказалі, што УГД не падыходзіць праз тое, што я яго зрабіла ў прыватным медцэнтры. Больш таго, сказалі, што мяне могуць пазбавіць дапамогі для жанчын, якія сталі на ўлік па цяжарнасці да 12 тыдняў. Але навошта мне перарабляць УГД, калі ў прыватнага медцэнтра ёсць ліцэнзія на працу, там добрае абсталяванне, тым больш кроў на маркеры я ў любым выпадку здавала ў РНПЦ?» — задаецца пытаннем Іна.

Па словах Іны, УГД у прыватным медцэнтры ёй рабілі на абсталяванні экспертнага класа, у заключэнні доктара ўказаныя ўсе абавязковыя моманты: колькасць пладоў, жыццядзейнасць эмбрыёна, хвасцова-цемянны памер, таўшчыня каўнеравай прасторы, наяўнасць насавой косткі, асаблівасці анамаліі плоду, маткі, плацэнты і гэтак далей.

Па камэнтар правоў на дапамогу Іна звярнулася ў Камітэт па ахове здароўя Мінгарвыканкама. У адказе з камітэта сказана, што сітуацыю рэгулюе загад Міністэрства аховы здароўя № 83 ад 30.01.2012 года «Аб удасканаленні арганізацыі правядзення прэнатальных і ультрагукавых даследаванняў па выяўленні парокаў развіцця і храмасомнай паталогіі ў плодзе ў Рэспубліцы Беларусь». Згодна з ім, ультрагукавы скрынінг па накіраванні акушэраў-гінеколагаў жанчыны з Мінска павінны праходзіць у РНПЦ «Маці і дзіця», міжраённых ультрагукавых прэнатальных цэнтрах Мінска (радзільня №2 і 1-я гарадская клінічная бальніца).

«Заключэнні іншых медыцынскіх цэнтраў не прымаюцца», — адзначаецца ў адказе.

Камітэт па ахове здароўя ў адказе звярнуў увагу, што пытанні выдачы ці нявыдачы дапамогі — у кампетэнцыі Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва.

У фондзе патлумачылі, што калі жанчыне ў кансультацыі не выдадуць медыцынскае заключэнне аб тым, што яна стала на ўлік своечасова і выконвала ўсе загады лекара, то права на аднаразовую дапамогу для тых, хто стаў на ўлік да 12-а тыдня цяжарнасці, у яе не будзе. Гэтае пытанне рэгулюе пункт 1 артыкула 10 закона «Аб дзяржаўных дапамогах сем'ям, якія выхоўваюць дзяцей». Такая дапамога раўная 100% найбольшай велічыні бюджэту пражытачнага мінімуму, дзейснага на дату нараджэння дзіцяці. Напрыклад, сёння гэта 197 рублёў 81 капейка.

Іна лічыць неабгрунтаваным тое, што яе могуць пазбавіць дапамогі. На яе думку, у загадзе Міністэрства аховы здароўя няма прамой забароны прымаць заключэнні прыватных медцэнтраў, у якіх ёсць дазвол і ліцэнзія на працу, хоць там і пералічаныя ўстановы аховы здароўя, дзе павінны праводзіцца УГД.

«Загад Міністэрства аховы здароўя я зразумела так, што лекары павінны накіраваць на УГД у гэтыя ўстановы аховы здароўя, але зрабіць я магу і ў іншым месцы. Калі б пра тое, што праз УГД прыватнага медцэнтра можна пазбавіцца дапамогі папярэджвалі адразу, цяжарныя гэтага б не рабілі. З іншага боку, я ж магу здаць кроў у прыватным цэнтры, і гэтыя аналізы прымуць. Пры гэтым на некаторыя аналізы з нашай паліклінікі накіроўваюць у іншую», — адзначае Іна.

Наталля Касцюкевіч, Tut.by

Каментары
Nepal / Адказаць 11.12.2017 / 18:25

Да частные центры намного лучше государственных забегаловок!

3
Хуткая / Адказаць 11.12.2017 / 20:10

Хлусня, не верце.

3
Са / Адказаць 12.12.2017 / 00:29

Добра хоть не пасадзили

0
каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура