Праект партала
Дома
09.12.2017 / 15:10
Зірніце на гэтыя міндальныя снежкі — гатуем нямецкае каляднае печыва 7

Пакуль надвор'е не вельмі спрыяе святочнаму настрою, можна пастарацца стварыць яго хаця б на кухні. Рэцэптаў калядна-навагодняй выпечкі розных краін і народаў у мяне назапасілася столькі, што вочы разбягаюцца — з чаго пачаць, як паспець пераспрабаваць хаця б малую частку?

Традыцыйна я вырашыла пайсці шляхам найменшага супраціву і адштурхнуцца ад таго, што тэрмінова патрабавала прыгатавання. У халадзільніку зноў «сумавалі» яечныя бялкі, а пад руку вельмі дарэчы трапіўся рэцэпт «міндальных зорачак з цынамонам» з кнігі Ірыны Чадзеевай, які сама яна знайшла ў нямецкай кнізе каляднай выпечкі. Праўда, акурат зорачкі ў мяне не атрымаліся (ніжэй раскажу, чаму), але на смаку печыва гэта, на шчасце, ніяк не адбілася.

Вам спатрэбіцца:

  • 2 бялкі
  • 200 г цукровай пудры
  • 200 г міндальнай мукі
  • 1 ч.л. цынамону

Як гатаваць:

1. Бялкі ўзбіць міксерам у шчыльную пену.

2. Дадаць прасеяную цукровую пудру, перамяшаць. Адкласці тры сталовыя лыжкі сумесі для глазуры. 

3. Дадаць міндальную муку (яе можна зрабіць і самому, дробна парубіўшы міндаль у кавамолцы) і цынамон, замясіць цеста. Міску з цестам прыкрыць і паставіць у халадзільнік на гадзіну-дзве.

4. Далей па рэцэпце меркавалася раскачаць цеста на пасыпаным цукрам стале ў пласт таўшчынёй каля 0,5 см і выразаць з яго зорачкі. Я сумленна паспрабавала гэта зрабіць, але цеста атрымалася неймаверна ліпкім (ці то гэта звязана з якасцю мукі, ці то бялку было зашмат). Калі раскачаць яго яшчэ так-сяк удалося, то выразаць акуратныя зорачкі і адляпіць іх ад стала — ужо ніяк. Таму я вырашыла не мучыцца і змочанымі ў халоднай вадзе рукамі хутка наляпіла маленькіх круглых пячэнек. 

5. Печыва змазаць адкладзенай глазурай, выкласці на бляху і пакінуць падсыхаць пры пакаёвай тэмпературы на некалькі гадзін (найлепей на ноч). 

6. Выпякаць 10-15 хвілін на 160°С. Калі баіцеся, што бялок не прапячэцца, патрымайце даўжэй, але ў ідэале печыва не павінна зарумяніцца. 

У выніку ў мяне атрымаліся не зорачкі, а «снежкі» — ну а што, таксама цалкам зімовы і святочны выгляд:) 

Гатуйце таксама:

Юлія Міцкевіч

Каментары
хамса / Адказаць 09.12.2017 / 19:32

дзякуй за навагодні настрой)

0
Žvir / Адказаць 09.12.2017 / 21:26

<У выніку ў мяне атрымаліся не зорачкі, а «снежкі» — ну а што, таксама цалкам зімовы і святочны выгляд:)> --Nu, Vam aby vyhliad ! Vyhliad možna i z piasku na pliažy liapic`. Maja malieņkaja dačka niekali tak i rabila - "napiače" kandytarskich vyrabaū z piasku, pryniasie mnie, kab pakaštavaū, bo pryhožyja ūdalisia. :)) Vy mnie pra smak vašych "sniežkaū" raspaviadzicie, jakija jany na smak, kab ja ūjaviū....Vo heta važna. :)

4
хамса / Адказаць 10.12.2017 / 11:14

Юлія, сёння на вуліцы такая казка.. вы мусіце прыгатаваць нам шмат смачных фота)

0
каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура