Праект партала
Навокал
05.12.2017 / 12:02
Земляная зорка — быццам не грыб, а касмічны апарат ФОТА9

Дасведчаны грыбнік, паэт Сяргей Сыс распавёў пра яшчэ адзін лясны цуд, што і здзіўляе, і зачароўвае. 

Зорачнік. Фота freenatureimages.eu.

Ці даводзілася вам сустракацца ў лесе з земляной зоркай? Калі яшчэ не пашчасціла на спатканне — дык распавяду пакуль пра тое, што вядома мне.

Земляная зорка, хаця і падобная знешне на нейкі касмічны апарат, усяго толькі не зусім звычайны грыб. Апісаць яго вельмі складана, паколькі ў прыродзе існуе больш за 20 разнавіднасцяў такога дзіва. У аднаго віду тры промні, у іншага — чатыры, а ў некаторых нават і па сем. Адрозніваюцца яны таксама і колерам. Але які вам грыб не спаткаецца — той і ўпадабаецца. Гэта дакладна.

Земляная зорка — гэта геаструм (лац. Geastrum) ці зорачнік. У маладым узросце грыб уяўляе сабой схаваныя ў зямлі яйкі, падобныя на вясёлкавыя. Яны не надта вялікія, дзесьці да 4 сантыметраў у дыяметры. Калі яйку становіцца цесна, яно вытыркаецца з зямлі і скурка лопаецца на некалькі зоркападобных прамянёў даўжынёю 10-12 сантыметраў. А самое цела яйка, у якім і знаходзяцца грыбныя споры, пачынае ўзвышацца на 5-7 сантыметраў. Калі грыб паспее цалкам, дык пачынае нагадваць порхаўку: калі яго раструшчыш — споры разлятаюцца шызым пылам.

Фота wikimedia.org.

Улюбёныя месцы росту зорачніка — хвойнікі, ельнікі, змяшаныя лясы, тыя, дзе маюцца пясчаныя выспачкі, шчодра перасыпаныя апалай ігліцаю і гнілым дробным смеццем. Час актыўнага росту пачынаецца ад другой паловы ліпеня і цягнецца па верасень. Растуць сямейкамі, але не паўсюль. Сустракаюцца на Міншчыне, Віцебшчыне, а можа і яшчэ дзе, куды я пакуль не патрапіў.

Адмыслоўцы не раяць збіраць зорачнікі і выкарыстоўваць іх у ежу, паколькі сярод іх сустракаюцца гаркавыя і неядомыя віды. Аднак у некаторых крыніцах сцвярджаецца, што можна збіраць і смажыць яйкі грыба. Але хіба ты іх знойдзеш пад лясным покрывам? Таму застаецца любавацца.

Nina.nn.by

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура