Праект партала
Гісторыі
04.12.2017 / 14:50
Мінчанка жыве з хранічнай мігрэнню з дзяцінства. І бегае марафон!18

Крысціна Вязоўская працуе псіхалагіняй, выкладае навучальны курс для маці «Кіслародная маска», дзе кожная жанчына можа нарэшце перастаць абвінавачваць сябе ў тым, што робіць усё няправільна, і пачуць падбадзёрлівае «Ты Ок». Сама сябе называе радыкальнай феміністкай.

У мінулым месяцы Крысціна прабегла адзін з самых складаных у свеце марафонаў — 42-кіламетровы афінскі. Гэта пры тым, што яе цела перанесла мноства аперацый і ведае ўсе «цуды» хранічнай мігрэні.

Крысціна Вязоўская. Фота Дар'і Янушэўскай.

Крысціна распавяла нам, як прыняць свае хваробы ў свеце, дзе культывуецца імідж цалкам здаровых і прыгожых, і імкнуцца да мары дзяцінства, нягледзячы на забароны дактароў.

— З болем у мяне вельмі блізкія адносіны. Мне нават складана аддзяліць боль ад сябе, бо ён суправаджае мяне столькі, колькі сябе памятаю.

Першыя мігрэні я зведала яшчэ падлеткам. Як гэта адбываецца? Усё навокал цямнее, я пачынаю дрэнна бачыць, чуць, кеміць — увогуле, дрэнна пераношу як святло, так і знаходжанне ў цемры.

Здаралася, прыступы прыходзілі тры разы за тыдзень. А аднойчы гэты пякельны боль цягнуўся шэсць дзён — цяпер, калі я проста згадваю пра гэта, мяне трасе. Тады ж я крычала ва ўвесь голас.

У дзяцінстве ніхто не мог паставіць мне канкрэтны дыягназ: мігрэнь. У мяне была тоўстая бальнічная картка, але назваць дакладную хваробу адзін мінскі неўрапатолаг здолеў толькі калі мне было гадоў 20. Праўда, я да апошняга спадзявалася, што, можа, гэта праблема ў падушцы ці яшчэ ў чым.

Кожную маю мігрэнь суправаджае свая аўра, у розных пацыентаў яна вельмі індывідуальная. У адных болі пачынаюцца са зрокавых успышак, у іншых — проста выпадаюць часткі карцінкі, якую бачаць вочы. Некаторыя даследчыкі лічаць, што гэта залежыць ад таго, у якім аддзеле мозгу адбываюцца спазмы.

За гады жыцця з болем я навучылася купіраваць прыступы яшчэ да таго, як яны разыграюцца. У гэтым плане добра быць дарослым: ты можаш вырашаць, што табе трэба прымаць, а што не. Я ведаю, што ў маёй сітуацыі спазмалгон не працуе, а цытрамон і кетарол — так. Заглушыць сімптомы таксама дапамагае цукар, а вось справіцца з чарговым прыступам у маім выпадку — толькі своечасовы зварот да астэапата. Знайсці свайго доктара ў Мінску было няпроста. Асабліва другога, калі з’ехаў той, хто ратаваў да яго.

Ад некаторых спецыялістаў, якія бралі за курс немалыя грошы, я выслухоўвала каментары кшталту: «Галава баліць, таму што ў вас праца такая». Дык што, мне ў дворнікі трэба было пайсці? Не зусім разумею лекараў, якія апраўдваюць сваю няздольнасць такім чынам.

Мне пашанцавала: пасля таго, як я амаль страціла надзею, сяброўка параіла аднаго астэапата. Цяпер, калі боль не праходзіць цягам сутак, калі ад яго пачынае ванітаваць, я кідаю ўсе справы, пакідаю дачку на сябровак і еду да гэтага доктара.

Астэапаты ўздзейнічаюць на пэўныя ўчасткі цела, шмат працуюць з шыяй. Працэдура можа цягнуцца ад гадзіны да двух з паловай. Яна мне дапамагае, таму сёння я нават не спрабую спраўляцца з мігрэнямі самастойна.

Калі я вучылася ў трэцім класе, неяк раніцай прачнулася і зразумела, што хачу бегаць. І ўзялася за гэтую справу сур’ёзна: разам з суседкай мы нават складалі планы забегаў побач з домам. Пазней у нейкай савецкай энцыклапедыі я прачытала гісторыю аднаго марафонца і захацела таксама. Для мяне гэта было нейкай неверагоднай марай, як для кагосьці трапіць у космас.

Спачатку я трэніравалася ў школе «Irun». Год таму пачала стала займацца з трэнерам і сёння магу бегаць на вялікія дыстанцыі, пра якія марыла: так, афінскі марафон у тым ліку быў марай. Пры тым, што ў пэўны час жыцця дактары забаранілі мне бегаць.

Крысціна пасля афінскага марафону.

На 42-кіламетровым марафоне ў Афінах усё прайшло не так гладка, як хацелася б. На 23-м кіламетры я адчула, што кожны моцны ўздых выклікае ванітны рэфлекс. Пасля 25-а кіламетра, калі пачалі дранцвець вусны, перайшла на крок.

Зноў пабегчы змагла толькі на 40-м кіламетры. У выніку пераадолела дыстанцыю на 1,5 гадзіны пазней, чым планавала. Канечне, мне б хацелася, каб такіх сітуацый не было. Але можна сердаваць на свае недахопы, а можна змірыцца са сваёй ідэнтычнасцю.

У нашым грамадстве культывуецца экстраздароўе, але не існуе стоадсоткава здаровых людзей. Я бачу выхад у тым, каб адаптавацца да сваёй сітуацыі і займацца тым, чым хочацца.

Я бегаю і тады, калі баліць галава (калі прыступ толькі пачынаецца, нават лепш прабегчыся — тады можа і адпусціць). Бег і марафоны застануцца ў маім жыцці, нягледзячы на ўсе складанасці. І гэта ўсё не для выпрабаванняў. Проста жыццё ў нас адно, і хочацца аддаваць яго таму, што падабаецца. Бо інакш навошта?

Запісала Кацярына Карпіцкая, фота на застаўцы Дар'і Янушэўскай

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура