Праект газеты
Навокал Маладзільныя грыбы — ці вы бачылі гэткае дзіва? ФОТЫ7

Абазнаны грыбнік, паэт Сяргей Сыс працягвае здзіўляць грыбнымі вынаходкамі, хай сабе ўжо і не сезон. Зірніце, пра які лясны цуд пойдзе гаворка.

Саркасома шарападобная. Фота img-fotki.yandex.ru.

Кожны год з вялікім нецярпеннем чакаю з’яўлення на вызваленых ад снегавога палону лясных прагалах улюбёных сваіх смаржкоў, і каб не празяваць сустрэчу з імі, раз-пораз забягаю ў бліжэйшы лясок — а раптам з’явіліся? Лес яшчэ няўтульны, там-сям чарнеюць лапікі снегу, гучна трашчыць пад нагамі сухое ламачча. На вочы трапляюцца пасохлыя парэшткі негніючнікаў, слізкія трупікі зімовых апенек, а смаржкоў пакуль яшчэ не бачна. Ды што гэта?

Проста з ігліцы вытыркаецца дзіўны, напоўнены незвычайнай вадкасцю кубачак. Перада мной сапраўднае дзіва — таямнічая саркасома шарападобная (Sarcosoma globosum). Гэты грыб вельмі рэдкі, загадкавы і… незвычайны.

Саркасому, калі ўсміхнецца ўдача, можна сустрэць вясной, падчас раставання снегу. Грыб любіць расці ў хвойніках, паміж соснаў і елак, абавязкова там, дзе няма дарог, сцяжынак, вырубак. Менавіта ў такім лесе і сустрэўся ён мне аднойчы ў Чачэрскім раёне. Ёсць яшчэ звесткі, што саркасому бачылі на Віцебшчыне.

Не магу прыгадаць яшчэ такога грыба, які на працягу свайго жыцця (месяц-паўтара) непазнавальна змяняе сваё аблічча. Па меры росту на яго цёмна-карычневым целе, падобным на бочачку, утвараюцца зморшчыны, ён становіцца больш мяккім, і паволі спаўзае ў мох.

Саркасома. Фота gribo4ek.info.

Саркасома трапляецца не кожны год. Звычайна пры вельмі спрыяльных умовах споры грыба прарастаюць у імху і праз некалькі гадоў вырастае новы грыб. А здараецца, што споры захоўваюцца гадамі і дзесяцігоддзямі, перш чым сыдуцца зоркі на небе і грыб пакажа сябе гэтаму свету. Навукоўцы адзначаюць перыядычнасць росту саркасомы на адных і тых жа ўчастках з інтэрвалам у 8-10 гадоў. Таму бываюць перыяды па 3-5 год, калі грыб амаль не сустракаецца. А расце ён часта невялікімі групкамі па 8-10 бочачак вышынёй да 7-9 сантыметраў.

Можа, па гэтай прычыне саркасома шарападобная занесеная ў Чырвоныя кнігі Беларусі, Украіны, Расіі і многіх іншых краін?

Як сустрэнеш гэтае дзіва — нахіліся і ўважліва глянь унутр грыбной бочачкі. Там тоіцца найкаштоўнейшая студзяністая вадкасць, гэтак званы «земляны» алей. Ён — адзін з самых моцных біястымулятараў, які не мае аналагаў ва ўсім свеце і налічвае ў сваім складзе каля 20-ці тлустых кіслот.

Акрамя гэтага, у вадкасці і ў сценках саркасомы ўтрымліваюцца вельмі рэдкія бялкі, якія нельга сінтэзаваць штучна. Пры ўвядзенні ў арганізм у малых дозах гэтая студзяністая вадкасць умацоўвае імунітэт, стымулюе мазгавую дзейнасць. «Земляны» алей, які на смак нагадвае сыры курыны бялок, справядліва называюць цудам з цудаў праз яго маладзільны эфект.

Кажуць яшчэ, што тую вадкасць прымаюць унутр для павышэння імунітэту, уціраюць у валасы для паскарэння іх росту, а са сценак грыба робяць лекавыя маскі для скуры. Не спрабаваў.

Nina.nn.by

Каментары
Дз / Адказаць 24.11.2017 / 17:37

Ну и назва у гэтага грыба, верагодна каб не ужывали, ци можна ужыць адзин раз.

1
Палясоўшчык / Адказаць 24.11.2017 / 17:52

Быў бы рады маладзіцца, Каб не боязнь -атруціцца!

1
Поль / Адказаць 24.11.2017 / 18:31

Ой,как раз вчера мне подруга рассказывала о паре,которым под 50 и которые каждый год едят какие-то особые грибы.Место,где эти грибы растут хранят в глубочайшей тайне.И омолаживаются они ежегодно.Я очень скептически отнеслась к этой информации,но подруга уверяла,что выглядят они великолепно.И фигура ,и лицо,на редкость,молодо и привлекательно выглядят.А тут вот оно как....

3
каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура