Праект партала
Тонус
22.11.2017 / 18:39
«Палата перапоўненая, там ляжыць 16 чалавек» — працяг дзённіка з псіхушкі10

Публікуем чарговы расказ журналісткі Марыны Весялухі пра яе досвед знаходжання ў закрытым жаночым аддзяленні псіхіятрычнай клінікі.

Марына Весялуха.

Каб быць у тэме, спачатку нагадайце сабе, што адбывалася ў папярэдніх частках:

— Палаценчыка. Можна я вазьму палаценчыка… На гадзінніку 5 раніцы, да нас запаўзла Галя з 6-й палаты… Яна цягнецца да калоды картаў, што ляжыць на тумбачцы.

— Цыгарэту, Яна, дай мне цыгарэту…

— Ідзі да чорта з нашай палаты, — не вытрымлівае Каця.

Добрай раніцы, блін!

***

На гадзінніку 7:00, у палату залятае санітарка і пачынае ліхаманкава выціраць паўсюль пыл.

— Пад'ём! Устаём! Што гэта за рэчы на падаконніках? У нас рэжым! У любой іншай бальніцы вам тое самае скажуць!

— А можна трохі больш па-чалавечы?

Санітарка злуецца, вылятае за дзверы і больш не вяртаецца.

***

Ідзеш сабе раніцай у прыбіральню, стаяць у калідоры дзве пацыенткі, нібыта мірна размаўляюць. І раптам адна з іх з крыкам «Ах ты курва!» чапляецца ў валасы другой і пачынае матляць яе ў розныя бакі. Іх разнімаюць санітаркі.

***

Раз на два дні сюды прыходзіць бібліятэка. Ну як бібліятэка, санітарка з кошыкам кніг. Кошыкам, у які ў крамах кладуць пакупкі. У «фондзе» — жаночыя раманы, дэтэктывы, а таксама — казкі Андэрсана і «Пакуты маладога Вертара» Гётэ. 

— Ну вы дадумаліся прынесці гэтую кнігу ў псіхушку! 

— Пацыенткі папрасілі. А што вы адразу «псіхушка»? 

Дзіўна, але каля двух тыдняў таму я была ў доме-музеі Гётэ ў Франкфурце. Там пісьменнік пражыў да 27 гадоў і напісаў гэты самы твор.

***

«Нават не смей да мяне дакранацца! Люцыфер назірае, дзе ты і чакае цябе. Ох, як добра! А-а-ах!». Лена глядзіць у акно, па яе целе нібыта праходзіць хваля задавальнення. 

Блін, атрымліваецца нейкая сцэна з таннага эратычнага рамана, але гэта true.

***

Да нас у палату перавялі 17-гадовую Веру. Яна некалькі дзён ляжала ў 7-й, палаце назірання. Казала, што спаць там немагчыма. Нейкая бабка ноччу крычала «Нараджаю!», а яшчэ адна згадвала вайну: «Страляюць! Яны хочуць забіць маіх дачку і сына! Я павінна іх выратаваць!» і спрабавала ўцячы праз акно. А трапіла сюды Вера, бо не вярнулася своечасова ў інтэрнат, а таксама, маўляў, пад машыну кідалася і хацела сябе забіць.

***

Яшчэ заходзіла Оля. Не распавяла гісторыю сваёй вандроўкі ў псіхушачку. Сказала толькі, што проста спала дома, а санітараў выклікалі суседзі — і яе забралі.

Сёння паклалі многа хворых. Кажуць, 6-я палата перапоўненая, там ляжыць ажно 16 чалавек. На ўсіх ложкаў і кушэтак не хапае, дык некаторых размяшчаюць проста на падлозе на матрасах.

***

— Людачка, тут у 7-й палаце бабка на ложак нарабіла. Прыбяры.

— Якая? Лідка? Вось чорт, я ж яе толькі што памыла!

***

Расклад дня нашай псіхушачкі (аказваецца, ён існуе)

7.00 — 7.30 Пад’ём, ранішні туалет.

7.30 — 8.30 Вымярэнне тэмпературы цела.

8.30 — 9.00 Сняданак.

9.00 — 9.30 Прыём лекаў.

9.30 — 12.00 Абход дактароў.

12.00 — 13.00 Прагулка, працатэрапія.

13.00 — 14.30 Абед.

14.30 — 15.00 Прыём лекаў.

15.00 — 17.00 Ціхі час.

17.00 — 17.15 Полудзень.

17.15 — 18.30 Прагулка, наведванне пацыентаў сваякамі.

18.30 — 19.30 Вячэра.

21.00 — 21.30 Прыём лекаў.

21.30 -22.00 Вячэрні туалет.

22.00 Сон.

І так — па коле, кожны дзень…

Працяг будзе.

Nina.nn.by

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура