Праект партала
Тонус
04.12.2017 / 08:41
Як не захварэць на цыстыт — самую распаўсюджаную жаночую хваробу4

Калі ўжо здарыўся цыстыт, то яго немагчыма не заўважыць, ён прыносіць вялікі дыскамфорт. Найчасцей да ўролага звяртаюцца якраз з гэтай праблемай.

Кішэчныя палачкі — самы распаўсюджаны ўзбуджальнік цыстыту.

Мы распыталі загадчыцу ўралагічнага аддзялення медыцынскага цэнтра «Ладэ» Вольгу Антонаву, што важна ведаць пра гэтую хваробу і як яе пазбегнуць.

Што такое цыстыт і як ён праяўляецца

Цыстыт — самая распаўсюджаная мачавая інфекцыя. Фактычна кожная жанчына хоць раз у жыцці з ёй сутыкаецца.

Цыстыт адразу дае пра сябе знаць: цягнучы боль унізе жывата, у пахвінных зонах, рэзь пры мочавыпусканні, бясконцыя патрабаванні арганізма схадзіць у прыбіральню, начныя пад’ёмы па тых жа прычынах. Калі стан востры, то ў мачы можа быць кроў.

Чаму хварэюць менавіта жанчыны

У жанчын урэтра карацейшая і шырэйшая, чым у мужчын, і інфекцыя лёгка трапляе ў мачавы пухір. Таму цыстыт і лічыцца найперш жаночай хваробай. Прычым пакутуюць на цыстыт у любым узросце: дзеці, дзяўчаты, што пачынаюць жыць палавым жыццём, жанчыны ў гадах, у якіх ідуць гарманальныя перабудовы, клімакс. Стончаная слізістая ва ўрэтры, у мачавым пухіры, у похве менш здольная супраціўляцца бактэрыям.

У мужчын часцей за ўсё разам з запаленнем мачавога пухіра адбываецца запаленне прастаты. То бок асобнага дыягназу як цыстыт практычна не бывае, бо гэта сумесная запаленчая рэакцыя.

Што правакуе хваробу

Пераахаладжэнне, сэкс, няправільны гарманальны фон. Калі гаварыць пра дзяцей, то каталізатарам могуць быць паразітозы. Праз іх узнікае запаленне перад похвай, якое можа перайсці на ўрэтру і мачавы пухір.

Як ні банальна, цыстыт можа справакаваць стрэс. Да прыкладу, калі мачавы пухір — гэта «слабае» месца жанчыны, і праблемы ўжо былі, то пры стрэсе, пераахалоджванні, калі імунітэт падае, яны могуць абвастрыцца.

Таксама спрыяе цыстыту нашэнне штодзённых пракладак, бо гэта выклікае дысбіёз у похве. Тое самае тычыцца і стрынгаў, таму што праз іх бактэрыі могуць трапіць з задняга праходу ў вобласць урэтры.

Жанчыны, якія любяць салодкае, таксама больш схільныя да цыстыту. Салодкае спрыяе размнажэнню кішэчнай палачкі — самага частага ўзбуджальніка хваробы. Кішэчная палачка жыве ва ўсіх людзей, яна дапамагае арганізму. Але, на жаль, у гэтым відзе бактэрый ёсць патагенныя штамы, якія выклікаюць інфекцыі мачавых шляхоў. Калі ў жанчыны развіваецца дысбактэрыёз у кішэчніку, то ён абавязкова паўплывае і на іншыя органы. У выніку фарміруецца няправільная мікрафлора ў пераддзвер’і похвы, што можа прывесці да цыстыту.

У групе рызыкі таксама знаходзяцца жанчыны, якія пакутуюць на цукровы дыябет і розныя гінекалагічныя хваробы.

Як сэкс звязаны з цыстытам

Падчас сэксу ўласная інфекцыя жанчыны чыста механічна пераносіцца мужчынскім палавым органам з пераддзвер’я похвы і ўціраецца ва ўрэтру. Гэта можа адбыцца нават пры абароненым сэксе.

Можа быць і іншая сітуацыя, калі на скуры ў мужчыны жыве мноства яго бактэрый, якія нават не лічацца патагеннымі. Ён да іх прывык, яны ў яго дыскамфорту не выклікаюць, ён іх не адчувае. Але для жанчыны, у якой імунітэт часцей за ўсё слабейшы, яго мікробы могуць з’яўляцца патагеннымі. Падчас сэксу ён заносіць іх жанчыне, уцірае з пярэдняй сценкі похвы ва ўрэтру. Далей яны падымаюцца з урэтры ў мачавы пухір і здараецца цыстыт.

Што такое «цыстыт мядовага месяцу»

Гэта якраз той перыяд, калі ў дзяўчат пачынаецца актыўнае палавое жыццё. У многіх жанчын урэтра размешчаная вельмі блізка да пярэдняй сценкі похвы. Бактэрыі механічна заносяцца падчас сэксу і з прэзерватывам, і без яго (са скуры палавога партнёра).

Мікрафлоры партнёраў павінны «пасябраваць» адна з адной. Гэта адбываецца няхутка, можна і да паўгода, і да года чакаць. Таму заўсёды мусіць быць посткаітальная прафілактыка. Пасля сэксу трэба схадзіць у прыбіральню памачыцца, памыцца з гель-душам для інтымнай гігіены і не лішнім будзе прыняць капсулу ўраантысэптыку.

Як засцерагчыся

Імкнуцца не пераахалоджвацца, піць шмат вады, 1,5—2 літры цягам дня. Таксама добра піць чай, але лепш не зялёны, бо ён можа спрыяць дыскамфорту пры мочавыпусканні, а травяны. І нельга ніколі цярпець, калі хочацца ў прыбіральню, бо падчас трывання ў мачавым пухіры размнажаюцца бактэрыі. Мікрафлора ў похве, кішэчніку павінна быць у норме. Нельга дапускаць дысбактэрыёз. Калі, да прыкладу, здарыўся панос, яго абавязкова трэба лячыць, а не чакаць, пакуль ён пройдзе сам.

Якія могуць быць наступствы

Інфекцыя можа падняцца ў ныркі і справакаваць развіццё піеланефрыту. Пры гэтым захворванні ўздымаецца тэмпература, з’яўляецца ламота і боль у паяснічнай вобласці, агульная слабасць, недамаганне, можа ванітаваць. Піеланефрыт — гэта сур’ёзная праблема, якую лечаць у тым ліку ў стацыянары.

Ці можна вылечыць цыстыт цалкам

Можна, але трэба выконваць усе пералічаныя вышэй прафілактычныя меры. Калі ўсё гэта рабіць, то можна ніколі і не захварэць. Важна не запускаць хваробу і не дапускаць рэцыдываў, якім заўсёды ёсць прычына.

Апошняе ноу-хау — вакцына ад цыстыту. Яе ўводзяць тры разы з інтэрвалам 10 дзён. Прышчэпка гарантуе, што хвароба не паўторыцца цягам года, але пасля неабходная рэвакцынацыя, — падагульняе доктар.

Цыстыт лечыцца ад трох да пяці дзён. Як правіла, лячэнне ўключае ўраантысэптык, а таксама раслінныя прэпараты на аснове журавін, талакнянкі, якія аказваюць дадатковае супрацьзапаленчае і антысэптычнае дзеянне. Могуць выкарыстоўвацца і сродкі, што ўтрымліваюць Д-манозу. Гэты кампанент перашкаджае кішэчнай палачцы прымацоўвацца да слізістай мачавога пухіра, як следства — узбуджальнік выводзіцца з мачой. Раслінныя прэпараты рэкамендуецца прымяняць да месяца для прафілактыкі «вяртання» інфекцыі.

УНН 101431475

Nina.nn.by

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура