Проект портала
Рост
19.11.2017 / 00:22
«Жить в эко-стиле»: как две подруги организовали популярные эко-мастер-классы18

Гаворка пойдзе пра «Торба Шоу» — адукацыйны праект, у межах якога Каця Арчакова i Cаша Кульбіцкая ладзяць майстар-класы, на якіх можна навучыцца шыць і жыць у эка-стылі. Дзяўчаты прымаюць непатрэбную беларусам тканіну і ператвараюць у экаторбы, з якімі ў свой час ганялі нашы маці і бабулі, а сёння — усе хіпстары.

Саша Кульбіцкая і Каця Арчакова.

Дзве гэтыя сяброўкі — з тых людзей, якія могуць пайсці ў лес у грыбы і вярнуцца адтуль з двума пакетамі смецця.

Саша і Каця расказалі «Ніне», чаму сёння важна гаварыць пра экалогію не графікамі, якія палохаюць, а адкрыта і проста, і як яны самі змагаюцца з грамадскімі і ўласнымі стэрэатыпамі на гэтую тэму.

«Ніна»: Дзяўчаты, распавядзіце, як вы зацiкавiлiся эка-тэматыкай?

Саша: Год пяць таму я трапіла на курсы «Эка-старт», якiя ладзiў Цэнтр экалагiчных рашэнняў. Памятаю, вельмi моцна ўразiлася, калi там расказалi, што рэчы, якiмi мы карыстаемся нават малы адрэзак часу, не знiкаюць бясследна. Ёсць тыя, што раскладаюцца некалькі дзясяткаў гадоў, а іншыя не раскладаюцца зусім, як поліэтылен, напрыклад.

Колькi сябе памятаю, я заўжды пiлiла ўсiх з пластыкавымі пакецiкамi. Іх і мяне заадно ўжо, здаецца, ненавiдзяць (усмiхаецца).

Што тычыцца «Торба Шоу», усё было проста. Аднойчы я прыгадала, што ў мяне ёсць знаёмая, якая любiць шыць розныя штучкi. Мае ўнутраныя занудствы даўно павiнны былi аформiцца ў нейкую больш-менш адэкватную форму. Так нарадзiўся наш праект — лайтовыя майстар-класы па вырабе такiх рэчаў.

Існавала мода на айфоны, а цяпер з’явілася на свае кубачкi ў кавярнях — і гэта не можа не радаваць.

Каця: Насамрэч, мяне проста Саша дапiлiла (жартуе).

Жыццё вельмi непрадказальнае: каб не ініцыятыва Сашы, я б ніколі не прыйшла да экалагічнай тэматыкі. Канечне, я ведала, што пластык — гэта дрэнна. Што нельга пакiдаць батарэйкi ў лесе. Але глыбей у эка-тэму нiколi не паглыблялася. Мабыць, яшчэ i таму, што такая iнфармацыя рэдка даносілася да людзей цiкава.

Спачатку Саша прапанавала зладзіць разам майстар-клас, а пасля паглядзець, як пойдзе справа.

Саша: Так, сацыяльная рэклама з кроплямi вады цi вожыкамі гэта добра. Але ты праходзіш міма i такi: «Ага, ну акей. I што далей?»

Аднойчы я ўбачыла мульцiк Аннi Леанард «Гiсторыя рэчаў». I менавiта ён, а не плакаты, не выходзiць з галавы да гэтага часу. Калi б у нас з’явiлася нешта такое, было б карысна. Вельмі важна, як вы падаяце iнфармацыю патэнцыйнай аўдыторыi. Страшныя рэчы можна распавесцi простымi карцiнкамi.

Каця: Я выдатна памятаю, як у школе нас пужалi ваеннай тэматыкай: колькi чалавек загiнула, што ўсё жудасна, шмат крыві… Канечне, гэта ні ў якое параўнанне не iдзе з нашай тэмай. Але я вось да чаго вяду. Усе школьнікі тады сядзелi i думалi: так, жыццё бывае з войнамi, смерцю, забойствамi. Але эмацыйна гэта не кранала, бо падавалася як нейкая статыстычная інфармацыя. А вось калi да нас завітаў ветэран, якi расказваў, як сядзеў у лесе i ад стомы нават не мог апрануць боты, то гэта дае зусiм іншыя эмоцыi, уласныя ўяўленнi i карцiнкi пра вайну.

Тое ж самае i з эка-тэмай: не трэба заклiкаць і пужаць графiкамi — варта шукаць іншыя падыходы.

Вось такія торбачкі можна навучыцца шыць на майстар-класах.

Саша: Часта мы адчуваем бездапаможнасць, калi чуем ад сяброў: «Ой, мне казалi, што ўсё смецце ўсё роўна трапляе ў адзiн бак. Дык навошта яго сартаваць?». Я i сама так думала, але такiм чынам ты аўтаматычна здымаеш з сябе адказнасць.

Нiхто не просiць ратаваць цэлы акіян, але выкінь сваю бутэльку у спецыяльны бак. Гэта маленькі крок дзеля вялікай мэты.

Увогуле, я лiчу, што ў свеце нiхто не робiць зла — гэта альбо лянота, альбо недасведчанасць.

«Ніна»: Як вы ставiцеся да крытыкi, калi людзi спрабуюць параўноўваць рознаполюсныя тэмы i паказваць, наколькi ваша «несур’ёзная»?

Каця: Я iмгненна абураюся, калi чую: «А што мы можам зрабiць? Гэта ж усё вытворцы вінаватыя!»

Аднойчы ў нас здарылася не самая лёгкая сiтуацыя: на мерапрыемстве, прысвечаным экалагiчнай модзе, мы паказвалi ролiк, якi расказваў пра праблемы заводаў у Бангладэшы, што вырабляюць таннае адзенне. I адна жанчына ў аўдыторыі сказала: «Ну, за гэта дакладна не мы адказваем!» Так, мы не начальнiкi заводаў. Але кожны з нас можа зрабiць маленькiя крокi. Ва ўсiх хапае сваiх праблем, мы разумеем гэта. Таму нiкога не абвiнавачваем. Толькі спрабуем растлумачыць.

Саша: Мне падаецца, што такія рэчы адбываюцца ад неразумення маштабаў.

Мы ўсе жывём у горадзе, i калi выкiдаем смецце, яно знiкае недзе ў баках, дзiрках пад зямлёй. А калi прыязджаеш на вёску, дзе кожны кавалачак зямлi — твая адказнасць, i бачыш усе гэтыя бутэлькі, смецце… Гэта выдатнае экзістэнцыяльнае ўзрушэнне.

Аднойчы я пабывала на гарадской сметніцы. I гэта маё самае моцнае i жудаснае ўражанне: адарваныя галовы лялек, па якіх ты шпацыруеш, пакеты, рэчы, якiмi чалавек карыстаўся 10 хвiлiн.

Раней мне падавалася, што СССР — гэта шыкоўны прыклад «зiро вэйст» (нуль адходаў). Усе самi шылi торбачкi, хадзiлi з iмi ў краму, заварочвалi пакупкі ў паперу i гэтак далей. А потым нехта сказаў мне: «Саша, ты што, з глузду з’ехала? Проста ў краіне быў дэфiцыт! Не было іншага выйсця ў людзей!»

Цяпер мы заклiкаем на «Торба Шоу» ствараць тое, што рабiлi раней нашы бабулi. Улічваючы, што сёння гэта становiцца модным.

Пакуль у нас збольшага жаночая аўдыторыя (усяго прайшло 10 майстар-класаў), але прыходзiлi i два хлопчыкі. А якраз 18 лістапада адбудзецца чарговы воркшоп, на які запісаліся адразу тры хлопцы.

Мы вельмi хочам зладзiць і адмысловае «хлапчуковае» мерапрыемства, таму што верым у мужчын i ўвогуле за гендарную роўнасць. Шыць — гэта не толькi дзявочая справа, не трэба саромецца!

«Ніна»: Па жыцці вы суровыя эка-гёрлс?

Саша: У нас няма агрэсiўнай пазiцыi. Мы не хочам нікога лаяць, але, калі шчыра, мяне раздражняе чалавечая лянота i несвядомасць. З іншага боку, да кожнага з нас трэба ставiцца з разуменнем i павагай.

Каця: Ой, у мяне пра Сашу на гэтую тэму ёсць смешная гісторыя.

На яе вяселлi (якое яна нават не хацела ладзіць, бо гэта неэкалагічнае мерапрыемства), некаторыя госці жадалi нявесце: «Трэба дазваляць адно аднаму розныя слабасцi, напрыклад, браць пакеты, Саша!»

І так, мы дазваляем сваім блізкім (і не толькі) розныя слабасці і намагаемся захаваць пазітыўны і вясёлы вобраз, а не пераўтварацца ў стэрэатыпных экалагічных зануд.

Кацярына Ажгірэй, фота з архіваў гераінь

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРОЕКТ2 материала Шура-бура