Проект портала
Рост
13.11.2017 / 17:34
«Мой мир сузился до темного коридора». Новые истории из психушки

Публикуем третью часть дневника журналистки Марины Веселухи о ее пребывании в закрытом женском отделении психиатрической клиники. Из текста вы узнаете, чем питаются больные, как проводят время и каким образом уклоняются от общих правил.

Марына Весялуха.

Па спасылках можна пачытаць першую і другую часткі.

«Так, я ў псіхушцы, закрытым жаночым аддзяленні» — эмацыйны дзённік

«У мяне забралі тэлефон, завушніцы і нават пазногці». Працяг дзённіка з псіхушкі

***

Мне сніўся канцэрт Metallica, на якім я выпадкова стаяла побач з Трампам. «Во трапіла,  думала сама сабе ў сне,  зараз мая фотка будзе ва ўсіх СМІ».

Прачнулася ад таго, што Лена б’е і душыць некага нябачнага на сваёй падушцы. З праклёнамі і дзіўнымі жэстамі.

А вось гэта ты трапіла! Я ж у псіхушцы. Сёння толькі трэці дзень, а здаецца, што я тут ужо цэлую вечнасць.

Найгорш ад таго, што паўсюль хворыя. Аголеныя целы ў прыбіральні (толькі тут, пад кранам, можна трохі памыцца). Целы не маладыя і прыгожыя, а з абвіслымі азадкамі і грудзямі. Часам — толькі адной. Не хачу гэта бачыць! Не хачу, каб мяне так пільна разглядалі.

 Хм, а колькі табе гадоў? — пытаецца Светка.

 30…

 Ні фіга сабе! А цела ў цябе, як у дзяўчынкі!

Пасябравала з дзяўчынай, якая ляжыць у асобнай палаце, і дамовілася хадзіць да яе ў душ. Хоць нейкі бонус.

***

Ісці па таблеткі трэба абавязкова са сваёй вадой. Назваць папку, у якой ляжыць твой ліст прызначэнняў, атрымаць лекі, праглынуць, запіць вадой і паказаць язык. Маўляў, я ўсё выпіла. Але ёсць і такія хворыя, якія ўмудраюцца нейкім чынам хаваць таблеткі пад язык, а потым іх выкідваюць у прыбіральні ці хаваюць у шкарпэткі.

***

Правілы — наша ўсё. Есці, спаць па раскладзе, атрымліваць лекі. Хадзіць па калідоры. Апошні пункт хворыя выконваюць асабліва шчыра. Ужо ў 6 раніцы яны пачынаюць сноўдаць туды-сюды, абавязкова шаркаючы нагамі па падлозе.

Яшчэ адно правіла ці, хутчэй, лайфхак: не паказваць хворым, што ў цябе ёсць нешта з ежы. Будуць хадзіць і бясконца прасіць.

 А можа ў вас ёсць хлебушак?

 Пачастуйце хоць булачкай…

 О, у цябе тут бананы… А можна мне?

 Можа, цукерачка ёсць?

 Мне так твае піражкі спадабаліся, — гэта значыць, трэба даць яшчэ адзін, а праз некалькі хвілін яна прыйдзе за трэцім.

***

 У мяне шкарпэткі скралі! — залятае ў палату Магдалена. — Мокрыя! Я іх толькі памыла і павесіла сушыцца. Мне іх Наташа цяжарная падарыла, бо ў мяне не было шкарпэтак. А тая баба іх скрала і аддала Ані. Што яна за чалавек! Каб у яе пасля смерці не было чаго адзець і вось так шукалі адзежу, як я сёння свае шкарпэткі шукаю!

***

Аказваецца, пасцельную бялізну тут засцілаюць хворыя. Адразу не па сабе — мала ці хто да маёй дакранаўся. А некаторыя бяруць у санітарак анучы і ідуць па палатах праціраць пыл: рабіць жа няма чаго.

Пра пацыентаў можна пісаць асобна. Нехта тут сапраўды жыве — па паўгода-году. Потым выпісваецца, пераводзіцца ў іншую бальніцу і зноў вяртаецца сюды… І яны ўсе розныя: адна не можа стаяць і нават ляжаць спакойна, увесь час рухае нагамі. Нехта — сядзіць нерухома і толькі хістаецца з боку ў бок. Хтосьці лезе з гутаркамі да ўсіх, а хтосьці — маўкліва глядзіць у сцяну, сам сабе ўсміхаецца, размаўляе з бульбай з супу ці шле праклёны некаму нябачнаму. Ёсць тыя, паўз якіх лепш праходзіць асцярожна: адзін «не такі» погляд — і яна ўчэпіцца ў валасы і будзе матляць цябе ва ўсе бакі. Не раз бачыла, як санітаркі вырашалі падобныя канфлікты.

 Гэтая жанчына  прастытутка,  кажа Лена некаму нябачнаму, хто стаіць каля акна. Яна ляжыць у ложку пад коўдрай і актыўна жэстыкулюе.

***

Тут любяць казаць з гонарам: у нашай псіхушцы кормяць лепш, чым ва ўсіх астатніх псіхушках! Не ўяўляю, што тады ядуць хворыя ў іншых бальнічках? Камяні?

На сняданак нам зазвычай даюць кашу — аўсяную, манную, ячменную і ледзь цёплую слабенькую салодкую гарбату. Як у школьнай сталоўцы.

На абед — суп, нейкая катлета з кашай, макароны з гуляшом ці тушаная капуста. Бачыць кавалкі сапраўднага мяса — радасць невымоўная. Палуднуем творагам, заціркай (фу!) ці яйкам.

 А можна мне кавалачак хлеба да яйка?

— У нас няма хлеба на полудзень!

 Як можна есці вараныя яйкі без хлеба?

На вячэру — тушаная капуста, бульба з рыбай ці падліўкай. І заўсёды — крыху цёплыя і салодкія гарбата, кававы напой…

Спачатку кормяць самых нецярплівых — хворых з палат назірання. Ім прыносяць ежу ў палаты ці вядуць у асобную сталоўку. Астатнія чакаюць пад дзвярыма, а потым займаюць сталы. Ямо па чарзе: не хапае месца сесці ўсім адразу.

 Дзевачкі, кушаем! — падбадзёрвае медсястра. — А ты, Малевіч, што там стаіш, як зорка!

***

— А кім ты там у Мінску працуеш?

 Журналістам.

 Ого, першы раз бачу, каб журналістка ляжала ў псіхушцы. А пра нашу бальніцу напішаш?

 Ага.

 А пра пацыентаў? Ну, запісвай!

***

Засынаць не так страшна, як прачынацца. Мой сусвет у гэтыя дні звузіўся да аднаго цёмнага калідора (чым глыбей у яго заходзіш — тым страшнейшыя там хворыя); ложка з тоненькім матрасам (ну як матрасам — кавалкам паралону), які скрыпіць пры кожным руху і ад якога баліць усё цела; зялёнай тумбачкі і акна. За акном — жоўтыя будынкі з зялёнымі дахамі, а ўдалечыні — лес. Калі пайсці ў самы канец калідора, то праз акно можна пабачыць дарогу…

Працяг будзе.

СПЕЦПРОЕКТ2 материала Шура-бура