Праект партала
Дома
11.11.2017 / 15:54
Цудоўная салодкая вынаходка: кошычкі з яблыкамі і швейцарскай мерэнгай17

Скажу адразу: я не фанат «дробнай маторыкі» ў выпечцы. Мае любімыя рэцэпты — калі ўсё змешваецца за 10 хвілін, пажадана ў адной місцы, і выліваецца ў форму. Але часам зоркі сыходзяцца вось так.

Усё пачалося з бялкоў, што засталіся ад «карбанары», якую мы гатавалі напярэдадні. Я пачала прыкідваць, куды б іх прыстроіць, калі муж у чарговы раз нагадаў пра бялковы крэм. Ён вялікі яго аматар, а я яшчэ ні разу не рабіла, нягледзячы на просьбы. Справа ў тым, што «магазінны» крэм заўсёды выклікаў у мяне падазрэнні, бо бялкі ў ім не праходзяць тэрмаапрацоўку, а якасць магазінных яек таксама немагчыма гарантаваць на 100%. Але гэтым разам я прыгадала, што ў адной з кулінарных кніг натрапіла на так званую «швейцарскую мерэнгу» — спосаб, калі бялкі ўзбіваюцца на «вадзяной лазні», то бок праходзяць апрацоўку высокай тэмпературай.

І так нарадзіліся мае першыя ў жыцці пірожныя. Вядома, з імі прыйшлося павазіцца крыху больш, чым з якім кексам, але вынік быў таго варты. А швейцарская мерэнга назаўжды змяніла маё ўяўленне пра бялковы крэм: далікатная, цягучая, у спалучэнні з крохкім цестам і салодка-кіслай начынкай, яна дала выдатны эфект.

Вам спатрэбіцца:

для цеста:

  • 200 г мукі
  • 100 г халоднага масла
  • дробка солі
  • 5-6 лыжак ледзяной вады

для начынкі:

  • 5-6 сярэдніх яблыкаў
  • цэдра 1 апельсіна
  • 3-4 ст.л. цукру
  • 1 ч.л. цынамону
  • жменя журавін

для крэму:

  • 2 невялікія бялкі
  • 80 г цукру

Як гатаваць:

1. Для цеста хутка пасекчы муку з соллю і маслам (найлепш у камбайне, я ж за яго адсутнасцю націрала масла на тарцы) у крошку. Дадаць ваду (можа спатрэбіцца крыху больш) і зноў хутка замясіць цеста (ні ў якім разе моцна не вымешваць, дастаткова, каб яно зляпілася ў камяк).

2. Раскачаць цеста ў пласт, выразаць круглыя загатоўкі і раскласці па формачках (я рабіла ў форме для мафінаў на 12 штук). Цеста злёгку накалоць відэльцам і паставіць форму ў халадзільнік на гадзіну (або ў маразільнік на 15-20 хвілін).

3. Для начынкі пачысціць і дробна парэзаць яблыкі, дадаць цукар (яго колькасць рэгулюецца на смак, у залежнасці ад таго, наколькі кіслыя яблыкі), цэдру і цынамон і патушыць у патэльні на лыжцы масла да мяккасці. Вадкасць павінна цалкам выпарыцца. Начынку астудзіць. 

4. Выкласці начынку ў кошычкі з цеста, дадаць па 4-5 ягад журавін. Выпякаць на 200°С каля 30 хвілін (пакуль не падрумяніцца цеста).

5. Для мерэнгі пакласці ў міску бялкі і цукар. Міску ўсталяваць над рондалем з кіпячай вадой. Узбіваць міксерам 5-7 хвілін, пакуль маса не стане вельмі шчыльнай і бліскучай. 

6. Выкласці крэм на гатовыя пірожныя (можна лыжкай, але я спрабавала адсадзіць з дапамогай кандытарскага мяшка. Ну, што сказаць, у гэтым мастацтве трэба яшчэ шмат практыкавацца:)). Запячы пад грылем або на 250°С да лёгкага зарумяньвання бялкоў (сачыце ўважліва, гэта адбываецца вельмі хутка).

Гатуйце таксама:

Юлія Міцкевіч

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура