Праект газеты
Тонус Топ-5 крутых бясплатных дадаткаў для адсочвання чырвоных дзён1

Калі мы бачым, як нехта дагэтуль пазначае свае цыклы ў папяровым каляндарыку ці ўвогуле спадзяецца на памяць, нам робіцца не па сабе.

Спрасціце сабе і сваім каханым жыццё — спампуйце адзін з гэтых дадаткаў на смартфон. Яны не толькі будуць пільна сачыць за менструацыяй, але і ў цэлым адкрыюць шмат новага пра ваш арганізм.

Flo

Мы адмыслова змясцілі яго першым у спісе, бо гэта беларуская распрацоўка. Ідэя належыць IT-прадпрымальніку Юрыю Гурскаму, які быў звязаны з праектамі Viaden Media, sport.com, MAPS.ME і Masquerade.

За рэалізацыю Flo узяліся ў 2015 годзе, а сёння дадаткам карыстаюцца мільёны дзяўчат і жанчын па ўсім свеце. Паказчыкі спампоўвання Flo — адны з найлепшых. Цікава, што найбольш дадатак спадабаўся амерыканкам і канадкам.

Трэба сказаць, Flo ёсць за што любіць. Ён не толькі нагадае вам, праз колькі дзён пачнецца наступная менструацыя, але і пакажа дні з самай высокай і самай нізкай імавернасцю зацяжарыць. Раскажа, якая кантрацэпцыя найлепшая, як лячыць малочніцу, ці можна плаваць і ці можна займацца сэксам падчас месячных. Прапануе паўдзельнічаць у апытанках, будзе распавядаць пра розныя асаблівасці жаночага арганізму і як гэта звязана з вашым станам у кожны канкрэтны перыяд.

Вы можаце карыстацца і шэрагам дадатковых опцый: сачыць за апетытам, сном, вагой, колькасцю выпітай вады, вашай актыўнасцю.

Можаце ўключыць рэжым цяжарнасці, тады Flo разлічыць яе па тыднях і будзе распавядаць, што адбываецца з вамі падчас кожнага з іх.

Але калі вам трэба выключна каляндар для адсочвання месячных, Flo таксама цудоўна падыдзе. Гэты дадатак не будзе надакучваць бясконцымі паведамленнямі і навінамі і можа нагадваць пра сябе раз на месяц за некалькі дзён да пачатку цыкла, вы ўсё гэта можаце выставіць у наладках. Дарэчы, на Flo можна паставіць пароль.

«Мая»

Раней — «LoveCycles», а сёння — «Мая», гэты дадатак візуалізаваны пад мультыплікацыйнага персанажа, які не проста дапамагае адсочваць пачатак і канец цыклу, затрымкі, фертыльныя і бяспечныя фазы, але і дае парады на кожны дзень. Напрыклад, як зняць боль ці палепшыць свой настрой сёння, калі імавернасць зацяжарыць найвышэйшая. Або як разлічыць базальную тэмпературу цела і іншае.

Калі вы не маеце праблем са здароўем, дадатак працуе як гадзіннік: ён папярэдзіць вас, што заўтра трэба ўзяць з сабой тампон ці пракладку. Акрамя таго, доступ да свайго акаўнта вы можаце даць свайму партнёру — тады ён загадзя будзе ведаць, чаму сёння ў вас такі дрэнны настрой, бо на яго тэлефон прыйдзе спецыяльнае паведамленне.

Clue

Многіх карыстальніц гэты дадатак падкупіў сваім гендарна нейтральным афармленнем. Калі большасць жаночых календароў аформленыя ў чырвона-ружовых колерах, з кветачкамі і іншымі мімімішнымі матывамі, то гэты — вельмі нейтральны і просты.

Першапачатковая рэгістрацыя у Clue прадугледжвае адказы на пытанні, якія дапамогуць настроіць дадатак пад вас: колькі цягнецца менструацыя, ці бывае ў вас перадменструальны сіндром і гэтак далей.

У наладах можна задаць напаміны пра пачатак наступнага цыклу, пра дзень авуляцыі і нават не забыцца зрабіць самаагляд грудзей. Зноў жа, Clue можа быць даступны і вам, і вашаму партнёру.

Як і ў «Маі», тут можна сачыць не толькі за фізічным, але і эмацыйным станам. А таксама засцерагчы персанальныя дадзеныя кодам.

PinkBird

Дадатак можна апісаць двума словамі: нічога лішняга. Можа адсочваць чырвоныя дні і ў цэлым клапаціцца пра здароўе: нагадвае, напрыклад, калі варта выпіць таблетку, а таксама будуе графікі, якія падказваюць, нармальны ваш стан на гэты момант ці лепш наведаць гінеколага.

«Любі сябе» — лозунг PinkBird. І ён выдатна ў гэтым дапамагае.

Eve

Шыкоўны дадатак, але англамоўны. Распрацоўшчыкі абяцалі дадаць моўныя версіі яшчэ год таму, але пакуль усё па-старому. З іншага боку, калі вы хочаце падцягнуць замежную мову, то можаце забіць двух зайцаў адначасова.

З адрозненняў ад папярэдніх дадаткаў — да Eve прывязаны форум, дзе можна паглыбляць веды і абмяркоўваць з іншымі дзяўчатамі ўсе пытанні, звязаныя са здароўем, сэксам і адносінамі.

А вы якімі дадаткамі карыстаецеся? Пішыце ў каментарах!

Тавары для здароўя шукайце тут

Nina.nn.by

Каментары
Sangre / Адказаць 11.11.2017 / 13:27

Ага, ну давайте... Мало того, что гугл и соцсети в открытую, не стесняясь, собирают о вас любую доступную информацию, так и еще и о самом интимном начните разным прилагам сообщать.

1
каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура