Праект газеты
Тонус «У мяне забралі тэлефон, завушніцы і нават пазногці». Працяг дзённіка з псіхушкі12

Публікуем другую частку дзённіка журналісткі Марыны Весялухі пра яе досвед знаходжання ў закрытым жаночым аддзяленні псіхіятрычнай клінікі.

Марына Весялуха.

У клініку яе накіравалі бацькі, бо «спужаліся»: дзяўчына не ела, не спала і не ўставала з ложка. Абцяжарвалі сітуацыю парэзы, якія яна наўмысна пакінула на сваім целе.

З другой часткі шчырага «псіхушачнага» дзённіка, які пасля выпіскі Марына пачала публікаваць на партале «Здаровыя людзі», вы даведаецеся, як адбываюцца агляды пацыентаў закрытага аддзялення, пра рэжым жыцця хворых і пра тое, за што лёгка можа апынуцца ў псіхушцы кожны з нас.

***

Я не ведаю, колькі цягнецца ноч і колькі я спала. У палаце — святло, адмыслова ўключанае на ноч. Нельга, каб было цёмна. Гадзіннік — толькі каля паста медсястры. Не пайду глядзець, колькі часу. Чортаў катэтар моцна баліць. Не магу нармальна легчы, толькі час ад часу правальваюся ў сон, прачынаюся і з жахам усведамляю, што я ў псіхушцы.

Зранку будзіць медсястра. Трэба здаць аналізы. Кроў з вены і пальца. Кропельніца. Кардыяграма. Энцыфалаграма мозга. Флюараграфія. Гінеколаг. Усё ў рэжыме нон-стоп. Здаецца, хутка папросяць дастаць нырку, каб праверыць, ці ўсё з ёй добра…

***

Хадзіла на «разбор» свайго выпадку. Загадчыца аддзялення. Мой урач-псіхіятр. Псіхолаг. Куча інтэрнаў. Задавалі ўсё тыя ж пытанні, я раз дзясяты расказвала, што адчуваю, што са мной адбываецца і чаму я сюды трапіла.

Ага, бацькі прывезлі, бо спалохаліся. Шмат працавала. А потым — не ела. Не спала. Не ўставала з ложка. Хацела, каб балела, балела зразумела. Не, я не хацела сябе забіваць. Так, спалохалася, што не змагу спыніцца. Так, баялася звар’яцець.

Татуіроўкі? Ліса — проста ліса. На назе — дыяграма пульсара і вокладка альбома Joy Division. Любімы гурт і я нарадзілася ў адзін дзень з Кёрцісам. Парэзы на руках і нагах неглыбокія. Ножык адмыслова тупы выбірала. Так, зажывуць хутка…

— Вось каб не было тваіх рэзанняў, была б у адкрытым аддзяленні, — гучыць у галаве голас мамы.

Дзякуй за напамін.

***

Мяне перавялі ў палату 15. Амаль VIP-нумар. Чым бліжэй да ўвахода ў аддзяленне — тым «цывільней» палаты. Наша — другая ў рэйтынгу.

Тут дагледжаная жанчына з акуратнай прычоскай і ў новым халаце не можа ўседзець на месцы. То ляжа, то сядзе, то адчыніць шафу, тумбачку, то выйдзе ў калідор, то зноў вернецца… і ўсё зноў па коле. Яна ўвесь час паўтарае: «Што ж робіцца ў хаце!».

17-гадовая Яна, якая выпіла 50 таблетак і парэзала вены, каб напалохаць хлопца. Выратавала яе мама. Некалькі дзён у рэанімацыі, а потым — прывітанне, наша вясёлая псіхушачка.

17-гадовая Таня, якую ў псіхушку скіраваў дырэктар вучэльні за прагулы. А бацькі і пагадзіліся — гэта ж «не лякарня, а пансіянат».

Дзяўчына Алена з прыгожымі хвалістымі рудымі валасамі нешта мармыча, размаўляе з ежай і кімсьці нябачным каля дзвярэй, каму загадвае: «Заткні пасць!». Усе свае дзеянні яна каментуе нечым накшталт вершаў. Ложак засцілае вельмі акуратна, рукамі разгладжвае коўдру, любуецца, што ўсё роўненька. Разоў з дзесяць дастае ўсё з тумбачкі і зноў састаўляе на месца. Любуецца кожным з варыянтаў. Мыецца ў ракавіне разоў з дзесяць на дзень. Мые ногі шампунем, баначку шампуня паласкае пад кранам некалькі хвілін…

***

Добрыя навіны: мне захацелася есці і працаваць. Паперу і ручку медсястра не дала — «Трэба свае мець!». Папрасіла ў Олі, былой суседкі па палаце.

***

Нейкая бабка спаражнілася проста на падлогу ў прыбіральні, так і хадзіла па калідоры без штаноў і трусоў.

***

Час наведванняў і тэлефанаванняў — самы актыўны. Медсёстры нават музыку ўключаюць. А хворыя, як свецкія дамы, прагульваюцца на Цэнтральнай плошчы псіхушкі — каля паста №1.

***

— Так, міленькая, пакажы мне свае пазногцікі, — у палату заходзіць жанчына з добрым тварам. — Ага, трэба падстрыгчы.

— У мяне ўсё забралі, тэлефон, завушніцы, нават асабістую прастору і прыватнасць! Пакіньце хоць пазногці!

— Такія правілы… Раптам ты сабе ці некаму іншаму твар будзеш драпаць…

Мяне заводзяць у ванны пакой. Дастаюць спецыяльныя нажніцы. Я адчуваю сябе яшчэ больш безабароннай…

— Не бойся, яны апрацаваныя. А ў мяне вопыт падстрыгання пазногцяў ох які вялікі. Ага, вось так, як мага карацей. Цябе ж пры паступленні правяралі на педыкулёз? Дарэчы, раз на тыдзень мы рэкамендуем мыцца вось тут у ванне, пад дожджыкам, галаву лепш мыць у ракавіне, падмывацца на бідэ…

З жахам думаю пра тое, як гэта — дакрануцца целам да ўсяго гэтага, а раптам і валасы дастануць да самой ракавіны?

Мыю рукі з мылам кожныя пяць хвілін. Хоць нейкі занятак…

***

Гасцінцы ад наведвальнікаў — асобная тэма. Магдалена хваліцца, што заўтра да яе прыйдзе пляменніца і прынясе пасту, шчотку, туалетную паперу (2 рулоны), зефір, пернікі, цукеркі. І бананы. Кілбасу! «Мінулы раз прыносіла палку — такую тоўстую, як твая рука. Але я яе не з’ела. Скралі!». Магдалена ходзіць па палатах і пытаецца ва ўсіх, ці ёсць яблык, груша, цукерка, каб і самой пачаставаць унука.

***

Ідзём палуднаваць. У дадатак да ежы даюць па паўшклянкі кефіру.

— Быў час, калі кефір перад сном давалі, — меланхалічна згвадвае хворая.

— Гэта даўно было. Быў і час, калі на сняданак хлеб з маслам давалі, — дадае супрацоўніца кухні.

***

Увечары Магдалена — зноў у нас у палаце.

— Мне давалі такія таблеткі, што я 10 сваякоў пахавала!

— Як так? Таблеткі піла ты, а паміралі іншыя?

— Не, думкі такія былі. Здавалася, што яны ўсе памерлі. А яны жывыя! Во пляменніца заўтра прыйдзе.

***

Замест жанчыны, якая ўвесь час паўтарала «што ж у хаце робіцца!» нам перавялі цяжарную Кацю. 22 гады, ужо мае дачку і зараз чакае хлопчыкаў-двайнят: «Ігара — бацька перад смерцю папрасіў, каб сына яго іменем назвала. І Лёшу або Дзяніса, канчаткова яшчэ не вырашыла. Дзяніс — багатае імя».

Палата №15 паступова ператвараецца ў «вясёлую маладзёжную».

Працяг будзе.

Чытайце таксама:

«Так, я ў псіхушцы, закрытым жаночым аддзяленні псіхіятрычнай клінікі» — эмацыйны дзённік

Nina.nn.by

Каментары
.. / Адказаць 10.11.2017 / 15:29

Рэд. Дзякуй.

0
Lilia / Адказаць 10.11.2017 / 16:14

Я не зразумела, а яна да гэтага не звярталася да псіхатэрапеўтаў? Яе адразу "закрылі" ў псіхушцы? Яна вельмі добра ўсё запомніла для чалавека, якому патрэбна была ажно такая мера лячэння.

2
Джулія / Адказаць 10.11.2017 / 18:20

" Вось каб не было тваіх рэзанняў, была б у адкрытым аддзяленні, — гучыць у галаве голас мамы.". Але сітуацыя сапраўды дайшла да сур'ёзнай. Нават проста не есці і не спаць - ўжо натуральная дэпрэсія, не заўжды лекуецца амбулаторна. Псіхіка - яна справа тонкая, з яе здзеквацца не варта. Робім высновы - "зашмат працавала". магчыма яшчэ мала спала? З заўтра пачынаю спаць па 8 гадзін !

0
каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура