Праект партала
Навокал
09.11.2017 / 06:37
Гэты грыб выглядае як купка фаршу. Без жартаў ФОТЫ1

Хіба апошняя ў гэтым сезоне падборка ад абазнанага грыбніка, паэта Сяргея Сыса. Трэба сказаць, грыбы ў завяршальнай серыі звышнезвычайныя, проста немагчыма паверыць, што ўсё гэта расце ў беларускім лесе. Глядзіце самі.

Аскакарынэ мясная

Аскакарынэ мясная. Фота wikimedia.org.

Напачатку лістапада адбылося маё першае знаёмства з яшчэ адным дзіўным грыбочкам.

Падумалася, што нахабная сойка, аб’еўшыся лясных ягад, плюхнула трохі на пянёк, але дух першаадкрывальніка перамог. Я прыгледзеўся і зразумеў — гэта ружовенькі анёльскі грыбочак. Куснуў кавалачак… і сплюнуў: смак якісь у яго падазроны, не лясны.

Доўга гартаў розныя даведнікі, каб высветліць, што ж за імя ў такога вычварэнства, і нарэшце адшукаў — аскакарынэ мясная (лац. Ascocoryne sarcoides). Гэтая аскакарынэ шырока распаўзлася па ўсёй Еўропе, не абмінуўшы і Беларусь. Сустракаецца даволі часта позняй восенню і нават на пачатку зімы на лістоўнай драўніне альбо на пнях.

У гэтых малюпусенькіх (паўтары-два сантыметры) грыбкоў пругкая, нібыта гумавая, мякаць бэзава-ружаватага колеру. Пад час росту грыбочкі зрастаюцца ў добрую купінку, падобную на мозг нейкай жывёліны. Можа таму і назвалі яе «мясной»? Вельмі ж вялікае падабенства з кавалкам свежыны. Не ведаю, бо тыя грыбкі пакінуў там, дзе і ўбачыў: на вялікім бярозавым пні. Ды і ніхто толкам не ведае, ці можна іх ужываць у ежу, паколькі грыбочак вельмі маленькі. Які там з яго наедак?

Фота wikigrib.ru.

А нядаўна вучоныя высветлілі, што аскакарынэ можа ўтвараць у сваім складзе хітрую сумесь актанаў, кетонаў і вугляродных спіртоў, што зусім падобна на звычайную салярку ці бензін.

Гэты прэпарат навукоўцы назвалі «мікадызелем». Хто яго ведае, можа прыйдзе час, калі машыны будуць запраўляцца палівам з аскакарынэ. Праўда ж і шмат яго будзе трэба вырасціць!

Дрыжэлка

Дрыжэлка. Фота wikimedia.org.

Напачатку лістапада ў лесе можна напаткаць яшчэ адно дзівоснае відовішча: на апалых галінках ці падгніўшых паваленых дрэўцах раптам успыхнуць незвычайна яркім колерам памаранчавыя жэлацінкі, падобныя на кавалкі параскіданага студзяністага халадцу з клейкай паверхняй.

Гэты загадкавы грыбок завуць дрыжэлкай (Tremella mesenterica, дрыжэлка памаранчавая, драгля). Колер і кансістэнцыя грыба моцна залежаць ад кліматычных умоў: у цёплае сухое надвор’е гэтыя жэлацінавыя нарасты цвярдзеюць і падсыхаюць, але пасля дожджыка ізноў пачынаюць прыбаўляць у аб’ёме. А вось калі дождж палівае некалькі дзён запар, дрыжэлка становіцца амаль празрыстай і колер робіцца зусім бляклым. Грыбы-перастаркі, памеры якіх дасягаюць 8-10 сантыметраў, робяцца больш грубымі і мяняюць колер на цёмна-жоўты.

Любяць дрыжэлкі расці на спарахнелых парэштках паваленых і мёртвых лістоўных парод дрэў, пнях, асабліва бяроз ці асін, аднак часам грыбок можа ўсперціся і на хваіну. Час актыўнага росту грыба — позняя восень — пачатак вясны.

Я сустракаў некалькі такіх грыбочкаў у сваім улюбёным заслаўскім лесе пры канцы кастрычніка. Аднак не чапаў, бо не было ў чым данесці дахаты.

Справа ў тым, што ў вільготнае надвор’е дрыжэлка становіцца надта мяккай і можа проста распаўзціся сліззю па іншых грыбах. Аднойчы так і здарылася са мной, дык каб не наступаць двойчы на адны і тыя ж граблі, цяпер я спачатку прымячаю ў лесе грыбочкі, а праз дзень-другі, як выпадае час, бяру з сабой пластыкавы кантэйнер, у які і кладу дрыжэлкі. Прычым, адразаючы, захопліваю частку кары, тады грыб трымаецца мацней.

Дрыжэлка — грыб-паразіт. Ён расце толькі на грыбе-гаспадары, у якасці якога выступае часта нейкі невялічкі трутавічок.

Беларусы баяцца іх, як і іншае незвычайнае лясное паскудства, а дарэмна. Дрыжэлка памаранчавая — каштоўны ядомы грыб. Ёсць звесткі, што яго ўжываюць у ежу зусім негатаваным, дадаючы ў салаты. А можна смела класці ў першыя стравы. Прызнаюся, гэтага я не рабіў. Адзінае выкарыстанне — сушка, а ўжо потым у суп.

Каштоўнасць жа грыба не ў яго гастранамічных якасцях, якія я асабліва адзначыць не магу, а ў лекавых уласцівасцях. Прэпараты з гэтага грыба эфектыўныя як імунапавышальныя і супрацьпухлінныя сродкі.

А найбольш славутая ва ўсім свеце яе сястрычка — дрыжэлка фукусавідная (Срэбнае вушка, ледзяны грыб, марскі грыб). Яна мае празрыста-белы колер і расце ў Кітаі, Японіі, Паўночнай Карэі і ў Прыморскім краі Расіі. Там з гэтага дзіўнага грыба вырабляюць самыя розныя рэчы: вараць супы, робяць напоі і нават дадаюць у марозіва. Можна знайсці звесткі, што ў Кітаі штогод у штучных умовах вырошчваюць у медыцынскіх мэтах больш за 100 тысяч тон гэтага каштоўнага грыба.

Яжовік каралавідны

Яжовік каралавідны. Фота yandex.ru.

Я надта не заганяюся наконт ужывання ў ежу розных малавядомых грыбочкаў і пакуль яшчэ не курчыўся ад болю, схапіўшыся за жывот. Спадзяюся пры гэтым на інтуіцыю, вопыт і вядомае выслоўе: «Грыбы можна есці ўсе…». Забываючыся пры гэтым на працяг: «…праўда, некаторыя толькі адзін раз».

Аднак і ў маёй жыццёвай пазіцыі маюцца некаторыя выключэнні.

Я, напрыклад, ніколі ў жыцці не кранаў у лесе яжовіка каралавага, нават ведаючы, што гэта ядомы і каштоўны грыб.

Яжовік каралавідны (Hydnum coralloides, герыцыюм каралавы, грыб-карал, яжовік каралавы) цяжка назваць грыбам у нашым звыклым уяўленні пра іх. Ягонае бялюткае пладовае цела, падобнае на галінку карала памерамі ад 10 да 40 сантыметраў, заўважна ў лесе здалёк і нібыта магнітам прыцягвае да сябе. Падыходзіш, спыняешся зачараваны і забываешся на ўсё астатняе. Здаецца, што нехта наўмысна прымацаваў рэдкі заморскі карал на паваленае бураю дрэва.

Грыб-карал сустракаецца не так часта, але па ўсёй тэрыторыі Беларусі. Сёлета мы ўбачыліся з ім толькі аднойчы, у амаль некранутым чалавекам грабава-дубовым лесе на захад ад Заслаўя. Доўга любаваўся незвычайнай прыгажосцю, кратаў той карал рукамі, і ён мне аддзячыў. Якраз у падножжа спарахнелага ясеня прыкмеціў сямейку скрыпіц, якія сваімі магутнымі плячамі рассунулі лясное жорсткае покрыва і дружна выглянулі на божы свет. Усе яны былі цупкія, без адзінага чарвячка, і таму дружна палезлі ў мой кошык.

Любіць грыб-карал расці ў гордай адзіноце на паваленых лістоўных (бяроза, асіна, дуб) дрэвах альбо старых пнях, пераважна ў старых лясах, дзе не было прамысловых вырубак дрэў, новых просек і тралёвачных дарог.

Грыб-карал вядомы яшчэ з антычнасці, і мудрыя старадаўнія лекары ўзгадвалі ў сваіх навуковых трактатах пра яго цудоўныя лекавыя ўласцівасці. А сёння хіба што кітайцы выкарыстоўваюць настойку з яжовіка каралавага, каб вывесці чалавека з дэпрэсіі.

Я думаю, што вы добра зразумелі, чаму я не збіраю гэтага рэдкага «чырвонакніжніка»: проста люблю.

Чытайце таксама:

Знаёмцеся — кароль засолкі, кароль закускі і грыб-драпежнік ФОТЫ

Nina.nn.by

Каментары
Сергей / Адказаць 09.11.2017 / 21:14

Удивительные грибы, хоть сам грибник. Вся подборка вызывает странное чувство, будто не в родной Беларуси, а где-то в волшебном царстве. Автор молодец!

0
каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура