Праект партала
Рост
05.11.2017 / 20:55
Дзесяць жанчын-мастачак, якіх варта ведаць6

Сваім эсэ «Дык чаму ж не было вялікіх жанчын-мастакоў?» прафесар Лінда Ноклін у 1971 годзе здолела змяніць успрыманне гісторыкамі мастацтва з перспектывы ўдзелу жанчын у стварэнні выбітных твораў жывапісу і скульптуры, паведамляе BBC. Яна прысвяціла сваю акадэмічную кар'еру пераадоленню замоўчвання ролі жанчын у мастацтве.

«У гісторыі мастацтва белы заходні мужчынскі пункт гледжання, які несвядома прымаецца ў якасці адзінага пункту гледжання мастацтвазнаўцы, можа з'яўляцца неадэкватным не толькі па маральных ці этычных меркаваннях або таму, што ён элітарысцкі, але і па чыста інтэлектуальных прычынах», — пісала прафесар.

Кіруючыся духам крытыкі Лінды Ноклін і была створаная гэтая падборка дзесяці найбольш вартых увагі прадстаўніц творчай нівы.

Амрыта Шэр-Гіл (1913 — 1941)

Тры дзяўчыны, 1935. Фота Getty Images.

Працы мастачкі індыйска-венгерскага паходжання Амрыты Шэр-Гіл набылі папулярнасць у Індыі і Еўропе толькі пасля яе смерці ва ўзросце 28 год. Сёння яе карціны з'яўляюцца аднымі з найдаражэйшых сярод усіх работ індыйскіх жанчын-мастакоў на сусветных аўкцыёнах, а сама яна лічыцца піянерам сучаснага індыйскага мастацтва, як і руху авангарду.

Федэ Галіцыя (каля 1574 — каля 1630)

Юдзіф з галавою Алаферна, 1596. Фота Alamy.

У той час як мастачка эпохі Адраджэння Артэмісія Джэнцілескі карыстаецца шырокай цікавасцю да сваёй працы і гісторыі жыцця, імя Федэ Галіцыі застаецца амаль невядомым за межамі мастацкіх колаў Італіі. Тым часам яе можна назваць піянерам побытаапісальнага жанру. Разам з тым яна была таксама выдатнай партрэтысткаю і аўтаркай мініяцюр. Цікава, што як і Джэнцілескі, яна намалявала біблійны сюжэт Юдзіфі, якая абезгалоўлівае Алаферна. Некаторыя гісторыкі сцвярджаюць, што твар Юдзіфі — гэта аўтапартрэт самой мастачкі.

Уэмура Сёэн (1875 — 1949)

Ян Гуйфэй, 1922. Фота Alamy.

Гісторыя мастацтва перапоўненая выявамі прыгожых жанчын, намаляваных мужчынамі, але японская мастачка Уэмура Сёэн, малодшая дачка гандляра гарбатай, што памёр за два месяцы да яе нараджэння, пераадолела мужчынскую перспектыву гэтага віду мастацтва. Дапамаглі яе знакамітыя bijinga-карціны: эцюды жанчын, выкананыя тэхнікай гравюры.

Генрыет Браўн (1829 — 1901)

Паўночнаафрыканская сялянка, 1867. Фота Alamy.

Жонка дыпламата, французская арыенталістка і мастачка Генрыет Браўн (сапраўднае імя Сафі дэ Бутэйе) выкарыстоўвала магчымасці, звязаныя з прафесійнымі падарожжамі свайго мужа, каб убачыць свет уласнымі вачыма. Яна малявала сюжэты з краін ад Сірыі да Марока. Браўн не магла падпісвацца сваім сапраўдным імем, паколькі прафесійныя заняткі жывапісам не лічыліся прыстойнымі для жанчыны з арыстакратычных колаў.

Элізабэт Катлет (1915 — 2012)

Жняя, 1952. Фота Alamy.

Катлет была мадэрністкаю пад моцным уплывам афрыканскіх і мексіканскіх мастацкіх традыцый. Яна выкарыстоўвала гэтыя стылі, каб праілюстраваць свой жыццёвы досвед афра-амерыканкі ў 20-м стагоддзі. Элізабэт была ўнучкай вызваленых нявольнікаў і казала, што мэта яе мастацтва — «паказаць чорнага чалавека ў яго прыгажосці і годнасці для сябе і іншых, каб зразумець іх і атрымліваць асалоду».

Луіза Ралдан (1652 — 1706)

Святы Хінэс-дэ-ла-Хара, каля 1692. Фота Getty Images.

Першая вядомая ў Іспаніі жанчына-скульптар, якую сучаснікі называлі «La Roldana», была паспяховай мастачкай эпохі Контррэфармацыі. У кола яе кліентаў уваходзілі арыстакраты і нават кароль Карлас II. Яна была дачкой скульптара, і выйшла замуж за скульптара. Яе працы ацэньваў вельмі высока найбольш значны пісьменнік эпохі Антонія Паламіна. Паліхромныя драўляныя скульптуры Луізы, як Статуя Св. Хінэса, выкарыстоўваліся падчас рэлігійных працэсій.

Эмілі Кэйм Нгварай (1910 — 1996)

Эмілі Кэйм Нгварай з адной з сваіх карцін. Фота Alamy.

Карэнная аўстралійская мастачка, Нгварай раптоўна сталася сенсацыяй у васьмідзесяцігадовым узросце — пасля таго, як яна, нарэшце, вырашыла прысвяціць свой час прафесійнаму жывапісу. Яна была прыхільніцай абстрактнага стылю, напаўняла сваю працу яскравымі фарбамі ландшафтаў Паўночнай тэрыторыі, дзе яна жыла.

Фрэнсіс Макдональд (1873 — 1921)

Сон, 1910. Фота Alamy.

Сёстры Макдональд — Фрэнсіс і Маргарэт — былі шатландскімі мастачкамі, якія малявалі ў «стылі Глазга» цягам 1890-х гадоў. Малюнкі з напаўпразрыстымі выцягнутымі фігурамі мелі значны ўплыў на рух арт-нуво і заўважныя ў творчасці такіх мастакоў, як Густаў Клімт. Фрэнсіс менш вядомая, чым яе сястра, праз тое, што яе муж, мастак Герберт МакНэйр, знішчыў значную частку яе карцін пасля яе смерці.

Эдмонія Льюіс (1844 — 1907)

Смерць Клеапатры, 1876. Фота Alamy.

Эдмонія Льюіс была міжнародна вядомай скульптаркай і першай жанчынай карэнна-індзейскага і афра-амерыканскага паходжання, якая дасягнула такога статусу. Яна прытрымлівалася неакласічнага стылю, адлюстраваўшы з яго дапамогай гістарычны досвед афра-амерыканцаў і карэнных народаў у сваёй скульптуры Клеапатры.

Анна Даратэя Тэрбуш (1721 — 1782)

Аўтапартрэт з маноклем, 1777. Фота Alamy.

Мастачцы стылю ракако і партрэтыстцы, Тэрбуш давялося амаль цалкам адмовіцца ад жывапісу, калі яна выйшла замуж за ўладальніка гатэлю, які хацеў, каб замест малявання яго жонка дапамагала ў гатэльным рэстаране. Тым не менш, яна працягвала маляваць партрэты прускай каралеўскай сям'і. На гэтым аўтапартрэце з маноклем мастачка быццам прызнаецца ва ўласнай блізарукасці.

Nina.nn.by

Каментары
Satan / Адказаць 05.11.2017 / 21:07

Ну воооот...жэншчыны, борщ, жэшчыны...а виски дзе? Какой русский не пьёт виски (с)би2

10
Лежэ... / Адказаць 05.11.2017 / 22:14

Дзякуй ,,Н.Нiва,,за подборку...

0
вопрос / Адказаць 06.11.2017 / 14:39

Почему нужно знать это творчество. что в нем такого. что заслуживает внимания и того. чтобы эти произведения знали. из-за чего может быть и авторов будут знать?

8
каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура