Праект партала
Накіпела
02.11.2017 / 17:26
Чаму ў сітуацыі з сэксуальнымі дамаганнямі важна абараніць і мужчын?34

Акцёр Кевін Спэйсі, кінапрадзюсер Харві Вайнштэйн, міністр абароны Вялікабрытаніі, беларускі гімнаст Віталь Шчэрба… Усплываюць усё новыя імёны людзей, якіх абвінавачваюць у сэксуальных дамаганнях і гвалце.

Чаму гэтыя гісторыі так доўга замоўчвалі і агучылі толькі праз шмат гадоў? Таму што звычайна суб’ект і аб’ект такіх паводзін знаходзяцца ў нейкай іерархіі: начальнік-падначалены, настаўнік-вучань і гэтак далей. Складана супрацьстаяць «мацнейшаму». Плюс усім людзям банальна страшна адкрыта прызнавацца ў непрыемных рэчах. Тым больш, не заўсёды гэтае прызнанне цягне за сабой пакаранне вінаватага.

У кінаіндустрыі скандалы, звязаныя з харасмэнтам (любыя паводзіны, якія могуць пакрыўдзіць ці парушыць асабісты межы іншага чалавека, псіхалагічны ці фізічны ціск), здараліся і раней, але справа з Ванштэйнам стала найбольш шматгалоснай і прывяла да таго, што ад яго адракліся не толькі актрысы, але і калегі, дзелавыя партнёры. Гэты прыклад запусціў пазітыўную ланцуговую рэакцыю, якую мы зараз і назіраем: ахвяр падтрымліваюць, а агрэсараў ганяць.

Але тут адкрываецца дадатковы ўразлівы момант: каб сапсаваць камусьці кар’еру, імідж ці сямейныя адносіны дадаткова проста пра гэта заявіць. Наколькі гэта з’яўляецца праўдай, ніхто звычайна не разбіраецца.

Калі прааналізаваць апошнія скандалы, то бачна, што часцей за ўсё у тым, што яны падвергліся дамаганням, прызнаюцца жанчыны.

Учора да іх ліку далучылася беларуская мастачка Ніка Сандрас. Нягледзячы на тое, што ў яе жыцці хапала непрыемных жэстаў з боку супрацьлеглага полу, яна заклікае не распальваць вогнішча інквізіцыі на пустым месцы і тлумачыць, чаму важна абараняць не толькі слабых ахвяр-жанчын, але і мужчын: ад выказванняў першых.

Мы палічылі гэта меркаванне вельмі цікавым, таму публікуем цалкам.

Ніка Сандрас.

— Зараз жанчыны як з ланцуга сарваліся і давай распавядаць пра тое, як да іх брудна дамагаліся мужыкі. У маім жыцці таксама хапала такіх выпадкаў.

Не буду ўдавацца ў падрабязнасці, але недвухсэнсоўныя прапановы паступалі як ад зусім незнаёмых таксістаў, так і ад працадаўцаў. А адзін раз нават ад капітана міліцыі, які затрымаў мяне ноччу на вуліцы для «высвятлення асобы».

У нейкі момант я стамілася і набыла сабе прыгожую адвёртку з перламутравай ручкай. Я стала насіць яе ў сумачцы, а ў цёмны час сутак у руцэ, гатовая ўваткнуць у шыю кожнаму, хто захоча маіх не санкцыянаваных пацалункаў.

Цяпер да мяне ніхто не чапляецца. Мабыць, на твары напісана «завалю». А замест адвёрткі пад рукой маецца старадаўні велізарны востры ключ.

Чаму я таксама маўчала і нікуды не скардзілася? У мяне не было мамы і таты, цёткі, дзядзькі, сястры ці брата, якія маглі б падтрымаць, падняцца і пайсці абараняць. Я сама проста збягала і ўсё. Траўмы тыя выпадкі мне не нанеслі, а сёння я сама магу за сябе пастаяць.

Але я ўсё роўна за мужчын. За мужных і вясёлых. За тых, хто падае руку і паліто, за тых, хто дорыць букеты і прытрымлівае дзверы. Я за мужчын, якія выяўляюць сваю мужнасць ва ўчынках. За здольных прыняць рашэнне і несці адказнасць. Я за мужчын, якія ўмеюць спачуваць, суцешыць, падбадзёрыць, абараніць… Асабіста я хачу быць пяшчотнай жанчынай у свеце моцных, мужных мужчын.

Мяне крыху палохаюць уразлівыя дамы, якія могуць няправільна трактаваць мужчынскую ўвагу, і ўсё гэта «паляванне на ведзьмаў», што адбываецца. Цяпер так лёгка зламаць жыццё і кар'еру любога хлопца адным, нават не пацверджаным словам.

Ён можа апраўдацца, але іміджавыя страты стануць незваротнымі. Не кажучы ўжо аб траўме для сям'і і дзяцей.

Мяне палохаюць гіпертрафіраваныя фемінісцкія праявы. Так, я бачыла жанчыну, якая аблаяла мужчыну за тое, што ён хацеў паднесці яе чамадан.

Я не адчуваю непрыязнасці да мужчын, якія хочуць прыўдарыць за мной. Дзяўчынкі любяць заляцанні і флірт. Проста не трэба перагінаць. Мужчынам са сваімі жаданнямі, а жанчынам са сваімі абвінавачваннямі. 

Nina.nn.by

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура