Праект газеты
Дома Квінтэсенцыя восені: гарбузовы кекс з яблыкамі, журавінамі і арэхамі5

Часта сустракаю людзей, якія да гарбуза як да прадукту ставяцца з падазрэннем. Хтосьці пакаштаваў у дзяцінстве гарбузовую кашу і, мякка кажучы, не ацаніў; хтосьці наогул не ўяўляе, куды можна прымяніць гэтую каларытную аранжавую гародніну… Я і сама да нядаўняга часу была такою. Але цяпер я дакладна ведаю: найлепшае месца гарбуза — у выпечцы!

І хай гарбузовую выпечку родныя і сябры звычайна сустракаюць з недаверам, усё змяняецца пасля першага ж з'едзенага кавалачка — праверана неаднаразова. Паспрабуйце пачаць вось з гэтага кекса: упэўненая, нават самыя зацятыя «неаматары» гарбуза, пакаштаваўшы яго, зменяць сваё меркаванне. 

Вам спатрэбіцца:

  • 1 шклянка мукі
  • 1 ч.л. разрыхляльніку
  • 1/4 ч.л. соды
  • 1 ч.л. цынамону
  • 1/4 ч.л. мускатнага арэху
  • 1/2 ч.л. імбіру
  • дробка солі
  • 70 г масла
  • 2/3 шклянкі цукру
  • 1 яйка
  • 2/3 шклянкі гарбузовага пюрэ
  • 1 яблык
  • 1/2 шклянкі журавін (свежых альбо сушаных)
  • 1/2 шклянкі арэхаў (грэцкія альбо пекан; у мяне быў фундук — таксама добра)

Пара заўваг:

Усе прадукты для кекса павінны быць пакаёвай тэмпературы.

Гарбузовае пюрэ я гатую так: чышчу і рэжу гарбуз на невялікія кавалачкі, запякаю ў духоўцы на 200°С каля 40 хвілін, астуджаю і раблю пюрэ блендарам. Калі гарбуз занадта вадзяністы, лішнюю ваду можна адціснуць. Пюрэ выдатна захоўваецца ў лядоўні, можна прыгатаваць адразу шмат, замарозіць порцыямі і размарожваць пры патрэбе. 

Найлепей гэты кекс выпякаць у форме з дзіркай (альбо ў вузкай і доўгай), каб вільготнае цеста добра прапяклося. Дадзеная колькасць прадуктаў — на форму дыяметрам 22 см. Але я раю адразу рабіць падвойную порцыю: не паспееце азірнуцца, як гэты кекс знікне з вачэй.

Як гатаваць:

1. Размякчанае масла ўзбіваць з цукрам 3-4 хвіліны. Дадаць яйка, узбіваць яшчэ хвіліну.

2. Дадаць пюрэ з гарбуза і дробна парэзаны яблык, перамяшаць.

3. Змяшаць муку з разрыхляльнікам, содай, спецыямі і соллю. Усыпаць мучную сумесь у масляна-гарбузовую, перамяшаць.

4. Дадаць дробна пасечаныя арэхі і журавіны, асцярожна перамяшаць. 

5. Выпякаць на 180°С прыкладна 60 хвілін (правярайце драўлянай шпажкай). Вымаць з формы пасля поўнага астывання. 

Юлія Міцкевіч

Каментары
Аляксандр comrade / Адказаць 28.10.2017 / 12:07

Сейчас люди ленивые. Только подготовительная часть занимает больше часа: тыкву почистить-порезать-запечь 40 мин-остудить-на блендер-отжать.... А альтернатива тыкве в выпечке - мука с яйцом, 5 мин и готово...

5
хамса ў та-маці / Адказаць 28.10.2017 / 12:39

Аляксандр comrade, пра тое ж падумала.. люблю, калі хутка-лёгка, эфектыўна.. 'мука с яйцом, 5 мин и готово...' гэта бісквіт) прапаную бісквіт з другой гароднінай кастрычніка - кіслай капустай (прынята квасіць кастрычніцкую капусту): усё рабіцца, як звычайна, толькі ў цеста замест цукру дадаць адціснутую кілую капусту і перамяшаць.. атрымаецца такі салёны своеасаблівы бісквіт

4
Sangre / Адказаць 28.10.2017 / 14:51

О, отлично, родители как раз с дачи тыкву привезли :) Спасибо за идею!

1
каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура