Праект партала
Гісторыі
20.10.2017 / 10:06
«Хросніца» Пуціна, твар «Дома-2» — пяць фактаў пра Ксенію Сабчак16

Выбары прэзідэнта Расіі маюць адбыцца 18 сакавіка 2018 года, гэта значыць, што да галасавання застаецца роўна пяць месяцаў. Хіба самы яркі і займальны прэтэндэнт на гэты пост — журналістка Ксенія Сабчак. Калі яна назбірае 300 тысяч подпісаў выбаршчыкаў для рэгістрацыі, то стане трэцяй жанчынай-кандыдаткай у прэзідэнты ў гісторыі Расіі.

Ксенія Сабчак. Фота kp.ru.

Натуральна, што пасля таго, як Сабчак заявіла пра намер балатавацца, на паверхню ўсплыў увесь пахаваны апошнімі гадамі адносна спакойнага жыцця архіў спрэчных фактаў з яе біяграфіі.

З сястрой не паразумеліся

Ксенія нарадзілася ў другім шлюбе. Прычым шлюб быў другім як для яе бацькі, юрыста Анатоля Сабчака, так і для маці, гісторыка Людмілы Нарусавай.

З бацькамі.

На той момант у Сабчака ўжо было дзіця ад першай жонкі Ноны Гандзюк, 16-гадовая дачка Марыя. Яна па прыкладзе бацькі адвучылася на юрыста і стала адвакаткай.

Трэба сказаць, блізкія стасункі ў сясцёр не склаліся. Яны тлумачылі гэта вялікай розніцай ва ўзросце і абсалютна рознымі поглядамі на жыццё. Тым больш, Марыя адкрыта казала, што выхадкі і эпатаж Ксеніі ганьбяць імя бацькі.

Ксенія Сабчак, 1990 год. Фота Паўла Маркіна, Інтэрпрэс, ТАСС.

Што датычна адукацыі Ксеніі, то яна абрала іншы шлях: спачатку атрымала бакалаўра ў Маскоўскім дзяржаўным інстытуце міжнародных адносін, а пасля пайшла ў магістратуру, дзе вывучала паліталогію. Аспірантуру яна так і не скончыла, хоць першапачаткова і мела такі намер.

«Хросніца» Пуціна

Анатоль Сабчак і Уладзімір Пуцін. Санкт-Пецярбург, 1992 год. Фота Юрыя Бялінскага, ТАСС.

Калі ў 1991 годзе Анатоль Сабчак стаў першым мэрам Санкт-Пецярбурга, ён прызначыў Уладзіміра Пуціна старшынёй камітэта па знешніх сувязях мэрыі. І калі ў 1996 годзе Сабчак спрабаваў захаваць за сабой гэты пост, Пуцін ужо кіраваў яго выбарчай кампаніяй. Аднак перавыбрання не адбылося. Што паказальна, Пуцін адмовіўся працаваць з новым мэрам і сышоў з усіх пасад.

У 2000-м Пуцін прызначыў Сабчака сваёй даверанай асобай на прэзідэнцкіх выбарах. У той год падчас адной з перадвыбарчых рабочых паездак бацька Ксеніі памёр.

Пуцін лічыў Сабчака сваім настаўнікам, надзвычай яго паважаў і пазбягаў крытыкаваць сям’ю дарагога яму чалавека.

Уладзімір Пуцін і Людміла Нарусава. Фота kommersant.ru.

Ксенія, стаўшы ў апазіцыю, таксама сыходзіць ад жорсткіх ацэнак блізкага сябра бацькі.

«Па-чалавечы я да Уладзіміра Уладзіміравіча вельмі добра стаўлюся. Ён быў адзіным, хто дапамог і прыняў удзел у лёсе майго бацькі. Гэта ўвогуле велізарная дылема, калі тваё чалавечае стаўленне не супадае са стаўленнем грамадзянскім, са стаўленнем як да палітыка. Мне Пуцін як чалавек вельмі сімпатычны, але ён мне не сімпатычны як палітык», — казала яна ў адным з інтэрв’ю.

Праз блізкія стасункі паміж сям’ёй Ксеніі і Пуціным пайшлі размовы, што яна з’яўляецца яго хроснай дачкой. Прырода гэтых чутак да канца незразумелая і першакрыніца невядомая, але яны дагэтуль то тут, то там усплываюць. Сама Ксенія іх не раз адмаўляла. У адных выпадках казала катэгарычнае «не», у іншых — «не каментую». Маці Ксеніі Людміла Нарусава таксама адмаўляе гэты факт. «Хросны бацька яе — айцец Гурый, звычайны парафіяльны святар», — казала яна журналістам.

Твар «Дома-2»

Кар’ера Сабчак пачалася якраз з гэтага скандальнага праекта, калі ў 2004 годзе яна стала сувядоўцай Ксеніі Барадзіной. Праўда, у іх часта здараліся перапалкі.

Дзёрзкая, гучная, яркая Сабчак трапіла ў фармат і хутка здабыла папулярнасць, хоць і далёка не заўсёды са знакам плюс. Тым не менш, попыт на яе як на эпатажную вядоўцу, што ўмее прыцягнуць да сябе ўвагу, узляцеў і зрабіў звышзапатрабаванай. Сабчак фактычна стала ўвасабленнем пафасу, гламуру і расійскага шоу-бізнэсу ў цэлым.

Імаверна, праект, які быў для Ксеніі стартам, для яе шмат што значыў. Сысці з яго яна наважылася толькі ў 2012 годзе, калі крута змяніла свой імідж, узяўшы курс на сур’ёзную журналістыку і пачаўшы пільна сачыць за палітычным жыццём краіны.

«Я сышла, таму што ўнутрана перарасла гэты этап, а таксама таму, што лічу немагчымым спалучаць грамадскую дзейнасць з вядзеннем падобнага шоу. Раней я думала, што дастаткова адлюстроўваць рэальнасць, і людзі самі жахнуцца, а цяпер я разумею, што гэтага недастаткова, трэба не проста адлюстроўваць — трэба ствараць рэальнасць, каб адукоўваць тых, хто ўсё яшчэ ўключаны ў агідную матрыцу хлусні і абыякавасці нашага грамадства», — заяўляла яна.

Апазіцыянерка, «якой ёсць што губляць»

Снежань 2011 года. Ксенія Сабчак на мітынгу апазіцыі. Фота Анатоля Жданава, stringer-news.com.

«Я — Ксенія Сабчак. І мне ёсць што губляць», — так яна пачала сваю прамову на мітынгу супраць фальсіфікацыі выбараў у Дзярждуму Расіі пры канцы 2011. Пасля журналісты ўдакладнялі, што менавіта Ксенія мела на ўвазе, калі казала пра страты.

«Маю сям’ю звязваюць пэўныя адносіны і з Пуціным, і са шматлікімі людзьмі ў дзяржаўным апараце. І ўнутрана гэта быў для мяне вялікі крок, я так гэта адчувала, таму так сказала», — тлумачыла яна.

У сакавіку 2012 года Сабчак удзельнічала ў мітынгу «За сумленныя выбары», а ў маі разам з Аляксеем Навальным была затрыманая. Улетку таго ж года ў яе кватэры правялі ператрус з канфіскацыяй вялікай сумы грошай, але паколькі следства не знайшло нічога супрацьзаконнага ў іх з’яўленні, яны былі вернутыя Ксеніі.

У 2012-м Сабчак узялася весці ток-шоу «Дзярждэп з Ксеніяй Сабчак» на MTV-Расія. Пасля першага ж выпуску «Куды вядзе нас Пуцін?» канал «развярнуў» Ксюшу разам з яе праграмай. Другая спроба ток-шоу «Дзярждэп-2» выйшла ўжо на «Снобе».

У тым жа 2012-м Ксенія стала рэгулярна з’яўляцца ў эфіры «Дождя» ў аўтарскай праграме «Сабчак ужывую». У межах яе яна размаўляла і з кіраўніком Беларусі.

Аўтарка легендарнага інтэрв’ю з Лукашэнкам

Фота tvrain.ru.

Больш шчырага інтэрв’ю, чым «Дождю» ў маі 2014 года, Аляксандр Лукашэнка не даваў хіба ніколі. У гутарцы ён абмяркоўваў з Сабчак, як з «дачкой паважанага мной юрыста» [цытата з таго самага інтэрв’ю], многія тэмы, на якія беларускія журналісты толькі марылі паразмаўляць з Лукашэнкам.

За двухгадзінную гутарку было прагаворана і пра Лукашэнку-палітыка, і пра Пуціна-палітыка, і пра палітычныя рашэнні і курсы, і пра гістарычныя ключавыя моманты ў найноўшай гісторыі Беларусі. Было і пра вечнае, кшталту: «Калі вы ўяўлялі сваё пахаванне?», «Ці адчуваеце, што вам усе хлусяць?», «Якая беларуская нацыянальная ідэя?» [Лукашэнка, дарэчы, адказаў, што яе ў беларусаў папросту няма].

І пра асабістае, бо зайшло таксама пра адносіны прэзідэнта з Дар’яй Шманай, пераможцай конкурсу «Каралева Вясна — 2013», пра тое, чаму не разводзіцца з афіцыйнай жонкай і ці прасіў пра гэта Коля.

Чытайце таксама:

«Сабчак — кандыдат у прэзідэнты? Значыць, і ў нас тыпу так будзе?» — байнэт абмяркоўвае

Nina.nn.by

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура