Праект партала
Навокал
18.10.2017 / 23:46
Беларуска пра ўраган у Ірландыі: Калі пясочніцу адкінула ў мужа, мы не выходзілі з дому3

Ураган «Афелія», які ў апошнія дні шчыруе на тэрыторыі Вялікабрытаніі і Ірландыі, пакінуў сотні тысяч дамоў без электрычнасці, паралізаваў дзейнасць транспарту і школьных устаноў. Тры чалавекі загінулі ад яго наступстваў.

Алеся Федаровіч 12 гадоў жыве ў Ірландыі, дзе працуе перакладчыкам і вядзе курсы «Мова Нанова» ў Лімерыку. Яна расказала «Ніне» пра тое, як мясцовыя ўлады і жыхары сустракалі стыхію і як змагаюцца з наступствамі.

Алеся Федаровіч.

«Мясцовыя службы добра падрыхтаваліся да магчымай катастрофы. У СМІ было шмат папярэджанняў пра ўраган. Галоўным прынцыпам, як заўсёды, стаў «Health and safety» («Здароўе і бяспека»). Людзям рэкамендавалі заставацца ў памяшканнях, дзе б яны ні знаходзіліся, паўсюль публікавалі нумар тэлефону экстраннай дапамогі, — тлумачыць Алеся. — Была арганізаваная транспарціроўка бяздомных у бяспечныя месцы. У нашым горадзе існавала пагроза затаплення (рака і раней выходзіла з берагоў), таму напярэдадні каля яе ўсталявалі бар'еры. Некаторыя ўчасткі дарогі перакрыла паліцыя. Большасць устаноў была закрытая, розныя мерапрыемствы адмененыя, не працаваў грамадскі транспарт. Яшчэ ў нядзелю бацькоў праінфармавалі, што школы не будуць працаваць, а ў панядзелак нас напаткаў самы страшны ўраган».

Муж Алесі захацеў зняць на відэа тое, што адбываецца навокал, але ў яго не атрымалася.

«У сваім двары мы адчувалі сябе ў адноснай бяспецы, бо ад навакольнага свету яго захінае каменная 4-метровая сцяна. Тым не менш усяго праз некалькі хвілін парывам ветру ўзняло вялікую, дыяметрам больш за метр, пясочніцу і адкінула проста ў мужа. У яго выбіла тэлефон. Добра, што самі мы пашкоджанняў не атрымалі. Пасля гэтага выпадку мы ўжо не рызыкавалі высоўвацца з дома», — працягвае беларуска.

Цяпер наступствы «Афеліі» расчышчаюць не толькі аварыйныя службы, ваенныя, але і простыя людзі, кожны прыбірае каля свайго дому.

Мясцовых вельмі ўскалыхнуў той факт, што, насуперак папярэджанням, падчас шторму адзінкі выходзілі на вуліцы. Таму ўрадам разглядаецца варыянт увесці крымінальную адказнасць для тых, хто падвяргае рызыцы не толькі сваё жыццё, але і здароўе прадстаўнікоў ратавальных службаў.

На выходныя ў Ірландыі зноў абяцаюць шторм, але асноўная небяспека, па меркаванні метэаролагаў, мінула.

КК

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура