Праект газеты
Сям'я У гамяльчанкі забіраюць дзяцей, бо яна не плаціць за камуналку? Не ўсё адназначна19

Жыхарка Гомеля Алена Мікуліч паскардзілася ў незалежныя СМІ на сацыяльныя службы, якія нібыта збіраюцца адабраць у яе дзяцей. Жанчына гадуе іх адна. Яна не мае сталай працы, а вось пазыка за камунальныя паслугі ўжо дасягае $1000.

Агулам у жанчыны чацвёра дзяцей, але двое ўжо паўналетнія (дачка жыве асобна, сын — у войску). Двое малодшых жывуць з Аленай.

Алена Мікуліч з малодшай дачкой. Фота «Белсат».

Два гады таму, калі ўсе дзеці былі яшчэ непаўналетнімі, сям’я атрымала 4-пакаёўку — сацыяльнае жыллё.

Але ўвесь час сям’ю пераследавалі праблемы. У 2015 годзе дачцэ Алены прысудзілі 11 месяцаў у спецустанове для непаўнагадовых у Петрыкаве — скрала жаночую сумку.

У пачатку 2016 года, калі Алена позна вярталася дадому, яе затрымала міліцыя. Быў складзены адміністратыўны пратакол («Нібыта я неадэкватна сябе паводзіла», — узгадвае Алена). Пасля гэтага ў жанчыны забралі дзяцей, а сама яна атрымала штраф памерам 2 базавыя. Праўда, праз тры месяцы рашэннем суда дзяцей вярнулі.

Далей пачаліся незразумелыя падзеі.

«Сацыяльныя службы павінны былі правяраць, як жывуць дзеці. Тры месяцы ніхто не прыходзіў, а пасля пачаўся пераслед, органы апекі пачалі ламіцца да нас. Я пачала хавацца, жыла ў знаёмых, у сяброў», — кажа Алена.

Навошта яна хавалася, жанчына ўцямна патлумачыць не можа. Малодшая дачка не хадзіла ў садок, пакуль сям’я «хавалася», старэйшы сын прапускаў школу.

Алена страціла працу на мясцовым прадпрыемстве «Спецкамунтранс». Яе звольнілі за беспрычынныя прагулы, але сама жанчына кажа, што была звольненая беспадстаўна і збіраецца судзіцца з прадпрыемствам.

Натуральна, пачаліся праблемы з грашыма. Ад сакавіка Алена не плаціць за камунальныя паслугі. Доўг складае ўжо амаль $1000.

Алена падпрацоўвае то тут, то там — капала агароды, даглядала чужых дзяцей — але грошай мала. 16-гадоваму сыну плацяць пенсію за страту кармільца (бацька траіх старэйшых дзяцей памёр), апроч таго, часам дае грошай бацька малодшай дачкі.

«На аліменты я не падавала, бо ён папярэдзіў, што буду атрымліваць ад яго толькі па законе 150 рублёў. А так ён то 200 рублёў можа даць, то 300, — кажа Алена. — Увогуле, спачатку ён не прызнаваў дачку, цяпер, здаецца, хоча мірыцца, ізноў з намі жыць».

Кожны месяц выходзяць розныя сумы. Апошні раз у Алены было каля 600 рублёў на месяц. Яна раздала даўгі, на камуналку не хапіла.

Прадаць кватэру жанчына таксама не можа — жыллё сацыяльнае.

Сама яна кажа, што гатовая прыняць дапамогу, просіць, каб ёй пералічылі грошы на мабільны тэлефон. Пасля, кажа Алена, яна закрые нумар і аператар дазволіць ёй зняць грошы, якія будуць на рахунку.

Тым часам 4 кастрычніка камісія па справах непаўналетніх вырашыла, што дваіх дзяцей забяруць з сям’і. На пасяджэнне Алена не пайшла.

«У 16-гадовага сына быў гіпертанічны крыз, я выклікала хуткую, — кажа жанчына. — Цяпер у камісіі мяне вінавацяць, нібыта я спецыяльна не прыйшла і прыкрылася дактарамі».

Дзеці пакуль што з Аленай — да рашэння суда яны будуць з ёй. Калі будзе суд, невядома.

Цікава, што пры ўсіх пытаннях да Алены Мікуліч і яе гісторыі ў камісіі па справах непаўналетніх гаварыць пра яе не хочуць. Намесніца старшыні камісіі па справах непаўналетніх Чыгуначнага раёна Гомеля Марына Асадчая паведаміла «Нашай Ніве», што адмаўляецца каментаваць гэтую тэму.

Улад Швядовіч

Каментары
Віктар / Адказаць 17.10.2017 / 15:36

Рэд. Зірніце слоўнік. Толькі непаўналетнія слоўнік фіксуе. Гэта ад старадаўняй формы "леты" ў значэнні "ўзрост, гады".

0
Стах / Адказаць 17.10.2017 / 16:17

Дикость. Однозначно - дикость.

4
Гаспадыня / Адказаць 17.10.2017 / 16:27

Сын — у войску. Якія паборы ў войску, мы ўжо ведаем.

6
каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура