Проект газеты
Семья Как встречать в этом мире маленького патриота — «народзіны» по-белорусски22

Цяжка паверыць, але дагэтуль ніхто не ўзяўся паставіць арганізацыю беларускіх народзінаў на паток. Каб сучасным бацькам, якія хочуць з маленства выхоўваць беларуса ў нацыянальных традыцыях, не трэба было ламаць галаву, дзе ўзяць усё неабходнае ды высвятляць, што ў гэтае «неабходнае» ўваходзіць.

Мінчанка Святлана Аўчыннікава (на фота вышэй) таксама не думала, што будзе гэтым займацца, але калі паглыбілася ў вывучэнне беларускіх традыцый народзінаў і зразумела, што нічога падобнага сёння ніхто не прапануе, вырашыла брацца сама. Так і з’явіўся праект Vroddom-Belarus.by. Тым больш Святлана расла ў беларускім асяроддзі, вучылася ў вясковай школе, дзе ўсе дзеці і настаўнікі гаварылі па-беларуску, таму беларускае ёй заўсёды было блізкае. Яна цікавілася культурай, этнаграфіяй, адвучылася на гісторыка, а два гады таму сканцэнтравалася на старажытнай славянскай гісторыі, традыцыях, звычаях і абрадах.

Канечне, дакладна так, як было ў продкаў, правесці народзіны наўрад ці атрымаецца. Раней жанчыны нараджалі дома разам з мужам, што ў свеце апошніх скандалаў з хатнімі родамі арганізаваць будзе цяжкавата, ды і ці трэба?

«Радзільныя абрады ў нас пачыналіся з вяселля і заканчваліся хрэсьбінамі, якія ладзілі максімум на трэці тыдзень пасля народзінаў. Чаму? Таму што хрэсьбіны былі імянарачэннем. Чым хутчэй дасі чалавеку імя, тым хутчэй ён будзе пад яго абаронай і пад абаронай анёла, — паглыбляецца Святлана ў беларускія традыцыі. —

А ўвогуле нараджалі ў нас дома, заўжды пры родах быў муж, бабка-павітуха і бабка, якая адразала пупавіну і завівала дзіцятка ў адзежу бацькоў. Сёння многія думаюць, што продкі такім чынам эканомілі, але насамрэч сяляне захоўвалі традыцыі, бо гэтая адзежа несла энергію бацькоў. Мы і цяпер, калі апранаем адзенне нашых блізкіх, адчуваем не толькі пах, але і неперадавальную невытлумачальную цеплыню. І вось каб дзіцятка таксама адчула гэтую цеплыню, пах і абярэгавую моц, яго і заварочвалі ў бацькоўскае адзенне. Хлопчыка — у рэчы маці, дзяўчынку — у рэчы бацькі».

Святлана вырашыла асучасніць старажытныя традыцыі і распрацавала шэраг прапаноў для маладых бацькоў і немаўляці.

Калі коратка, то сустрэча маці з дзіцяці з радзільні доўжыцца 15-20 хвілін. Святлана выконвае ролю аніматара, то бок кіруе ўсім працэсам. Бацькі могуць абраць, у якім стылі пройдзе ўрачыстасць: ці ліцвінаў-шляхціцаў 17 стагоддзя, ці беларусаў 19 стагоддзя, ці ў іншым адвольным. Адмысловыя ўбранні для бацькоў зроблены такім чынам, што надзець іх зойме не больш за паўхвіліны.

Для аніматара таксама прадугледжаныя некалькі роляў: купалінка, мяшчанка 17 стагоддзя ці бусел. Па жаданні маладых бацькоў на ўрачыстасці могуць граць цымбалісткі. Можна арганізаваць і каравай, спечаны згодна з беларускімі традыцыямі. Прычым маці, якая корміць грудзьмі, зможа яго пакаштаваць (у адрозненні ад торта).

З іншых атрыбутаў — лялька-спавівашка.

«У нашай культуры заўжды былі лялькі-абярэгі, іх заўсёды рабілі жанчыны. Была сярод іх і лялька-спавівашка, якая несла абарончую функцыю. Яе рабілі з адзежы бацькоў, прычым падчас вырабу маці загаворвала ляльку, укладала ў яе свае думкі, каб яны матэрыялізаваліся. Акрамя таго, калі дзіця брала ў рукі такую ляльку, гэта яго супакойвала. То бок у нашых продкаў, нават тысячу год таму, усё было прадумана, мы цяпер зноўку да гэтага вяртаемся (да ідэі матэрыялізацыі думак і слоў). Мяркуем, што зразумелі штосьці новае, але не, мы адраджаем», — тлумачыць Святлана.

На спавівашках, якія прапаноўваюць бацькам, вісіць інструкцыя, па якой маці, калі захоча, зможа сама зрабіць такую самую.

«Нашы продкі таксама мелі традыцыю саджаць імянное дрэва, калі нараджалася дзіця. Хлопчыку — «мужчынскае» (дуб, каштан, клён, ясень), дзяўчынцы — «жаночае» (бяроза, таполя, рабіна, вярба). Напрыклад, мой дзядуля мне такое пасадзіў. Хоць яшчэ некалькі год таму я і не ведала пра такую традыцыю, аднак кожны год ездзіла да майго дрэва, майго дуба, і абдымала яго, — прыгадвае Святлана.

— Таму мы прапаноўваем бацькам насенне і даём інструкцыю: як саджаць і што рабіць пасля. Гэтае дрэва — абярэг дзіцяці і сувязь з ім. Раней не было скайпу, з дзецьмі камунікавалі праз дрэвы, па якіх глядзелі, як складваецца іх лёс. У сем год, калі на дзіця ўскладалася пэўная адказнасць, яму перадавалася задача ахоўваць яго дрэва. Так бацькі фармавалі ў дзецях пачуццё адказнасці за сваё і вучылі клапаціцца пра іншых».

З таго, што яшчэ раяць узяць бацькам — солід, манета 1666 года. Адзіная, што ў той час чаканілася на тэрыторыі Беларусі, у Брэсце.

«Гэтую манету трэба перадаць дзіцяці зноў жа на 7 год, у адзін з пераходных перыядаў, якія ў нас заўсёды святкаваліся. А святкаваліся чаму? Каб і дзеці, і бацькі іх адрознівалі і разумелі, што пасля пэўнага адрэзку жыццё пераходзіць на іншы этап. Дык вось перадача соліду ад бацькі дзіцяці паказвае, што ад гэтага моманту яно ўжо не тое дзіцятка, якое было раней, а што ў яго цяпер ёсць пэўныя абавязкі, — распавядае Святлана.

— Чаму менавіта солід? Па-першае, гэта важна для нас як для беларусаў, бо гэта гістарычная каштоўнасць. Па-другое, усе сем гадоў бацька захоўвае солід у сябе, каб пасля перадаць дзіцяці. Гэта важна, бо тут не звычайны планшэт ці мабільнік, што дораць іншыя. Гэта ўжо сямейная рэліквія, якая належыць толькі дзіцяці. А яно зможа перадаць яе свайму старэйшаму дзіцяці».

Святлана дадае, што нашы продкі дзяцей да сямі год лічылі зусім маленькімі і на ўсе іх свавольствы глядзелі скрозь пальцы. Калі зірнуць на тыя ж азіяцкія культуры, то там дасюль дзеці ў малым узросце недатыкальныя. Гэтак жа было і ў славян. І каб людзі бачылі, што дзеці малыя і нічога ад іх асабліва не патрабавалі, на іх надзявалі белую кашулю да пят. А вось пасля сямі гадоў на дзяцей ускладаліся пэўныя абавязкі і пэўная адказнасць. Яны ўжо маглі быць пакаранымі, у іх пачыналася актыўнае навучанне.

«Мы адны з першых ў краіне пачалі шыць адзенне для немаўлят у беларускіх традыцыях. Хоць крой адносна сучасны, бо людзі прывыклі да гэтага, аднак мы ўключаем чырвоныя колеры, абярэжныя стужкі, — працягвае Святлана. —

Ружовы і блакітны, што цяпер паўсюдна выкарыстоўваюцца, ніяк не звязаныя з сапраўдным сэнсам гэтых колераў. Блакітны — жаночы колер. Гэта колер вады, што асабліва важна для беларусаў, бо мы жывём у краі азёраў, рэк. Наша жанчына — гаючая і пяшчотная, як вада. А чырвоны колер — моцны абярэгавы, колер жыцця, энергіі. Калі мы ад самага дзяцінства абіраем для дзетак колеры, не задумваючыся пра іх значэнне, а яны нясуць гэтае значэнне, гэта ўсё адно ўплывае на характар.

Дзяўчынкі ў нас цяпер якія? Феміністычныя, моцныя. А хлопцы? Як дзяўчынкі: лагодныя, спакойныя».

З цалкам сучасных прапаноў — налепкі на аўто ў старабеларускім і сучасным беларускім стылях. На адных напісана: «Хочаш павіншаваць — бібікні». Некаторыя бацькі цэлы месяц не здымаюць такую налепку ды ўвесь гэты час збіраюць на дарозе віншаванні.

«Цяпер у нас ідзе фарміраванне твару беларускай нацыі. Калі бацькі адчуваюць гэтую сувязь, разумеюць, хто яны, зразумела, і дзеці будуць разумець. Бо калі мы не ведаем, хто мы і адкуль мы, то адкуль дзецям гэта ўзяць? Наш праект — за асэнсаванае дзеянне ва ўсім. Калі ёсць веданне, па іншаму глядзіш на многія рэчы. Усё становіцца прасцей і пры гэтым глыбей, — рэзюмуе Святлана. —

Мне падабаецца, што ў нашых продкаў усё было прадумана. Усё, што выкарыстоўвалася, мела канкрэтны сэнс, правераны стагоддзямі. Цяпер у нас хоць і павольна, але гэта адраджаецца. І я хачу сваім праектам заахвоціць людзей таксама дзейнічаць асэнсавана і быць беларусамі».

Настасся Роўда, фота з архіва Святланы Аўчыннікавай

Каментары
Юры з-пад Дворышча / Ответить 17.10.2017 / 11:14

Лол, дарыць барацінку пры нараджэньні - горай за самы страшны праклён. Гэта ж трэба было дадумацца. "Чаму менавіта солід? Па-першае, гэта важна для нас як для беларусаў, бо гэта гістарычная каштоўнасць." Ага, беларусы маюць невычарпальную любоў да гіперінфляцыі і грошай, на якія нават запалку ня купіш)) Яны б хоць пацікавіліся гісторыяй гэтай манэты. Кошт яе рэдка сягае даляра. Па некаторых дадзеных, гэтага сьмецьця адчэканілі ня менш за мільярд штук. Гэй, народ, хопіць прыдумляць псэўдагістарычную хвігню, нават не парупіўшыся аб сэнсе.

5
Михалина / Ответить 17.10.2017 / 11:24

Все эти традиции теперь только способ заработка. Не более того. Не будет никакого возрождения традиций пока националисты не придут к власти. А они не придут судя даже по тому как наши люди не могут защитить ни себя ни своих детей. Детей надо воспитывать на своих примерах, быть белорусами значит быть патриотами. Как делает это семья Дашкевичей. Традиции это не только сорочка с вышиванкой, а не сломленный белорусский дух. И где он в молодежи, которая растет в основном приспособокнцами как и их продажные и трусливые родители!

5
Ясь / Ответить 17.10.2017 / 11:31

Дзякуй, дужа ж спадабалася яшчэ раз пачытаць, пра тое, што ведаеш душой . Няхай квiтнее наша Беларусь шчаслiвымi дзiцяткамi .

1
каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРОЕКТ2 материала Шура-бура