Праект партала
Рост
17.10.2017 / 06:34
Настаўніца з Салігорска: Хай дзеці на занятках карыстаюцца мабільнікамі38

Вераніка Бебех працуе настаўніцай з 2000 года. Яна ўпэўненая, што ўсе калегі павінны выкарыстоўваць гаджэты на занятках, інакш дыялог з сучаснымі дзецьмі не знайсці.

На першай нефармальнай канферэнцыі для настаўнікаў «EdCamp Belarus» вялікі рэзананс меў выступ выкладчыцы англійскай мовы ў салігорскай СШ № 4: «Выкарыстанне мабільных тэлефонаў на занятках». Тэма гэтая ў Беларусі слаба даследавана, і некаторыя супрацоўнікі школ прынцыпова забараняюць дзецям залазіць у гаджэты на сваіх прадметах.

Вераніка Бебех.

Мы патэлефанавалі Вераніцы Бебех, якая выкладае як у пачатковых, так і ў старэйшых класах, каб распытаць, якім чынам трэба наладзіць навучанне, дзе мабільнікі будуць толькі на карысць.

«Я даўно імкнулася да таго, каб пачаць укараняць сучасныя тэхналогіі ў працэс навучання: так дзецям цікавей вучыцца, яны становяцца куды больш матываванымі ў гэтым працэсе. Актыўна выкарыстоўваць анлайн-платформы пачала пасля таго, як прыняла ўдзел у амерыканскай праграме ўдасканалення педагагічнага майстэрства настаўнікаў сярэдніх школ.

Я працую з рознымі сервісамі, але асноўныя гэта — Kahoot і Socrative. Першая дазваляе ствараць віктарыны, тэсты і гульні на любую тэму, а пасля праводзіць заняткі ў фармаце спаборніцтваў: дзеці дзеляцца на каманды і змагаюцца за тое, хто першым правільна адкажа на пытанне.

Для гульні патрэбныя толькі камп’ютар з выхадам у інтэрнэт ці два смартфоны ў класе. Дзець могуць таксама рабіць чэленджы самі з сабой дома, а пасля — дзяліцца вынікамі ў сацсетках і параўноваць свае веды з іншымі. «Socrative» з’яўляецца вялікай базай і канструктарам тэстаў. Канечне, трэба згубіць час, каб іх стварыць, але пасля вы ашчадзіце яго на тым, што не прыходзіцца правяраць сшыткі, а таксама праводзіць працу над памылкамі: тэст прадугледжвае каментарыі да памылковых і правільных адказаў. Акрамя таго, у базе можна знайсці шмат гатовых тэстаў, імі можна свабодна карыстацца», — падзялілася сваім досведам Вераніка.

Яна лічыць, што з такім падыходам нават двоечнікі становяцца матываванымі і імкнуцца канкурыраваць з іншымі вучнямі. Падтрымлівае яе ў гэтым і кіраўніцтва школы.

«Мабільнікі — гэта той інструмент, які не можна, а трэба выкарыстоўваць на занятках. На англійскай мове яны нам замяняюць лінгафонны кабінет, напрыклад: з дапамогай смартфонаў мы слухаем замежную мову і вучым вусную гаворку.

Я лічу, што тэлефоны і інтэрнэт — гэта як сакрэтны пакой у Хогвартсе: галоўнае, правільна ў іх пытацца.

Калі навучыць дзяцей карыстацца інфармацыяй адтуль, тэлефоны змогуць дадаткова вучыць дзяцей крытычна мысліць», — лічыць настаўніца. Менавіта таму на яе занятках усе свабодна карыстаюцца мабільнікамі: у настаўніцы і думкі няма, што нехта будзе падманваць яе і ўключаць іх не па прызначэнні.

Кацярына Карпіцкая

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура