Праект партала
Навокал
16.10.2017 / 12:04
Грыбнікі пужаюцца гэтага калючага грыба, але па праўдзе ён нават смачны ФОТЫ5

Працягваем хадзіць з паэтам і абазнаным грыбніком Сяргеем Сысам ляснымі сцежкамі і прыглядацца да незвычайных грыбоў. Сёння здзіўляемся лускаўніцы, зімовым апенькам ды рагацікам.

Лускаўніца

Лускаўніца. Фота wikimedia.org.

У выходныя ў глухім бары натрапіў на сямейку грыбоў-паразітаў, якія беларусы называюць не вельмі аптымістычна — воўчы грыб.

Грыбнікі звычайна іх абыходзяць праз не зусім звычайны выгляд, а вось некаторыя пачаткоўцы, наадварот, збіраюць, часам блытаючы з апенькамі. Але гэта не страшна, бо есці іх усё-ткі можна.

То давайце пазнаёмімся з грыбам бліжэй. Лускаўніца (Оliota squarrosa, лускаватка, воўчы грыб, каралеўская апенька, агнёўка (некаторыя віды), чашуйчатка звычайная) — грыб-паразіт, які жыве на сухіх і жывых дрэвах, на пнях, актыўна разбураючы структуру дрэва. Родзіць з ліпеня па верасень, хаця асобныя сямейкі сустракаюцца аж да сярэдзіны кастрычніка. На Беларусі сустракаецца некалькі відаў, але я адрозніваю хіба што тры: звычайную, залацістую ды агнёўку вуглялюбную.

Лічыцца ўмоўна-ядомым грыбам, толькі невядома чаму. Пры правільным спажыванні грыб гэты досыць смачны. Калі адварваць, то хвілін 20, бо яны досыць цвёрдыя, а потым смажыць з цыбулькай.

Некалькі год таму, калі быў не зусім грыбны год, я збіраў лускаўніц, але пасля адварвання (10 хвілін) клаў іх у засолку. Было нішто сабе. Але трэба ведаць, што грыбы, якія зрэзалі з яліны, будуць гаркавыя, таму іх лепей саліць адразу. Калі лускаўніцы старыя, то збіраюць толькі шляпкі, бо ножкі робяцца зусім каменныя.

Цяпер, у кастрычніку, іх блытаць ужо няма з чым, таму можна смела збіраць і ласавацца.

Зімовыя апенькі

Зімовыя апенькі. Фота wikimedia.org.

Лес у другой палове лістапада прыкметна пусцее: трымцяць на дрэвах апошнія лісточкі, трывожна цямнеюць разлапы хвойных дрэў. Але вока, нібыта па інерцыі, шарыць па лясной посцілцы: а раптам знойдзецца яшчэ які запознены грыбок? І недарэмна. Менавіта ў гэты час пачынаецца актыўны рост зімовага грыба, альбо зімовых апенек (Flammulina velutipes).

Вось жа парода! Усё вакол памёрзла, на плечы пачынае сыпацца снегавая крупка, а грыбочкі гэтыя мужна трымаюцца і нават яшчэ і растуць. Збіраюць зімовыя апенькі з кастрычніка аж па студзень, бо грыб працягвае плоданашэнне нават падчас адлігаў, калі ляжыць снег. Такая ў зімовай апенькі ўласцівасць — рэгенерыраваць свае споры і адрастаць нанава.

Любяць зімовыя грыбочкі расці ладнымі купкамі, звычайна на лісцевай драўніне, спарахнелых лесапавалах, пнях, але можна іх сустрэць і проста на лясной падсцілцы.

Увосень я не наважваюся іх збіраць: можна зблытаць з рознай іншай неядомай грыбнатой. А вось калі яны застаюцца адзінымі, хто яшчэ жывы, — рэжу іх смела.

І вось чаму. Па-першае, зімовая апенька вельмі смачная, па ўтрыманні многіх карысных рэчываў пераўзыходзіць нават садавіну і гародніну. Што з імі можна рабіць? Ды ўсё: варыць, смажыць, марынаваць, саліць. Сушыць вось толькі не раю — гэта блюзнерства, псаванне грыба.

Па-другое, навукоўцы кажуць, што зімовы грыб выпрацоўвае фламулін (таму і назва ў яго фламуліна) — рэчыва, якае дзейснае супраць некаторых захворванняў. Напрыклад, саркомы. Нездарма японцы звярнулі ўвагу на зімовыя апенькі і пачалі іх вырошчваць у штучных умовах, ды яшчэ і гандляваць імі.

А яшчэ сярод зімовых апенек не сустракаецца чарвівых экзэмпляраў. Карацей — не грыб, а сапраўднае багацце.

Рагацікі

Знаёмыя часта падкідваюць мне розныя грыбныя шарады. Сфатаграфуюць грыбок ды й пытаюцца са шпількай: «А што гэта? А ці можна яго есці?» Прычым найчасцей фота няякасныя, з мабільніка, ды яшчэ й аднабокія. А грыб жа трэба ў рукі ўзяць, зазірнуць яму пад спаднічку, нюхнуць…

Рагацік яловы, ці рамарыя звычайная. Фота asergeev.com.

Але вось чарговае пытанне знаёмага з Беластока мяне зацікавіла. І не таму, што я не «раскусіў» грыб, а таму, што разнавіднасцяў у яго некалькі і ўсе яны як сястрычкі-блізняткі, асабліва калі падрастуць.

Гаворка пойдзе пра рагацікі, якія вельмі падобныя на грыбы-каралы (да іх чарга таксама дойдзе). Рагацік яловы, ці рамарыя звычайная (Ramaria Invalii), расце ў хвойніках, найчасцей у ігліцы, у жніўні-кастрычніку. Нярэдка растуць купкамі ці палосамі. Яловы рагацік — не надта каб вельмі гурманскі грыб, але есці можна. Збіраю толькі маладзенькія грыбы, якія яшчэ не гаркавыя і не надта цвёрдыя. Перад варкай лепш верхнія рожкі паабразаць, паколькі там найбольш горычы, ды і крохкія яны. Можна папярэдне рамарыю вымачыць некалькі гадзін у вадзе, а ўжо потым варыць хвілін 10, пасля чаго смажыць ці дадаваць у суп. Смак нечым нагадвае варанае мяса.

Рамарыя жоўтая. Фота wikimedia.org.

Яшчэ ў беларускіх лясах можна сустрэць рамарыю жоўтую (Ramaria flava, аленевы рожкі), якая сустракаецца значна радзей. Маладыя грыбы нагадваюць квяцістую капусту, толькі жоўтага колеру. Жоўтая рамарыя таксама ўмоўна-ядомая.

А вось рамарыя прыгожая не зусім ядомая і нават атрутная, найчасцей уплывае на страўнік, праўда, сам я збаяўся яе каштаваць.

Колер гэтай «прыгажуні» жоўты, з ружаватым адценнем, пры націсканні на мякаць ружавее яшчэ больш. Ад іншых рагацікаў адрозніваецца яшчэ й тым, што расце не ў хвойніках, а ў лістоўных лясах і дасягае значна большых памераў: угару сягае да 20 сантыметраў.

Калі раптам выберацеся ў лес у кастрычніку, дык абавязкова напаткаеце рагаціка, але які ён — вызначайце самі ці карыстайцеся даведнікамі.

Чытайце таксама:

Порхаўкі, благушкі ды козачкі: працягваем пагружэнне ў лясную філасофію ФОТЫ

Nina.nn.by

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура