Праект газеты
Дом Порхаўкі, благушкі ды козачкі: працягваем пагружэнне ў лясную філасофію ФОТЫ7

Працягваем пагружэнне ў лясную філасофію разам з паэтам і абазнаным грыбніком Сяргеем Сысам. 

Порхаўка

Дажджавік звычайны. Фота wikigrib.ru.

Адзіны грыб, які я ніколі не праміну восенню наўмысна падфутболіць нагой — порхаўка. Цікава назіраць, як лопаецца абалонка грыба і ўзнікае маленькі выбух саспелых бурых спораў. Яны разлятуцца, каб на наступны год даць жыццё новым грыбам.

Працэс гэты паэтычна апісала Альжбэта Малішэўская-Спрынчан:

Наступаю на порхаўку,
і яна выбухае
сумам зьнікненьня
і радасьцю таго,
што дым вырваўся
на волю…

Я з тых грыбнікоў, хто зрэдку збірае порхаўкі, хаця гэта і не зусім дакладная назва: лепей абазваць іх дажджавікамі, паколькі «порхаюць» яны толькі ў паважным узросце, калі ў ежу ўжо непрыдатныя.

Грыб-дажджавік (Lycoperdon perlatum, галавач, пчаліная губка, заячая бульба) расце паўсюль і ў вялікай колькасці, у Беларусі занесены ў Чырвоную кнігу і лічыцца смачным. Усяго вядома больш за паўсотню відаў, але асабіста я магу дакладна вызначыць не больш трох-чатырох.

Пачну з галавача (Calvatia gigantea, лангерманія). Гэтым «футбольным мячыкам» найчасцей хваляцца беларусы, паказваючы фотаздымкі белых гігантаў. І сапраўды, галавач вырастае да 50 сантыметраў у дыяметры і можа важыць да дзесяці кілаграмаў. Летась жыхар Брэста знайшоў на ўчастку цешчы галавача вагой пяць кілаграмаў.

Пяцікілаграмовы галавач. Фота tut.by.

Найчасцей жа сустракаецца дажджавік звычайны.

З бялюткіх і пругкіх вантробаў маладых дажджавікоў робяць смачныя стравы. Напрыклад, нарэзаную лустамі мякаць можна змясціць у кляр або паніровачныя сухары ды пасмажыць. Чым не вегетарыянскі біфштэкс? А можна і проста на патэльні з цыбулькай — хуткі і сытны наедак. Спрабаваў я іх і сушыць, але кайфу ў гэтым асаблівага не знайшоў, ужо лепей крыху абварыць ды ў засолку.

Вядомыя дажджавікі і сваімі лекавымі ўласцівасцямі. Кажуць, што споры гэтага грыба валодаюць супрацьпухліннымі і антыбактэрыяльнымі якасцямі, выкарыстоўваецца ён таксама ў народнай медыцыне, але я не спрабаваў, таму і не ведаю як.

У лясах пад Заслаўем трапляецца мне на вочы яшчэ адзін від дажджавікоў — Scleroderma citrinum, ілжэдажджавік.

Ілжэдажджавік. Фота wikigrib.ru.

Ён адрозніваецца і знешне, і знутры. Абалонка жоўта-бурага колеру, а мякіш увогуле фіялетава-чорны. Спецыялісты лічаць яго неядомым і нават атрутным, але аднойчы я пакаштаваў яго смажаным: нічога асаблівага, як бульба якая, толькі чорная. А некаторым яго пах нагадвае труфелі. На жаль, пакуль такога смаку я не зведаў, але спадзяюся.

Благушка

Нават у самы негрыбны час у лесе можна натрапіць на дзясятак-другі смачных і ўсім нам вядомых грыбоў, якія прадаюцца ў крамах. Але тыя, што з лесу, нашмат больш каштоўныя. Гэта — самы жаночы грыб беларускіх лясоў!

Растуць яны з ліпеня аж да кастрычніка і маюць нейкую зусім нетутэйшую назву — шампіньёны. Хаця ў многіх мясцовасцях, дзе ёсць культура іх спажывання (а з гэтым у беларусаў дагэтуль ёсць пэўныя праблемы), грыбы называюць благушкамі ці пячуркамі.

Можна было б і не распавядаць пра іх, але дзікунскае стаўленне многіх грыбнікоў да самага бяскрыўднага грыбочка нашых лясоў мяне проста абурае. Іх топчуць, трушчаць і крыўдзяць ўсе, каму не лянота.

Дык давайце разбяромся. Благушка (Agaricus silvaticus, воўчы грыб) — адзін з дзясятка разнавіднасцяў шампіньёна, які пераважна сустракаецца менавіта ў лесе.

Шампіньён лясны. Фота wildfoodism.files.wordpress.com.

Пры чым любіць ён расці ў змяшаных лясах, часта каля мурашнікаў, а часам і проста на іх. Гэта вельмі добры і каштоўны грыб. Чаму каштоўны?

«Шампіньён лясны багаты на фоліевую кіслату, незаменную ў вытворчасці эрытрацытаў, абмене рэчываў, працы сардэчна-сасудзістай і нервовай сістэм, яны аказваюць станоўчае ўздзеянне на арганізм чалавека. Да таго ж, гэтая кіслата неабходная для рэпрадуктыўнай сістэмы жанчын, удзельнічае ў фарміраванні плацэнты і здаровым развіцці дзіцяці. Наяўнасць у складзе ляснога прадукту амінакіслот, вітамінаў і мінералаў таксама ідзе на карысць цяжарным жанчынам», — сцвярджаюць спецыялісты.

Сустракаецца ў лясах і шампіньён палявы, альбо пячурка, пячурыца. Ён увогуле падобны да крамнага, штучнага шампіньёна, у маладосці таксама мае ружаваты спод, які пры варцы становіцца памаранчавым. Але варыць шампіньёны — справа густу. Я, напрыклад, добра перамыўшы іх, адразу кідаю на патэльню і смажу. Увогуле, з імі можна рабіць што заўгодна: марынаваць, сушыць, варыць і смажыць. Вось толькі салёных ніколі не каштаваў: відаць, засолка знішчае іх багаты і тонкі водар.

Калі пераканаў каго, дык дадам: благушкі з пячуркамі яшчэ і дагэтуль (пачатак кастрычніка) чакаюць вас на лясных прагалах. Толькі не збірайце грыбы з чорным сподам (старыя) і белым сподам (можна зблытаць з паганкай), а толькі з ружовым. Гэта лёгка праверыць, адкалупнуўшы белую мяккую плеўку пад шляпкай.

Козачкі

Козачкі. Фота pagan-cancan.by.

Люблю блукаць восеньскім лесам, калі неба зацягнутае хмарамі, а зверху сыплецца дробны бясконцы дожджык. Такой парою ў лесе ціха, бязлюдна і можна зачаравана любавацца напоўніцу хараством фарбаў, чуць, як з дрэва з аглушальным шумам зрываецца жоўты лісток і недзе ў вершалінах дрэў вольна пераклікаюцца птушкі. У такі час добра і ўдумліва шукаюцца грыбы.

Напачатку кастрычніка выбраўся за свой улюбёны вайсковы палігон, туды, дзе штогод збіраю зялёнкі ды падзялёнкі. Не памыліўся і на гэты раз — грыбочкаў было шмат і неўзабаве я цалкам напоўніў свой кошык. Ужо вяртаючыся дахаты, угледзеў на паваленым дрэве цацачнага чорціка. Гляджу — дык гэта ж таямнічыя і небяспечныя козачкі, альбо восеньскія страчкі (Helvella infula). Божачкі, як іх толькі не называюць спецыялісты! Гірамітра недатыкальная, гельвела інфула, смаржок рагаты, лопаснік асенні, а я называю іх проста — козачкі. Дарэчы, шмат мясцовых назваў на Беларусі звязаныя з казой: і казлюкі розныя водзяцца, і козы…

Козачкі. Фота pagan-cancan.by.

Сядзяць козлікі на паваленых дрэвах у радочак, такія тонкія і крохкія, што боязна нават дакрануцца рукой, гарэзліва ўскінуўшы ўгару свае рожкі.

Як добра, што абачліва прыхапіў з сабой цэлафанавы пакет, які запоўніўся пад завязку літаральна праз некалькі хвілін.

Растуць козачкі не паўсюль і нават не кожны год, але сёлета вось урадзілі і яны. Мне на радасць.

Ды толькі не надта на іх звяртаюць увагу грыбнікі, што, відаць, і правільна. У іх складзе небяспечны яд гірамітрын, ад якога можна моцна атруціцца.

Эксперты раяць увогуле не збіраць старыя грыбы, а толькі маладзенькія, дзе меней атруты. Найбяспечнейшы метад іх ужывання — звычайная сушка, прычым ужываць у ежу сухія грыбы лепей мінімум як праз паўгода. Можна, вядома, і адварваць. Толькі трэба некалькі разоў памяняць ваду і ніколі (!) посуд, у якім варацца грыбы, не накрываць накрыўкай.

Калі звычайных сушаных баравікоў на сезон не хапае, я ўзгадваю пра восеньскія смаржкі (дарэчы, іх у Беларусі каля дзясятка відаў), здрабняю іх млынком у парашок, а затым заліваю кіпнем. Дадаю спецыі (соль, перчык па густу). Духмяная падліва — цудоўны дадатак да любой стравы.

Чытайце таксама:

Знаёмцеся — адзін з самых супярэчлівых і падступных грыбоў беларускага лесу

«Такога чорта як з’ясі, дык адразу капыты адкінеш» — рэдкія беларускія грыбы

Nina.nn.by

Каментары
Жвир / Адказаць 11.10.2017 / 16:28

A hety liasny šampin'jon, heta nie toj hryb, jaki nazyvajyc' "parasončykam" ? Jon časam vyrastaje davoli bujny, na vysokaj nožcy, i nahadvaje parason. U jaho jadomy kapialiušyk, i kažuc', što vieļmi smačny smažany ū kliary.

1
xxx / Адказаць 11.10.2017 / 16:46

У нас на даче выросли таких два мяча килограмма по четыре. Родители выкинули на сметник.

1
Вася / Адказаць 11.10.2017 / 16:53

Атракцыя?! Вы специально отпугиваете людей от мовы? Это ненужное и нелепое заимствование с инглиша (attraction) далеко не все сразу поймут?

4
каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура