Праект партала
Накіпела
09.10.2017 / 06:01
Што не так з жаночым глянцам і феміністкамі, якія яго лаюць8

Сярод дзясяткаў часопісаў і газет у шапіках «Белсаюздруку» ільвіную долю займаюць так званыя жаночыя выданні. «Elle», «Cosmopolitan», «Vogue» — гэта ўсё пра далёкіх і блізкіх суседзяў, але і свае ўласныя прадукты мы таксама маем.

«Гаспадыня», «Дзіва», «Любімая», «Шчаслівая і прыгожая» — назвы большасці з іх гучаць ідэальна-ўзнёсла. Быццам ты знаходзішся на кастынгу ў жаночую секту і калі ты не гаспадыня ці не дзіва — прэч, з вачэй далоў.

Было б вельмі павярхоўна казаць толькі пра назвы, але змест цалкам адпавядае зададзенай нэймінгам канцэпцыі. На вокладках — паспяховыя жанчыны з усмешкамі. Часцей за ўсё — зоркі, большасць — расійскія (беларускія, на жаль, хутка сканчваюцца). Часопіс «Шчаслівая і прыгожая» нават мае адмысловую рубрыку «як у кіно», дзе раіць вучыцца «правільнаму» жыццю ў рамантычных гераінь меладрам.

Я ні разу не бачыла на такіх выданнях фота звычайнай, не расфарбаванай і не адрэтушаванай жанчыны з першымі маршчынамі ці лішняй вагой (ужо маўчу пра кабет з інваліднасцю — іх у прынцыпе быццам бы і не існуе).

Гэта адна з асноўных праблем усіх гэтых намаляваных вобразаў, што нам дэманструюць то кіно, то тэлебачанне, то прэса. Быць прынцэсай, быць той, якую можна насіць на руках і чые капрызы павінны выконвацца па першым патрабаванні.

Гэтаму дзяўчат вучаць як многія медыя, так і ўжо выхаваныя імі бацькі. Трэба імкнуцца да прыдуманых раней ідэалаў, бо яны прадаюцца: як у жыцці, так і ў сферы медыя.

І няхай бы прыгожы манікюр, роўныя стрэлкі на вачах ці ідэальны прэс ствараліся для сябе, дзеля большай упэўненасці. Не. Часцей за ўсё гэтаму вучаць, каб дапамагчы пазбавіцца адзіноцтва і знайсці мужчыну.

У часопісе «Гаспадыня», напрыклад, парады па гэтай тэме дае эксперт у асобе святара. У своеасаблівай малітве да Бога ён раіць упэўніць Усявышняга ў гатоўнасці «зрабіць усё для каханага, нарадзіць яму дзяцей, не судзіць за любыя грахі». Карацей, будзь пакорлівай — і мужыкі падцягнуцца (варта адзначыць, што рэдактарам часопіса з’яўляецца мужчына). І калі даволі нафталінавую «Гаспадыню» яшчэ можна прабачыць за такія па, то нібыта больш сучасную «Жаночую газету» ці «Шчаслівую і прыгожую» — не.

Першая на галоўнай старонцы друкуе астралагічныя прагнозы і вучыць, як напоўніць дом правільнай энергіяй (калі вам цікава, для гэтага спатрэбіцца як мага больш падушак, невялічкія статуэткі жывёл і засушаныя кветкі). Другое выданне таксама адышло недалёка: ідэальнага мужчыну, на іх погляд, лёгка падабраць з дапамогай астралогіі і нумералогіі. Ну, а каб ён лепш лавіўся, трэба стаць прынцэсай. Зразумела, у прынцэсы не можа не быць пухлых вуснаў: іх можна нажыць, калі правільна выдзімаць паветра з рота.

Калі ты працуеш на заводзе, любіш салодкае на сон, не лічыш патрэбным выдзіраць усе валасінкі з цела — ты проста нудлівая няўдачніца.

З іншага боку, цяпер усё не так дрэнна, калі параўноўваць з тым, што было ў пасляваенныя часы. Спачатку жанчын трэба было заахвоціць як мага больш нараджаць, пасля — выгадаваць з дзіцяці ўніверсальнага камуністычнага вайскоўца, які і прадпрыемства выведзе ў лідары, і сям’ю — ва ўдарнікі працы.

Як вядома, жаночая прэса перажывала некалькі этапаў развіцця. Першае выданне для кабет з’явілася яшчэ ў 17 стагоддзі ў Францыі. У першую чаргу «Mercure Galant» фіксавала свецкую хроніку і моду. Пасля гэтага жаночыя выданні эвалюцыянавалі то ў дапаможнікі па адукацыі і развіцці, то зноў у стылёвыя дадаткі.

Асабліва гарачым выдалася 19 стагоддзе: тады на рынку адначасова прысутнічалі і часопісы з так званым традыцыйным жаночым зместам (кухня, хатнія справы, гадаванне дзяцей), а ім супрацьстаялі выданні суфражыстак, якія змагаліся за раўнапраўе з мужчынамі.

Адзін з першых брытанскіх часопісаў так і называўся: «Women's Suffrage Journal».

Уласна кажучы, сітуацыя мінулых стагоддзяў вельмі падобная і да беларускай сучаснасці. Нароўні з зусім традыцыйнымі выданнямі, пра якія я пісала раней, існуюць і тыя, што спрабуюць балансаваць паміж фемінізмам і традыцыйнымі каштоўнасцямі.

Былая «Работніца і сялянка», сённяшняя «Алеся» вучыць прыслухоўвацца да свайго «Я» ды шмат піша пра мастацтва. Рэдакцыя «Любімай» не толькі настойвае на тым, каб усе беларускі імкнуліся да стройнасці, але і вядзе рубрыку «Гераіня нашага часу», дзе, хай сабе і толькі на адной старонцы, але расказвае пра тых, хто перамагае хваробы і жыццёвыя цяжкасці. Імкнуцца да разнастайнасці і беларускія інтэрнэт-парталы.

Асобна тут трэба было б адзначыць вельмі канцэптуальна правільныя рэсурсы кшталту «Яе правы» ці «Гендарны маршрут» з такім жа правільна гендарным «Мэйкаўтам».

Але давайце будзем шчырымі: 80 працэнтаў беларусак і беларусаў (калі не больш) увогуле не ў тэме, што такое мова варожасці і фемінітывы.

Мая маці не ў курсе. Мае аднакласніцы нарадзілі, як толькі скончылі школу, і думаюць пра тое, дзе знайсці працу ў правінцыі, каб пракарміць маладую сям’ю, а не пра тое, што ў інтэрнэце нехта зноў не мае рацыі. Большасць маіх знаёмых вельмі здзіўляецца, што ў Беларусі ў прынцыпе ёсць феміністкі і звязаныя з іх поглядамі плыні. Некаторыя з нас жывуць у інтэлектуальным фэйсбучным свеце, дзе ўсе ўсё ведаюць і разумеюць, аднак паралельна, далёка не хадзі, ёсць свет тых жа аднакласнікаў. Прабачце, але толькі лічбамі пра ўшчамленне правоў і праблемамі геяў сэрцы гэтай аўдыторыі не зачапіць, бо свет — ён куды больш разнастайны. Трэба шукаць баланс.

Няма нічога сарамлівага ў традыцыйных каштоўнасцях. І ў тым, што існуюць асобныя медыя для дзяцей, мужчын ці жанчын. Калі яно з добрым адукацыйным кантэнтам, то якая розніца?

А вось сорамна, мне здаецца, вырашаць за іншых, што ім цікава. Сорамна ўзводзіць свае ідэалы ў адзіны магчымы пастулат і змагацца з жанчынамі, якія жывуць не па правільных паняццях, замест таго, каб перанакіраваць гэтую энергію на сапраўды важныя рэчы: змаганне за роўныя з мужчынамі заробкі ці за прысутнасць на палітычнай арэне.

Таму я за баланс у медыя. Супраць навязвання спрэчных ідэалаў прыгажосці і ідыёцкіх гараскопаў — усяго таго, што адкідвае нас у развіцці назад. Але за тое, каб той жа фемінізм даваў права кожнай абраць тое, чаго ёй хочацца, нават калі гэта кухня. Раўнапраўе — гэта ж калі мы ўсе можам займацца чым заўгодна, нягледзячы на пол, ці не?

Мая Лінь

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура