Праект партала
Навокал
29.09.2017 / 15:59
Аслінае вуха, вожык ды каўпак — грыбы, якія здзіўляюць ФОТЫ6

Працягваем вывучаць цікавыя грыбы, што хаваюцца ў беларускіх лясах, разам з паэтам і дасведчаным грыбніком Сяргеем Сысам. Гэтым разам аглядаем адразу некалькі: яжовіка стракатага, атыдэю асліную ды каўпак кольчаты.

Яжовік стракаты

Фота gribnikoff.ru.

Знаёмства з гэтым страшнаватым грыбам адбылося параўнальна нядаўна, у 2004 годзе, на Гомельшчыне. Паехалі з сябрам у грыбы, аж пад самую ўкраінскую мяжу, дзе ён меў лецішча. І вось там я «падняў» некалькі адзінак невядомага грыба. Нямала часу прайшло, пакуль удалося яго ідэнтыфікаваць: грыб-вожык, альбо правільна — яжовік стракаты, саркадон стракаты, ястраб. Ужо людзі і рэгіянальныя беларускія назвы дадаюць: валовін язык (Беласточчына), лось (Вілейшчына, Гомельшчына), ласіны грыб (Мядзельшчына), мядзведзік (Лідчына), каза, сарны (Берасцейшчына), цяцёрка (Светлагорск-Парычы-Азарычы)…

А пакаштаваў яго яшчэ пазней — трохі баяўся гэткай экзотыкі. Я чаму пішу пра яго цяпер? Таму што растуць яны позна, з другой паловы жніўня аж да самага лістапада.

Ён не надта вядомы, нават рэдкі грыб, але калі натрапіш — адразу можна зрэзаць цэлы ворах. Мае спецыфічны водар з гарчынкай. Але пасля 5 хвілін варкі горыч сыходзіць, і тады вожыка можна варыць, смажыць, саліць, марынаваць, сушыць. Трэба ведаць, што лепей ужываць маладыя грыбы. Пра пераспелыя кажуць, што яны надта ўжо горкія і цвёрдыя.

Растуць вожыкі пераважна на пясчаных хвойніках, пад соснамі, дзе шмат ігліцы.

Пішуць таксама, што ёсць і яжовік жоўты, але я пакуль яшчэ не меў з ім кулінарных стасункаў.

Карацей, калі лета прафукалі, дык у кастрычніку яшчэ можна нарвацца на вожыкаў і задаволіць свой грыбны сверб.

Атыдэя асліная

Фота stridvall.se.

У кастрычніку-лістападзе на лясных вырубках ці на старых лістоўных лесапавалах можа пашчасціць сустрэцца з купкаю надзвычай рэдкіх грыбоў. Пра іх кажуць: убачыш аднойчы — ніколі не забудзеш. І гэта ўсё праз падабенства з вушамі жывёл. Яго недарэмна так і назвалі: атыдэя асліная, ці аслінае вуха (Otidea onotica). Дадам, што існуюць таксама рэдкія суродзічы — атыдэі спіральная і вытанчаная.

Аслінае вуха ніхто не збірае і не гатуе з яго стравы, бо йдзі — паспрабуй знайдзі. Я таксама не каштаваў, хаця пішуць, што аслінае вуха «мае прыемны пах і, у прынцыпе, гэтыя грыбы можна ўжываць у ежу, яны для здароўя небяспекі не тояць».

Я ніколі не сустракаў іх на Міншчыне. Двойчы бачыў у Чачэрскім і Кармянскім раёнах на Гомельшчыне, але там, хутчэй за ўсё, усе грыбы «фаняць» праз павышаную радыяцыю. Магчыма, што яны растуць і на Палессі, трэба будзе ўдакладніць.

Спадзяюся, што аслінае вуха некалі пяройдзе мне дарогу і тады я яго абавязкова з’ем.

А да вас звяртаюся з паклонам: калі хто адшукае атыдэю на Беларусі — напішыце мне пра рэгіён для вывучэння арэала.

Каўпак кольчаты

Фота sadovodu.com.

Актуальна цяпер узняцца на абарону аднаго з самых масавых восеньскіх грыбочкаў, якія так бязбожна топчуць і трушчаць капытамі недасведчаныя грыбнікі, якім бы толькі маладыя баравічкі падавай… Размова пойдзе пра каўпак кольчаты (Rozites caperatus). Гэты ружаваценька-руды грыб беларусы пяшчотна называюць курачкай. А яшчэ ў розных рэгіёнах — балацянкамі, шампіньёнамі.

Па-шчырасці, мне неяк уломна было раней збіраць іх, паколькі і лепшага дабра магу знайсці — быў бы толькі час. Ды пару год назад Алена Лапцёнак пахвалілася, што курачак назбірала, маўляў, такія смачныя. Карацей, заінтрыгавала.

Ну і я паспрабаваў. Анігадкі, можна есці і марынаваць. Але вопытным шляхам вызначыў, што найлепш іх саліць. Па-першае, можна адразу шмат сабраць. Па-другое, не трэба вымочваць суткамі, як ваўнянкі, ці падгруздкі якія. Па-трэцяе, чакаць не трэба месяц таго салення, досыць пяці-шасці дзён, каб дайшлі.

Нагадаю, растуць яны паўсюль ад канца ліпеня да кастрычніка вялікімі сямействамі.

Звярніце ўвагу і не тапчыце іх. Курачкі вартыя лепшае долі! 

Чытайце таксама:

Адкрываем таямнічыя грыбы Беларусі — зірніце, якая цікавая грыбная кветка

Nina.nn.by

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура