Праект партала
Тонус
27.09.2017 / 09:26
Акушэр-гінеколаг пра тое, што змянілася ў кантрацэпцыі і жаночым здароўі20

Доктар, кандыдат медыцынскіх навук Ларыса Небышынец амаль 20 гадоў працуе ў гінекалогіі. Яе асноўная сфера дзейнасці ў Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі — разнастайныя паталогіі ў цяжарных.

Нягледзячы на тое, што праблем са здароўем у жанчын і нованароджаных усё больш, яна ўсё роўна кажа, што акушэрства — адна з самых спрыяльных па атмасферы спецыялізацый. Але ў гутарцы з доктарам мы закранулі зусім не пазітыўныя моманты…

Дацэнт кафедры акушэрства і гінекалогіі Ларыса Небышынец.

«Ніна»: Ларыса Міхайлаўна, нягледзячы на тое, што пра гарманальную кантрацэпцыю кажуць на кожным куце, многія беларусы да гэтага часу адносяцца да яе насцярожана, вы заўважаеце?

Ларыса Небышынец: Так. Нават цяпер шмат хто лічыць, што гарманальныя прэпараты ўплываюць на набор масы цела ці могуць стаць прычынай анкалагічных захворванняў. Аднак іх прыём, наадварот, супрацьстаіць раку эндаметрыя, а таксама яечнiкаў i цела маткi. Пры ўмове правільна падабранага прэпарата для пэўнага тыпу жанчыны вага цела ў яе амаль не будзе адрознівацца.

Моладзь, канешне, больш прагрэсіўна глядзіць на аральныя кантрацэптывы, бо яны прасунутыя, начытаныя ў гэтым плане. Сучасныя прэпараты маюць дадатковы лячэбны эфект: аднаўляюць цыкл, прыбіраюць сып і гэтак далей.

Так што сярод маладых дзяўчат усё больш прыхільніц гарманальных кантрацэптываў. Прыемна, што добрыя прэпараты робяць нашы беларускія кампаніі. Так, наша прадпрыемства «ТрайплФарм» з’яўляецца адзіным вытворцам аральных кантрацэптываў, па сваіх якасцях яны нічым не горшыя за замежныя.

«Ніна»: Нашы бабулі сказалі б тут: раней жылі без гэтага, і добра было…

ЛН: Здароўе сучасных жанчын стала горшым — і гэта факт.

Згодна з рознымі даследаваннямі здароўе 16-18-гадовых дзяўчын у некалькi разоў горшае за тое, што маюць іх 45-гадовыя маці.

Калі на нашай кафедры акушэрства і гінекалогіі для чарговага навуковага даследавання трэба набраць групу цяжарных здаровых жанчын, без выразных паталогій, гэта становіцца вельмі цяжкай задачай. За цяжарнасцю кожнай цягнецца чарада іншых дыягназаў, з якімі жанчыны да яе прыходзяць: хранічны танзіліт, піеланефрыт, гастрыт і іншыя. Таму мы ў прынцыпе не можам жыць так, як нашы бабулі.

Жанчыны таксама сталі сябе больш любіць: калі ў крытычныя дні яна дрэнна сябе адчувае, а ёсць прэпараты, якія дапамогуць, то чаму трэба сабе ў гэтым адмаўляць?

Так, напрыклад, гестагены новага пакалення, што ўваходзяць у склад гарманальных кантрацэптываў, здольныя прыбраць характэрную для другой фазы прыпухласць, палепшыць стан скуры. Гэта касметычны, але вельмі важны эфект, якога жанчыны дамагаюцца для сябе, як бы не ліслівілі сабе мужчыны. Нам, перш-наперш, важна падабацца менавіта сабе.

«Ніна»: Чаму наша здароўе ляціць на дно?

ЛН: Як ні круці, пагаршаецца экалогія. На нас моцна ўплывае знешняе асяроддзе. А таксама якасць харчавання. Вось кажуць: цяжарным усяго толькі варта правільна сілкавацца — тады і іх, і здароўе будучых дзяцей будзе ў норме. Але добра есці тое, дзе ёсць толькi карысныя рэчывы, а ў нашых крамах складана адшукаць нешта стоадсоткава натуральнае для паўнавартаснага харчавання.

Акрамя таго, ідзе працэс назапашвання генетычнай інфармацыі: схільнасць да хвароб перадаецца нам ад продкаў.

«Ніна»: Вы згадалі пра тыпы жанчын, а ці так проста спецыялісту яго вызначыць?

ЛН: Існуе тры асноўныя гарманальныя тыпы жанчын: эстрагенны — гэта кабеты якія выглядаюць вельмі па-жаноцкі, сярэдняга i невысокага росту, з добра развiтымі сцёгнамі i малочнымі залозамі; прагестэронавы — рослыя жанчыны з «хлапечай постаццю», з павышанай валасатасцю, праяўленнем акнэ; і збалансаваны — жанчыны сярэдняга росту, якія маюць дзявочы голас i постаць. Доктару адразу бачна, хто прыйшоў да яго на прыём. Аднак перш, чым нешта пачаць прымаць, жанчыне трэба прайсці абследаванне ўсяго арганізма: здаць аналізы крыві, праверыць печань і гэтак далей. Бо ўсё ж гармоны сістэмна ўплываюць на арганізм.

«Ніна»: У якім узросце можна пачынаць прымаць кантрацэптывы і каму яны не рэкамендуюцца?

ЛН: Ну, нягледзячы на тое, што падлеткі цяпер сталеюць вельмі рана (у кагосьці ўжо і дзіця можа нарадзіцца ў 15 гадоў), да 18 усе мы лічымся непаўнагадовымі.

Таму, калі ў 18 у вас ёсць рэгулярнае палавое жыццё, то ўжо можна разглядаць аральную кантрацэпцыю як варыянт. Аднак толькі пасля кансультацыі са спецыялістам! Мама можа нешта параіць, але яна не доктар. Тое, што прымяняе маці, неабавязкова падыдзе і дачцэ.

Абсалютнымi супрацьпаказаннямi да прыёму аральных кантрацэптываў з’яўляюцца цяжкiя захворванні печанi i нырак, трамбоз, сардэчна-сасудзістыя захворванні, артэрыяльная гiпертэнзiя, цяжарнасць, злаякасныя пухлiны. Лiчыцца, што ў жанчын з атлусценнем i тых, хто курыць, падчас іх прыёму могуць узнікаць ускладненні. Паленне само па сабе дрэнна адбіваецца на арганізме, а разам з кантрацэптывамі можа дадаткова ўплываць на фарміраванне тромбаў.

Мы, канешне ж, заклікаем кідаць гэтую згубную прывычку, але нават цяжарныя кабеты працягваюць курыць. З 50 пацыентак, як мінімум, адна такая будучая маці знойдзецца. Дактарам потым прыходзіцца займацца наступствамі гэтай безадказнасці: паляпшаць стан плода, які саступае здаровым у масе і развіцці.

Увогуле, існуе некалькі катэгорый прымальнасці метадаў кантрацэпцыi для пэўнай жанчыны: першая катэгорыя — здаровыя кабеты, ім падыходзяць любыя метады кантрацэпцыі, другая — жанчыны, у якіх ёсць нейкія захворванні, але карысць ад прыёму аральнага кантрацэптыва будзе большай, чым тэарытычныя рызыкi, трэцяй і чацвёртай катэгорыям жанчын з мноствам захворванняў лепш ўвогуле не карыстацца гарманальнымi сродкамi. Апошнім раяць звярнуць увагу на спіралі, якія таксама можна набываць у любым узросце, але мы раім звяртацца да гэтага жанчынам, што ўжо нараджалі і ў якіх ёсць пастаянны партнёр.

«Ніна»: А калі варта спыніцца і зрабіць перарыў у прыёме прэпаратаў?

ЛН: Раней рэкамендавалася піць таблеткі год-паўтары, а потым рабіць хаця б месячны перарыў, каб яечнiкi «не забылiся» пра сваю функцыю. Цяпер, калi адсутнічаюць супрацьпаказанні, выкарыстоўваць дадзены метад засцярогi жанчына можа столькі, колькі ёй будзе неабходна. Калі яна захоча зацяжарыць, то ўжо ў наступным цыкле пасля адмены прэпарата будзе гатовая да зачацця.

Другая справа, калi кантрацэптывы прымае жанчына з аслабленай функцыяй яечнiкаў. Гарманальныя прэпараты ў такім выпадку могуць дрэнна паўплываць на магчымасць мець нашчадкаў. 

«Ніна»: Вы сказалі, што сучасныя падлеткі рана пачынаюць весці палавое жыццё, а што з цяжарнасцю — ці наблізіліся мы да тэндэнцыі заводзіць дзяцей пазней?

ЛН: Па тых цяжарных, што звяртаюцца да нас, мы бачым, што гэта або зусім маладыя маці, або так званыя узроставыя дзетародзячыя: цяпер вельмі шмат жанчын нараджаюць першынца і ў 30, і бліжэй да 40 гадоў.

У беларусак таксама змяніліся прыярытэты: усё больш жанчын хоча рэалізавацца не толькі ў сям'і, але і ў грамадскім жыцці, у кар’еры. Прывезці дзіцяі не ў інтэрнат ці да бацькоў, а ва ўласны дом.

З іншага боку, чым старэйшы ўзрост, тым больш у арганізма хвароб. Так, міёма маткі — паталогія, якая ў тым ліку ўплывае на зачацце, усё часцей вынаходзіцца ў 25—26-гадовых пацыентак, хаця раней гэтым хварэлі жанчыны за 40.

«Ніна»: Калі падсумоўваць, якія кантрацэптывы сёння лепш за ўсё засцерагаюць ад непажаданай цяжарнасці?

ЛН: Ёсць такі індэкс Перля, які ацэньвае колькасць цяжарнасцяў у год на 100 жанчын, што прымяняюць той ці іншы метад кантрацэпцыі. Па гэтых паказчыках самымі надзейнымі выглядаюць аральныя кантрацэптывы і ўнутрыматачная спіраль. Але, само сабой, такія вынікі характэрныя пры выкананні ўсіх правіл: таблеткі трэба піць кожны дзень, без пропускаў, у пэўны час. На жаль, не ўсе жанчыны падыходзяць да гэтага дысцыплінавана.

Падлеткам прапануецца «двайны галандскi метад засцярогi»: таблеткі або iншыя метады разам з прэзерватывамі, бо апошнія дадаткова засцерагаюць ад палавых інфекцый.

«Ніна»: А як вы ставіцеся да экстраннай кантрацэпцыі?

ЛН: Ёю могуць скарыстацца толькі тыя жанчыны, якія не вядуць рэгулярнае палавое жыццё: на працягу 72 гадзін ад неабароненага палавога акту. З гэтай жа мэтай можна выкарыстоўваць і ўнутрыматачную спіраль. Але такія метады не павінны стаць рэгулярнымі: тая ж таблетка змяшчае вялікія дозы гармонаў, і іх увядзенне прыводзіць да зрываў шматлікіх працэсаў у арганізме.

«Ніна»: Тое, што мы ўсё роўна маем справу з абортамі, паказчык адсутнасці дысцыпліны ці нечага яшчэ?

ЛН: Жанчыны нярэдка засцерагаюцца перарваным палавым актам, а таксама вылічваюць спрыяльныя і неспрыяльныя дні для зачацця, хаця вядома, што гэтыя спосабы ненадзейныя. Непажаданыя цяжарнасці так і здараюцца: дзесьці не разлічыла, недзе памыліліся…

Магу адзначыць, што, чым далей ад горада, бліжэй да перыферыі, тым менш жанчыны цікавяцца інфармацыяй пра кантрацэпцыю. Добра хаця б тое, што калі яны і прыходзяць на аборт, то ведаюць, што лепш гэта рабіць як мага раней, не пазней як на 12 тыдзень.

«Ніна»: У гэтым годзе ўсе дактары Лагойскай раённай бальніцы адмовіліся рабіць аборты, як вы ставіцеся да такіх абмежаванняў і ўвогуле да забароны на перарыванне цяжарнасці?

ЛН: Гэта вельмі далікатная сітуацыя. Магу сказаць дакладна: кожнаму акушэру-гінеколагу непрыемна рабіць падобную працэдуру. Як бы там ні было, эмбрыён — гэта будучае жыццё.

Безумоўна, мы спрабуем пераканаць адмовiцца ад перапынення цяжарнасцi. Аднак у гэтай справе мы, перш за ўсё, памочнікі, якія павінны быць на баку жанчыны.

А нейкія адмовы, негатыў, забароны — усё гэта прыводзіць толькі да павелічэння крымінальных абортаў.

«Ніна»: Як і калі трэба пачынаць з падлеткамі размову пра сэкс і кантрацэпцыю?

ЛН: Як толькі надыходзіць перыяд палавога паспявання. Для дзяўчынкі менструацыя не павінна стаць шокам, як і для хлопчыка — палюцыя. Лепш няхай яны даведаюцца пра ўсё ад маці ці таты, чым з інтэрнэту. Але для гэтага паміж вамі павінны быць максімальна даверлівыя адносіны, гэта — аснова ўсяго.

Гэты матэрыял быў падрыхтаваны ў партнёрстве з «ТрайплФарм»

Гутарыла Кацярына Карпіцкая, фота аўтара

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура