Праект газеты
Сям'я Усё, што вы не ведалі пра слінгі — ВІДЭАінструкцыя, як прыматаць дзіця2

Мадэратарка беларускай суполкі слінгамам, маладая і актыўная маці дзвюх дачок Юля Баброва распавяла, навошта насіць дзяцей у слінгах і як гэта рабіць правільна.

«Ніна»: Чаму маладыя мамы носяць дзяцей у слінгах?

Юля Баброва: Бо дзеці заўсёды хочуць быць бліжэй да маці і іх даводзіцца насіць на руках ці яшчэ неяк, а слінг — гэта фізіялагічны спосаб нашэння.

Раней былі распаўсюджаныя кенгурушкі. Але калі правялі базавыя эксперыменты з удзелам артапедаў і іншых дактароў, каб высветліць, наколькі кенгурушкі зручныя, стала зразумела, што зусім не. Паспрабуйце самі павісець гадзіну ў позе, калі пахавая вобласць становіцца апорай для ўсяго цела!

Затое распаўсюдзіліся слінгі і іншыя эрганамічныя пераноскі.

«Ніна»: Адкуль вы даведаліся пра слінгі?

Юля Б.: У студэнцтве я вяла ЖЖ і знайшла там слінгамаму Іру Авіў — яна выкладала фота з дачкой у слінгу ў розных месцах свайго горада. Я тады падумала: «Як гэта зручна! Калі ў мяне будуць дзеці, то абавязкова буду іх так насіць».

«Ніна»: Якая была рэакцыя вашых маці і бабулі на слінг, ці былі яны супраць?

Юля Б.: Ну, ім трэба было прызвычаіцца. Але я гэтага вельмі хацела, нават мужа захапіла сваім энтузіязмам. Ён быў вельмі-вельмі «за», бо любіць усялякія зручныя штукі. Але, канечне, трэба быць досыць упартым, каб пераканаць сваіх блізкіх, што гэта добра. Мая мама ў выніку даволі хутка са мной згадзілася, што гэта зручна, але саспела наматаць на сябе слінг толькі калі нарадзілася другая ўнучка. Даша спакойна засынала на бабулі.

«Ніна»: Што казалі дактары ў паліклініцы?

Юля Б.:

З першай дачкой я была вельмі няўпэўненая: калі мы ішлі ў паліклініку, то перад уваходам ці на першым паверсе размотвала слінг і хавала ў пакет.

У мяне не было сумневаў, што слінг — гэта правільна, важна і карысна для маёй дачкі, бо яна была неданошаная, а такім дзецям патрэбны метад кенгуру «скура да скуры». Насіла Аленку так дома ад самага пачатку, але баялася, што нам нешта скажуць на прыёме ў педыятра. З другой дачкой я ўжо спакойна хаджу паўсюль. Здараецца, да нас падыходзяць цяжарныя, цікавяцца, тады я ім даю візітоўкі нашай слінгасупольнасці.

«Ніна»: Ці былі непрыемныя рэакцыі людзей?

Юля Б.: Моцна залежыць ад таго, як сама мама да гэтага ставіцца. Калі яна ўпэўненая ў сабе, спакойная, то нават калі ў яе дзіця крычыць, ніхто нічога ёй не скажа. А вось калі маці панікуе, перажывае, то абавязкова знойдзе свайго каментатара. Ніякіх негатыўных рэакцый у нас не было.

«Ніна»: А ў вас ёсць вазок? Ці слінг — гэта радыкальная пазіцыя?

Юля Б.: Калі Аленцы было паўгода, мы набылі вазок.

Ва ўсім трэба прытрымлівацца балансу — гэта не рэлігія, не секта.

Калі зручна з вазком, то добра, хоць зусім маленькіх, канечне, прасцей да сябе прыматаць. Не трэба цягаць вялізны вазок, не трэба апранаць дзіця ў зімовую вопратку, можна проста наверх на слінг апрануць слінгакуртку. Тыя, хто спрабаваў апрануць дзіцяці ў зімовае, вынесці вазок на вуліцу па лесвіцы ці нават спусціць на ліфце, ведаюць, наколькі прасцей са слінгам.

«Ніна»: Ці шмат людзей у ЖЖ-кам’юніці слінгамам Беларусі?

Юля Б.: Актыўных — чалавек 15. Дзеці вырастаюць, нехта прыходзіць, нехта сыходзіць, нехта вяртаецца з другім, трэцім дзіцём.

У ЖЖ не ўсім зручна адсочваць інфармацыю, таму вясной я завяла яшчэ старонку на фэйсбуку і ў інстаграме @belslingomamy

«Ніна»: Як бавяць час слінгамамы ў вашай супольнасці?

Юля Б.: Мы проста збіраемся разам і куды-небудзь ходзім, напрыклад, у музеі. Цяпер з’явілася больш «чайлд-фрэндлі» месцаў, мы наведваем правераныя.

«Ніна»: Якія асноўныя страхі, звязаныя са слінгам, ёсць у навічкоў?

Юля Б.: 

  • А раптам дзіцяці там нязручна, а я з яго здзекваюся?
  • А раптам прыматанае дзіця закрычыць у грамадскім месцы, і я не буду ведаць, што рабіць?
  • Ці вытрымае слінг маё дзіця, ці не парвецца?
  • 4,5 метра тканіны… А раптам я ў ёй заблытаюся?

«Ніна»: Цяпер праходзіць тыдзень слінганашэння, што плануецца?

Юля Б.: У суботу пройдзе слінгапарад. А на наступным тыдні мы правядзём слінгабарахолку.

Больш інфармацыі можна пачытаць вось тут.

Воля Афіцэрава

Каментары
хамса ў та-маці / Адказаць 21.09.2017 / 16:10

>Ва ўсім трэба прытрымлівацца балансу — гэта не рэлігія, не секта. залатыя словы) усе дзеці розныя.. і трэба ісці за дзіцём.. наш, як казала, 24 гадзіны ў суткі вісеў на цыццы.. дык я прызвычаілася трымаць яго ў цыццы адной рукой, а гатаваць для мужа другой) гэткі інвалід вайны))

0
Таццяна / Адказаць 21.09.2017 / 23:26

Да ну яго! Каторае дзіця ужо ў паўгады важыць восем кілаграмаў, а ў дзесяць месяцаў ледзьве ў вазок улазіць. Пакуль выгадуеш - парвешся і скрывееш, а дзіця так і будзе вісець на цыцке да двух гадоў. Заходзіла да мяне адна са слінгам - без мужавай дапамогі чаравікі развязаць не можа, адзенне пакамечанае. Дзе яно зручна? Лепш вазок - і рукі вольныя і прадукты падніз пакласьці можна і дзіця як чалавек спіць.

3
каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура