Праект партала
Тонус
20.09.2017 / 06:14
«Сёння вы храпяце, а заўтра можаце не прачнуцца». Гутарка з самнолагам пра храп2

Пра тое, чаму храп — гэта не жартачкі, калі ад яго можна памерці і якія прагрэсіўныя методыкі лячэння сёння прапаноўвае айчынная медыцына, у гутарцы з самнолагам і дырэктарам медыцынскага цэнтра «Вокамедсон» Андрэем Фурсам, які разам з калегамі першым у Беларусі пачаў вывучаць праблемы сну.

Андрэй Фурс.

«Наша Ніва»: Спадар Андрэй Аляксандравіч, храп — гэта хвароба?

Андрэй Фурс: Сам па сабе храп не з’яўляецца хваробай. Хутчэй, гэта сацыяльная праблема, якую трэба вырашаць, калі яна пачынае перашкаджаць жыццю іншых. Але пад храпам часцяком хаваецца такое захворванне, як соннае апноэ. Яго можна пачуць: чалавек спіць, храпе, як заўсёды, але раптам гук знікае. Калі ўважліва паглядзець на спячага ў гэты момант, то можна ўбачыць, што ён не дыхае, пасля адбываецца моцны ўсхрап — і «песня» працягваецца далей. У здаровага чалавека такіх прыпыненняў дыхання можа быць не больш за пяць за гадзіну. Лёгкая форма апноэ выяўляецца пры наяўнасці 15 паўз, сярэдняя — пры 25, ну а цяжкая — калі іх 25 і больш за гадзiну.

«НН»: То бок, калі чалавек проста храпе і гэта нікому не перашкаджае, можна не хвалявацца?

АФ: У тым і справа, што не заўсёды можна прасачыць дакладна, храп у пацыента ці ўжо лёгкая форма апноэ.

У любым выпадку лепш прайсці абследаванне, бо, калі ўсё ж гэта апноэ, працяглае сужыццё з дадзенай хваробай дрэнна ўплывае і на сэрца, і на галоўны мозг, і на ныркі.

Чалавек не высыпаецца, можа некалькі разоў за ноч наведваць прыбіральню, узрастае рызыка інфарктаў і інсультаў…

«НН»: Вось вы кажаце, што «храпуны» не высыпаюцца, а адкуль тады прымаўка пра храп, якая сцвярджае пра іх волатаўскі сон?

АФ: З’яўленне прымаўкі, відаць, звязанае з тым, што мацней спяць тыя, хто вельмі стаміўся. У глыбокай фазе сну ўзмацняецца і храп, бо мозгу цяжэй кантраляваць дыхальныя працэсы. Відавочна, што волаты стамляліся. Акрамя гэтага, яны добра сілкаваліся, а храп характэрны для магутных людзей.

«НН»: Чаму людзі ўвогуле пачынаюць храпці?

АФ: Канкрэтную прычыну вам ніхто не назаве. Храп — гэта гук, які ўзнікае падчас руху патоку паветра міма аслабленых сценак дыхальных шляхоў: яны пачынаюцца ад носа і цягнуцца да галасавых звязак. Верхні дыхальны шлях сфарміраваны выключна мяккімі тканкамі, там адсутнічаюць косткі, храсткі, а ёсць адны толькі мышцы, якія з цягам часу слабеюць. У выніку, як сцяг матляецца на паветры, так робяць і нашы звязкі, з характэрным для іх гукам.

«НН»: Як я зразумела, сценкі дыхальных шляхоў слабеюць з узростам, але храпуць жа не толькі сталыя людзі, але і маладыя, і нават дзеці. Чаму?

АФ: Сапраўды, перш-наперш храп звязаны са старэннем арганізма.

Ва ўзросце 70 гадоў храпуць прыблізна 80—90% людзей. Да 40 гадоў — 40% мужчын і 20% жанчын.

Адзін з фактараў, які прыводзіць да з’яўлення храпу, — гэта скрыўленне насавой перагародкі: горш працуе нос, ідзе высыханне слізістай. Другі фактар — курэнне і алкаголь, якія дрэнна ўздзейнічаюць на нашы клеткі. Часцей за астатніх храпуць людзі з залішняй вагой: тлушч назапашваецца не толькі каля жывата, але і на шыі, што перашкаджае паветру рухацца нармальна.

У дзяцей такая праблема ў большасці выпадкаў звязаная з павелічэннем лімфатычных вузлоў: зноў жа, яны перакрываюць верхнія дыхальныя шляхі, дзіця не можа карыстацца носам, таму адкрывае рот. Дапамагаюць малым дзецям аператыўным шляхам.

«НН»: Сваякі храпуноў адзначаюць, што непрыемныя гукі з’яўляюцца, калі чалавек ляжыць менавіта на спіне. Дык ці залежыць храп ад пазіцыі і ці трэба імкнуцца пераварочваць суседа па ложку?

АФ: Калі храп толькі-толькі з’явіўся, ён заўсёды пазіцыйна залежны. І першапачаткова, сапраўды, праяўляецца, калі ляжыш на спіне: у такім стане паднябенне правісае мацней, а само горла больш сціскаецца. Праўда, калі запусціць храп і не лячыць, хутка ён будзе чутны і ў іншых паставах. Праўда, ва ўсіх людзей гэта будзе прагрэсаваць з рознай хуткасцю.

«НН»: А калі я пакуль не храпу, магу зрабіць нешта, каб гэтага не адбылося са мной і ў будучыні?

АФ: У інтэрнэце існуе шмат відаў гімнастыкі: высоўваць-засоўваць сківіцу, пець літару «і» і гэтак далей. Праўда, такім чынам мы можам трэніраваць толькі знешнія мышцы шыі, падцягваць іх, а ўнутраную мускулатуру — не. Карысны эфект мае месца быць, але каб ён быў заўважны, такія практыкаванні трэба рабіць часта: цягам 10—15 хвілін некалькі разоў у дзень.

«НН»: Ці існуе статыстыка, колькі смерцяў адбываецца праз соннае апноэ?

АФ: Дакладнай статыстыкі па гэтай тэме няма, бо не заўсёды можна выявіць, па якой прычыне адбылася нечаканая смерць, асабліва калі чалавек раней не праходзіў абследаванні на соннае апноэ.

Аднак вядома дакладна, што жыццё большасці поўных людзей ва ўзросце, калі яны храпелі, перапыняецца менавіта падчас перарываў у дыханні. Акрамя гэтага, калі ў пацыента выявілі цяжкую форму соннага апноэ, рызыка смяротнага зыходу ў шэсць разоў вышэйшая, чым у здаровых людзей такой самай узроставай групы.

«НН»: Мы тут абмяркоўваем досыць жудасныя рэчы, але на справе правяраць свой храп ідуць толькі адзінкі беларусаў. Чаму так?

АФ: Мы ўсё яшчэ недастаткова гаворым пра храп як пра небяспечную з’яву. Сітуацыя з гэтым ужо не такая сумная, як сем гадоў таму, аднак да гэтага часу шмат беларусаў не ўспрымае храп як праблему. А спецыялісты, профіль хвароб якіх можа быць звязаны з гэтай з’явай, не заўсёды агучваюць гэта. Кардыёлаг, хутчэй, выпіша таблеткі ад ціску, а пасля, калі яны перастануць дапамагаць, павялічыць дазіроўку. Усё гэта замест таго, каб дадаткова адправіць на дыягностыку соннага апноэ. Хаця ў той жа Еўропе ці ЗША ніколі не будуць лячыць сэрца, пакуль не правялі дыягностыку апноэ.

Мужчын на лячэнне выганяюць жонкі, яны ідуць у бальніцу з-пад палкі, робяць аперацыю з насечкамі на паднябенні, і не думаюць, што пад храпам, з якім пражылі ўжо шмат гадоў, хаваецца цэлы букет іншых захворванняў.

Практыка паказвае, што аператыўнае лячэнне дапамагае справіцца з храпам толькі на кароткі час, прыблізна праз паўгода праблема вяртаецца, аднак мужчына другі раз ужо наўрад ці захоча ісці ў бальніцу.

«НН»: Чаму тады людзі вырашаюцца на аперацыі?

АФ: Бо сёння гэта адна з самых распаўсюджаных методык лячэння соннага апноэ. Хаця, калі зноў казаць пра ЗША, дзе, у адрозненне ад нас, існуе цэлае паняцце медыцыны сну, аперацыі пры цяжкай форме соннага апноэ ўвогуле забароненыя: на выхадзе яны не даюць ніякага працяглага эфекту.

«НН»: А які метад лячэння цяпер з’яўляецца найбольш эфектыўным?

АФ: СІПАП-тэрапія. Апарат, які нагнятае паветра ў дыхальныя шляхі пад невялікім ціскам, за кошт чаго мяккія тканкі рассоўваюцца, і храп спыняецца. Гэта вельмі эфектыўная рэч, якая дапамагае амаль у 100 працэнтах выпадкаў. На фоне карыстання апаратам часцяком сыходзяць іншыя праблемы: так, наладжваецца сон, людзі скідваюць лішнюю вагу, змяншаецца ціск і гэтак далей.

Адзіны мінус такой тэрапіі — тое, што чалавеку прыходзіцца спаць у масцы. І гэта не часова, а амаль на ўсё жыццё. Перапынкі ў выкарыстоўванні апарату можна рабіць толькі ў момант вандровак, камандзіровак ці месячнага адпачынку, напрыклад, не больш.

І тут спрацоўвае наша псіхалогія: як гэта я буду спаць у нейкай там масцы, гэта ж нязручна! Таму з тых 15 чалавек, якія штомесяц прыходзяць да нас на дыягностыку, на тэрапію пагаджаюцца толькі 1—2. Але калі ў вас гіпертанія, вы пастаянна будзеце піць таблеткі, калі дыябет — калоць інсулін, калі вам, не дай божа, адрэзала нагу — вы ўсё жыццё вымушаны хадзіць з пратэзам ці кастылём.

Мне здаецца, апарат на ноч — гэта куды менш дыскамфортная рэч.

Зноў прывяду прыклад ЗША: страхавыя кампаніі там бясплатна выдаюць пацыентам СІПАП-апараты. І калі ў чалавека цяжкая форма апноэ, а ён адмаўляецца ад тэрапіі, яго нават не пусцяць за руль: ён дрэнна спіць, а значыць, можа заснуць на дарозе, а гэта ўжо небяспечна для іншых.

«НН»: Няўжо не прыдумалі нічога лепш, раз людзям не падабаецца спаць у масцы?

АФ: Сама СІПАП-тэрапія з’явілася не так даўно: методыку ў 1985 годзе прыдумалі аўстралійцы. Цяпер вучоныя працуюць над нечым кшталту мікрачыпаў, якія можна будзе ўжыўляць у арганізм, як робяць са штучным кіроўцам рытму для сэрца. Але пакуль СІПАП-тэрапія — гэта адзіны эфектыўны сродак супраць храпу.

«НН»: А што рабіць, калі на лячэнне зусім няма грошай, а храп з жыцця прыбраць хочацца?

АФ: На жаль, у нашай краіне амаль адсутнічае страхавая медыцына, і нават аперацыі ў гэтай галіне платныя. У любым выпадку гэта не такія вялікія цэны.

Чалавек лёгка бярэ крэдыт на мікрахвалёўку, а на здароўе чамусьці шкадуе. Лячыцца трэба. Як паказвае практыка, калі не займацца цяжкімі формамі апноэ, усё можа скончыцца дрэнна.

Так, самая драматычная гісторыя ў мяне звязаная з жанчынай, якая прыйшла да нас на дыягностыку, мы ўстанавілі цяжкую форму апноэ. Яна не захацела паспрабаваць лячыцца з дапамогай апарата. Жанчына зрабіла аперацыю, пасля — яшчэ адну. Праз некалькі гадоў яна патэлефанавала мне, плакала і тэрмінова прасіла сабе апарат: паведаміла, што знаходзіцца ў бальніцы, перажыла клінічную смерць… У выніку яна памерла, не вытрымала сэрца: калі праблема цягнецца дзесяцігоддзямі, дапамагчы чалавеку, вярнуць яму здароўе цяжка.

Нават ад заможных кліентаў можна пачуць: вось я дабудую дом, з’езджу ў Тайланд — тады прыйду лячыцца. Але любая ноч — гэта новая імавернасць памерці, майце гэта на ўвазе.

10 пытанняў, адказаўшы на якія вы зможаце даведацца, ці трэба вам звяртацца да самнолага, каб не стаць героем падобных кліпаў

Галоўным хітом гэтага года музыкальныя крытыкі назвалі песню пуэртарыканскага музыканта Луіса Фонсі «Despacito». На яе зрабілі шмат кавераў, але адным з самых крэатыўных стаў варыянт перуанкі, якая цягам некалькі гадоў здымала храп мужа, а пасля з дапамогай пляменніка стварыла з гэтага храп-версію песні «Despacito».

  1. Вы храпяце?
  2. Прачынаецеся ўначы ад ўдушша ці сэрцабіцця?
  3. Часта ходзіце ноччу ў туалет?
  4. Раніцай вы прачынаецеся «разбітым», у вас баліць галава?
  5. Днём пакутуеце ад залішняй санлівасці? Засынаеце за рулём? Засынаеце пасля ежы?
  6. Вы не можаце ні на чым сканцэнтравацца?
  7. У вас павялічваецца вага?
  8. У вас павышаны артэрыяльны ціск?
  9. Маеце праблемы з сэрцам? Сэрцабіцце, зрывы рытму, хуткая стамляльнасць пры фізічных нагрузках?
  10. Вы назіраеце зніжэнне патэнцыі?

Калі хаця б на тры пытанні вы адказалі станоўча, вам лепш пракансультавацца ў спецыялістаў па храпу.

УНП 191126676
ТАА «Окомедсон»

Гутарыла Кацярына Карпіцкая, фота аўтара

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура