Праект партала
Рост
18.09.2017 / 13:20
Ад Мацяш да Багінскай: топ-5 Нінаў12

18 верасня — дзень запуску «Нашай Ніны». З гэтай нагоды мы ўзгадалі найбольш вядомых жанчын з імем Ніна.

Ніна Стужынская

Даследчыца легендарных асоб і сама жывая легенда.

Гісторык Ніна Стужынская насмелілася адкрыць адну з самых забароненых тэм беларускай гісторыі — тэму паўстанцкага руху 1920-х. Яна вярнула імёны дзясяткаў смелых людзей — атаманаў, паўстанцаў, падпольшчыкаў, — якія не хацелі мірыцца з усталяваннем савецкай улады на сваёй зямлі. Прычым у яе кнігах гэта не шаблонныя «барацьбіты», а жывыя людзі — з заганамі, сем'ямі, каханнямі, здрадамі… І побач з мужчынамі на роўных дзейнічаюць жанчыны.

Нінэль Шчасная

Нінэль Шчасная. Аўтапартрэт. Сонца яшчэ не зайшло. 1998.

Стваральніца непаўторнага стылю. Карціны мастачкі Нінэль Шчаснай — неймаверныя. Яны аб’ёмныя, пульсуючыя, яе стыль быў прарыўным, рэвалюцыйным у 1970—80-я. І сама Нінэль была адной з самых яскравых жанчын свайго часу — лёгкай, сапраўды багемнай, аж часам шакавала звыклае да партапаратнай шэрасці асяроддзе.

Дзіва што яе спадарожнікамі былі самыя незвычайныя мужчыны свайго часу — напрыклад, знакаміты драматург Андрэй Макаёнак.

Ніна Багінская

Сімвал барацьбы за грамадзянскія правы.

Гэту крохкую жанчыну ведаюць усе, хто хоць калі-небудзь удзельнічаў у патрыятычных акцыях і шэсцях у Мінску. Яе спрабавалі зламіць: затрымлівалі, судзілі, штрафавалі, канфіскавалі маёмасць — але дарэмна.

Яшчэ спадарыня Ніна заўжды вельмі стылёва апранаецца на акцыі.

Ніна Мацяш

Тонкая лірычная паэтка.

Гэта яна аўтарка раманса «Я не кахаю вас, я вас люблю».

Мала хто ведае, што яна перакладала з французскай мовы. І, напрыклад, «Маленькага прынца» Сэнт-Экзюперы мы маем у яе перакладзе.

Ніна Рычы

Не, гэта не танная сенсацыя. Беларускіх каранёў у знакамітай італьянскай мадэльеркі няма (прынамсі, на першы погляд). Але хіба ж ад гэтага яна і створаны ёй рамантычны, выкшталцоны, поўны пяшчоты і жаноцкасці стыль нам менш дарагі?

Nina.nn.by

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура