Праект партала
Тонус
19.09.2017 / 15:57
«Балюча глядзець, колькі стала касалапых дзяўчат!» — міфы і праўда пра варыкоз

Капілярныя «сетачкі», сасудзістыя «павучкі» ці «зорачкі» на нагах, перыядычныя ацёкі — па сусветнай статыстыцы бліжэй да 40 гадоў з такімі «сюрпрызамі» сутыкаюцца амаль 70 працэнтаў насельніцтва. Нядзіўна, што варыкоз, ці пашырэнне вен ног, нават называюць эпідэміяй.

Чаму ўсё больш людзей на яго хварэюць, чым небяспечныя абцасы і абутак на плоскай падэшве, і якімі міфамі пра варыкоз забітая наша галава — пра гэта наша гутарка з флеболагам медыцынскага цэнтра «Ладэ» Сяргеем Перапяліцай, які займаецца аперацыямі на венах больш 35 гадоў.

Флеболаг Сяргей Перапяліца.

«Наша Ніва»: Сяргей Іванавіч, некаторыя людзі заўважаюць у сябе праблемы з нагамі, але не лічаць гэта падставай для таго, каб наведаць доктара. Калі ногі выглядаюць непрыгожа — апранаюць доўгую спадніцу ці нагавіцы і працягваюць цярпець перыядычны боль далей. У які момант трэба з гэтым заканчваць і ў абавязковым парадку ісці да спецыялістаў?

Сяргей Перапяліца: Адразу, як толькі заўважылі візуальнае пашырэнне вен, ці тое, што ногі пад канец дня пачалі ацякаць, а па начах непакояць сутаргі. Трэба брацца за лячэнне варыкозу на ранніх стадыях, бо калі гэта выльецца ў самае цяжкае ўскладненне — язву ці злаякасную пухліну, дапамагчы пацыенту будзе вельмі складана, дорага і балюча. Прычым больна чалавеку будзе і днём, і ноччу. У другім выпадку ногі могуць нават ампутаваць.

«НН»: У вашай практыцы былі такія людскія трагедыі?

СП: У маёй, на шчасце, не. Але мне прыходзіцца працаваць з яшчэ адным цяжкім ускладненнем варыкозу — тромбаэмбаліяй лёгачнай артэрыі.

З такім дыягназам чалавек можа сысці з жыцця літаральна за 5 хвілінак, нават калі знаходзіцца ў рэанімацыі, бо тромбы, часцей за ўсё, узнікаюць у глыбокіх венах, якія цяжка ўбачыць ці намацаць. А калі сыходзяць пацыенты — гэта вельмі цяжка ў маральным плане для любога хірурга.

«НН»: Лічыцца, што дадзеная хвароба «маладзее», і ад яе пакутуе ўсё большая колькасць сучасных людзей? Чаму?

СП: У цэлым, варыкозная хвароба перадаецца нам у спадчыну з пакалення ў пакаленне і, у нейкім сэнсе, з’яўляецца расплатай за тое, што мы ходзім прама: вертыкальнае перамяшчэнне ўплывае на адток крыві ад ніжніх канечнасцяў: сценкі вен адчуваюць пастаянны ціск слупа крыві, які ўздымаецца да сэрца. Дадаткова адток крыві парушаецца ў офісных супрацоўнікаў, а таксама спецыялістаў, якія працуюць на нагах — настаўнікаў, бармэнаў, цырульнікаў і гэтак далей.

Варыкоз таксама называюць хваробай цывілізацыі. Маларухомы лад жыцця, нерацыянальнае харчаванне, цесныя абутак і адзенне — за ўсё гэта эканамічна паспяховы краіны расплачваюцца сваім здароўем.

Гэтым у нейкай ступені тлумачыцца тое, чаму варыкоз куды менш распаўсюджаны у краінах Афрыкі і Азіі, а ў карэнных жыхароў Аўстраліі — увогуле рэдкасць.

У апошні час сярод прычын варыкозу асобна разглядаюць злоўжыванне гарманальнымі прэпаратамі.

На фоне выкарыстоўвання іх у якасці супрацьзачаткавых ці сродкаў карэкціроўкі цыклу, з’яўляецца вялікі працэнт пацыентак з трамбатычнымі паражэннямі.

80 працэнтаў усіх пацыентаў, якія прыходзяць да мяне на прыём, — гэта жанчыны: іх палавыя гармоны граюць сваю ролю, а дзеці не даюцца проста.

Падрыхтоўваючы арганізм да родаў, гармоны робяць злучальную тканку расцягнутай і гнуткай да павышэння ціску, не атрымліваецца выстаяць і сценкам вен. Калі гэта не першая цяжарнасць, то рызыка сустрэцца з паталогіяй павялічваецца ў разы. І добра, што большасць кабет не зацягвае з праблемай, а на ранніх стадыях прыходзіць на прыём. Увогуле, магу пахваліць маладое пакаленне. Сучасная моладзь куды больш актыўна, чым іх бацькі, цікавіцца сваім здароўем.

«НН»: А чаму мы пастаянна чуем толькі пра праблемы ног, вены ж ёсць і ў іншых частках цела?

СП: Сапраўды, гэта не толькі пра ногі, але і пра тазавыя вены, гэта пра гемарой. Мала таго, захворванне часцяком спалучаецца з плоскаступнёвасцю, грыжамі. У варыкозу ёсць узаемасувязь і з пралапсам мітральнага клапана, шматлікімі захворваннямі суставаў… Пра ногі кажуць часцей толькі таму, што на іх наступствы адразу бачныя і моцна адчуваюцца.

«НН»: Сярод асноўных прычын варыкозу вы называлі генетычныя, то бок, калі гэта перадаецца ад бацькоў дзецям. Калі малады чалавек ведае, што ён у групе рызыкі, ён можа выпрацаваць нейкі план, каб пазбегнуць хваробы?

СП: Канешне, можна старацца пазбягаць статычных нагрузак, можна спаць так, каб пяткі былі на ўзроўні патыліцы, практыкаваць расліннае харчаванне, бо рэмадаліраванне вянознай сценкі ідзе за кошт раслінных валокнаў, рабіць розныя «практыкаванні» («нажніцы», «ластаўкі»), займацца ёгай, гідрааэробікай, якая добра здымае вянозныя застоі…

Аднак калі ў абодвух бацькоў быў варыкоз — верагоднасць яго ўзнікнення ў дзяцей будзе складаць 90 %, калі ў каго-небудзь аднаго — 50 %. І ў выніку ўсё роўна прыйдзецца звяртацца да доктара.

Праўда, калі ваш лекар сцвярджае, што лёгка вылечыць вас ад варыкозу — ён ці вар'ят, ці шарлатан. Пакуль генная інжынерыя не дабярэцца да нашага коду, нам хваробу не перамагчы. Але яе можна падлечваць і трымаць пад кантролем. Для розных стадый хваробы — свае спосабы: прымяненне лекавай тэрапіі — спецыяльных прэпаратаў-венатонікаў, кампрэсійных медыцынскіх вырабаў (эластычных панчох, калготак), ці хірургічнае ўмяшанне.

«НН»: Як спецыяліст ацаніце, калі ласка, ногі беларусаў.

СП: Як спецыялісту мне асабліва балюча глядзець на дзяўчат, якія пастаянна ходзяць на занадта высокіх абцасах, а таксама у красоўках ці кедах на плоскай падэшве. Як вынік — паглядзіце, колькі ў Мінску стала касалапых дзяўчын! Гэтай праблемай, канешне, хай артапеды займаюцца, але, як я ўжо казаў раней, няякасны абутак — гэта таксама адзін з фактараў рызыкі для развіцця варыкознай хваробы.

«НН»: Нягледзячы на тое, што пра варыкоз сёння часта пішуць у СМІ, ці сутыкаецеся вы з нейкімі небяспечнымі міфамі пра хваробу?

СП: Да такой лухты адносіцца рэклама новых крэмаў і мазяў, якія нібыта дапамагаюць пры варыкозе і нават яго вылечваюць. Акрамя гэтага, у людзей існуе меркаванне, што рабіць аперацыю пры варыкозе бессэнсоўна, бо сапсаваныя вены зноў з’явяцца там жа, дзе і былі. Гэта частковая праўда: калі аперацыю робіць сапраўдны спецыяліст, то шанцы на рэцыдыў мінімальныя. Праўда, усяго адной аперацыяй стопрацэнтных вынікаў не дасягнуць ніколі: схільнасць да фарміравання новых варыкозных вен у чалавека захоўваецца на ўсё жыццё. Таму, каб жыць камфортна, яму трэба будзе назірацца ў доктара два разы на год, праходзіць лекавую тэрапію і гэтак далей.

Няправільна таксама лічыць, што хірург агульнага профілю здолее паспяхова прааперыраваць чалавека з варыкозам: такіх віртуозаў, майстроў на ўсе рукі, існуе мала. Вены — гэта вельмі вузкая галіна сасудзістай хірургіі. Тут шмат нюансаў, якія агульныя хірургі проста не могуць ведаць.

«НН»: І куды ж звяртацца за дапамогай, калі жывеш у правінцыі? Флеболагі-хірургі працуюць не ва ўсіх бальніцах.

СП: Лепш ехаць у сталіцу. Выдатная школа флеболагаў таксама ў Віцебску, добрыя спецыялісты працуюць у Брэсце. Нашы медыцынскія ўніверсітэты даўно займаліся гэтай тэмай, таму мы маем крутых прафесіяналаў: нездарма ў Беларусь прыязджае лячыцца досыць шмат замежнікаў з Расіі, Ізраіля, ЗША, Канады, Аўстраліі. Тым больш, у нас такія паслугі каштуюць разоў у 10 менш.

«НН»: Хірургія здолее калі-небудзь перамагчы варыкоз?

СП: Можа, нехта і не ведае, але методыку склератэрапіі (калі хвораму ў вену ўводзяць спецыяльны раствор), якую мы выкарыстоўваем для лячэння паталогіі сасудаў вен, прапанаваў яшчэ Гіпакрат. Проста цяпер гэта адбываецца на новым узроўні ды з іншымі прэпаратамі.

Не так даўно хірургі рабілі электракаагуляцыю вен, цяпер мы працуем з лазерам — і гэта вельмі малатраўматычны і высокаэфектыўны метад, дзесьці хутка з’явіцца плазменнае лячэнне…

Заглядаючы далёка, калі ў гэтай галіне і будуць новыя дасягненні, то, хутчэй за ўсё, толькі дзякуючы генетыкам ці фізікам.

Гутарыла Кацярына Карпіцкая, фота аўтаркі

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура